Феерычны шквал атак. “ПМЦ-Паставы” — “Дзвіна-Барс” (Верхнядзвінск) — 14:1

Спорт

Ужо ў пачатку сустрэчы настрой у гасцей стаў вельмі сумным, бо за 12 стартавых хвілін пастаўчане змаглі давесці лік на табло ўтульнага стадыёна ПМЦ да разгромнага — 3:0. Вопытны, фізічна моцны сапернік планаваў арганізаваць шчыльную, насычаную абарону і разлічваў праводзіць імклівыя контратакі. Аднак усе гэтыя разлікі перакрэсліла феерычная гульня гаспадароў, якія выставілі свой самы аптымальны склад, і  ўпершыню — адразу з трыма высунутымі наперад нападаючымі. Ні спорны дождж у самым пачатку матча, ні моцны сустрэчны вецер не перашкодзілі камандзе “ПМЦ” развіць са стартавым свістком вельмі вялікія хуткасці.

Каля задняй лініі “Дзві­ны-Барса” сталі ўтварацца свабодныя зоны, яе абаронцы пачалі дапускаць пазіцыйныя памылкі і проста не паспявалі за перамяшчэннямі праціўніка. 3 інтэрвалам у некалькі хвілін Арцём Цітовіч тройчы на высокай хуткасці прарываўся на ўдарную пазіцыю і прымусіў варатара саперніка дастаць мяч з сеткі сваіх варот. Потым Арцём змог правесці яшчэ два прыгожыя галы. Пасля гэтага націск пастаўчан яшчэ больш узмацніўся, і ў складзе «ПМЦ» пачаў салі­раваць таварыш Арцёма па амплуа Андрэй Вілейта. Ён цяпер вучыцца ў сталіцы і паспяхова гуляе за мінскі “Прамень” у 2-й лізе чэм­піянату Беларусі, а падчас паўзы ў нацыянальным першынстве з натхненнем падтрымаў каманду роднага горада.

Гэты леташні выпускнік футбольнай акадэміі ў гульні з верхнядзвінцамі аддаў партнёрам чатыры галявыя перадачы і сам столькі ж разоў паспеў вызначыцца. Да перапынку на табло гарэлі ўжо лічбы 10:0 на карысць гаспадароў, у складзе якіх паспеў тройчы вызначыцца  пасля ўзорна разыграных камбінацый яшчэ адзін нападаючы, Раман Мядзве­дзеў.  Характар барацьбы мала змяніўся і ў другім тайме, хоць пастаўчане правялі серыю замен, далі пагуляць рэзервістам. Да гонару гасцей, яны працягвалі змагацца, і ў канцоўцы Андрэй Дубоўскі змог адыграць адзін мяч.

Але пасля гэтага каманда “ПМЦ”  яшчэ тройчы святкавала поспех, двойчы дабіўся ўзяцця варот вопытны Яўген Грантоўскі. Яго апошні мяч аказаўся адным з найпрыгажэйшых і быў забіты ў падзенні галавой. Вельмі цёпла стадыён падзякаваў за звышбуйную перамогу Прыходзьку, Танану, Дубіну, Жарскаму (Курыловічу), Жылевічу  (Місніку), Якаўлеву (Голубеву), Карагу (к., Шурко), Зелянкевічу, Мядзведзеву (Павінічу), Цітовічу (Я. Грантоўскаму), Вілейту.

Пасля першага круга лідарам першынства застаўся з 16 ачкамі ФК “Лепель”, які на сваім полі з лікам 2:0 перамог у канцоўцы каманду Докшыц. Футбалісты Глыбокага дома з лікам 1:0 адолелі каманду Міёр і выйшлі на 3-е месца з 11 ачкамі. На выездзе «Полацкгаз» дабіў­ся буйной перамогі з лікам 4:0 над футбалістамі Шаркаўшчыны і ідзе другім. Наша каманда пакуль шостая ў чэмпіянаце вобласці, толькі на 3 ачкі адстае ад глыбачан, але з такой моцнай гульнёй яна можа дагнаць групу лідараў.

Пасля перапынку пастаўчане ў жніўні пачнуць другі круг чэмпіянату вобласці дамашняй гульнёй з камандай Шаркаўшчыны.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.