Ганна Пракаповіч: “Люблю беларускае, мару вандраваць”

Общество

Два гады назад пастаўчанка Ганна Пракаповіч з залатым медалём закончыла сярэднюю школу №2 і паступіла на бюджэтную форму навучання ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, на факультэт маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва. Разумная, вельмі творчая і неардынарная, яна і спецыяльнасць выбрала такую ж, як сама, рэдкую — “Вытворчасць рэкламных аб’ектаў”. Пра свой прафесійны выбар, студэнцтва, захапленні і іншае дзяўчына ахвотна згадзілася расказаць чытачам “Пастаўскага краю”.

— Аня, чаму вырашыла стаць рэкламшчыкам?

— Выйшла ўсё так. Спачатку, заканчваючы 11 клас, я выбірала прадметы, якія буду здаваць. З матэматыкай і беларускай мовай лёгка вызначылася, а вось паміж фізікай і англійскай мовай вагалася. Урэшце спынілася на фізіцы, бо мая мама — фізік і магла дапамагчы мне лепш падрыхтавацца да іспыту па гэтым прадмеце. Тэсты напісала добра. А потым ужо кіравалася сваім жаданнем: хацела, каб гэта была не проста інжынерная спецыяльнасць, а звязаная з мастацтвам, паколькі я малюю, фатаграфую. Стрыечная сястра Юля, якая на той час вучылася ў БНТУ на факультэце маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва на маркетолага, падказала, што можна паступіць на рэкламу. Што я ў выніку і зрабіла.

— І якія перспектывы адкрывае твая спецыяльнасць?

— Атрымаўшы дыплом, я магу пайсці працаваць практычна на любое прадпрыемства — як дзяржаўнае, так і прыватнае, дзе патрабуюцца рэкламшчыкі, або ў рэкламнае агенцтва. Поле дзейнасці вельмі шырокае — ад самой ідэі рэкламы (прыдумаць штосьці цікавае) да яе ажыццяўлення (павесіць гатовы білборд). У той жа час пасля заканчэння ўніверсітэта мне прысвояць кваліфікацыю “інжынер”, таму работа неабавязкова павін­на быць звязана з рэкламай.

— Раскажы, калі ласка, пра сваю вучобу і студэнцтва. Як яны праходзяць?

— Як і ў большасці студэнтаў, вучоба займае амаль увесь час. Першыя два гады мы вывучалі ў асноўным агульныя дысцыпліны — гуманітарныя і інжынерныя: дэталі машын, супрамат і інш. Было вельмі цяжка, асабліва напачатку. Многае не разумела. Калі прыязджала дамоў, з татам хадзілі ў гараж, разбіралі падшыпнікі, валы, а потым я сядала за курсавую работу і чарціла. Але пра тое, што паступіла на гэту спецыяльнасць, не шкадую. Вучуся добра — на 9 і 10 балаў. З нецярпеннем чакаю цікавых мастацкіх і спецыяльных прадметаў, якія павінны з’явіцца на трэцім курсе. Як нам казалі, будуць рэкламазнаўства, рэклама на тэлебачанні.

— Чым яшчэ, акрамя заняткаў ва ўніверсітэце, напоўнена тваё жыццё?

— Апошні семестр мы вучыліся ў другую змену. Часта вярталася дадому а дзясятай гадзіне вечара, а то і пазней, таму займацца чымсьці іншым, акрамя вучобы, было складана. Тым не менш старалася знайсці час, каб схадзіць у тэатр, кіно, на танцы. Нядаўна закончыла трохмесячныя курсы камерцыйнай фатаграфіі ў Інстытуце фатаграфіі ў Мінску і атрымала прафесійны разрад. Трапіла на іх як пераможца конкурсу “Свет вакол нас”, арганізаванага пастаўскім фотаклубам “Светосила”. Некалькі маіх работ прайшлі ў фінал гэтага конкурсу і былі выстаўлены спачатку ў Паставах, а потым у народным фотаклубе “Мінск”. Там іх заўважыў дырэктар Інстытута фатаграфіі і запрасіў мяне на курсы абсалютна бясплатна. Яны далі шмат прафесійнага вопыту і натхнення.

— Як даўно захапляешся фатаграфіяй?

— Вельмі даўно. Цяпер нават і не ўзгадаю, калі ўпершыню ўзяла ў рукі фотаапарат. Раней з задавальненнем фатаграфавала на “мыльніцу”. Жывучы ў непасрэднай блізкасці з прыродай, ля рэчкі Мядзелка, а таксама выязджаючы з бацькамі на лецішча ля возера Доўжа, хацелася занатаваць прыгожыя краявіды навокал і паказаць іх астатнім. Гэта ўсё больш падабалася рабіць, асабліва калі набыла добрую фотакамеру. Магчыма, маё захапленне перадалося ад дзеда, які ў свой час зарабіў фатаграфаваннем на матацыкл.

— Ты сказала, што ў вольны час ходзіш на танцы.

— Так, на беларускія народныя і сярэдневяковыя, якія арганізуе Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Калі на дварэ цёпла, яны праводзяцца прама на вуліцы, на Нямізе, у Верхнім горадзе. Там збіраецца шмат самых розных людзей — ад дзяцей да пенсіянераў. Сярод іх ёсць тыя, хто ўжо добра танцуюць, і навічкі, якія паўтараюць за імі ўсе рухі. Узімку танцы праводзіліся ў клубе, дзе ладзіўся “Дударскі фэст”. На яго кожны раз запрашаўся нейкі гурт, у складзе якога абавязкова ёсць дуда. Пра гэтыя заняткі я даведалася з інтэрнэту. На адным з сайтаў знайшла суполку, зацікавілася і запрасіла сяброў пайсці са мной.

— Ведаю, што ты закончыла ў Паставах мастацкую школу. Ці праяўляецца зараз талент мастака?

— Часу на тое, каб узяцца за пэндзаль, калі стала студэнткай, не так шмат. Але фарбы на паліцу не кладу, асабліва на канікулах. Мінулым летам захапілася партрэтамі алоўкам. Зараз спрабую маляваць ілюстрацыі да новай кнігі свайго дзядзькі Ігара Пракаповіча. Гэта будзе зборнік лімерыкаў — вершаваных гумарыстычных замалёвак пра краіны, нацыянальнасці і людзей. Гатовыя работы ўжо паказвала аўтару і атрымала яго адабрэнне.

— А якую музыку слухаеш і якія тэатры наведваеш?

— Найбольш падабаюцца фолк-рок і канцэрты таксама такога кірунку. Яны зараз дастаткова часта праводзяцца. З’яўляецца шмат цікавых беларускіх гуртоў і беларускамоўных у тым ліку, на выступленні якіх па магчымасці стараюся хадзіць. Сярод тэатраў асабліва падабаецца Купалаўскі. Была на некалькіх яго пастаноўках. Апошняе, што глядзела, — “Пан Тадэвуш”. Спектакль вельмі ўразіў эмацыянальнай акцёрскай ігрой.

— Што яшчэ любіш, чым захапляешся?

— Вельмі люблю вандраваць, адкрываць новыя мясці­ны і людзей. Раней вандравала з бацькамі. У асноўным па Беларусі — па гарадах і мястэчках. З блізкага замежжа была ў Расіі — Санкт-Пецярбургу і Маскве, дзе маем шмат сваякоў, у Літве, Украіне, некалькі разоў — у Польшчы, куды ездзіла ад гуртка польскай мовы. Сёлетняй зімой давялося пабываць у Германіі, Чэхіі і Аўстрыі. Гэта быў аўтобусны тур, якраз пад Новы год, які сустракалі ў Празе. Вельмі цікавая і захапляльная вандроўка!

— Ты, Аня, выдатна валодаеш беларускай мовай. Адкуль такое веданне і любоў да яе?

— Усё са школы. Пачынаючы з 5 класа, я ўдзельні­чала спачатку ў раённых, затым у абласных і рэспубліканскай алімпіядах па беларускай мове. Рыхтуючыся да іх, пісала водгукі, рабіла вусныя выказванні, у час спаборніцтваў мела зносіны з людзьмі, якія размаўлялі па-беларуску. І паступова вельмі спадабалася гэта гучанне, вымаўленне, гнуткасць, спеўнасць мовы. Калі ж пасля 10 класа з’ездзіла ў летнік “БЛІК” — Беларускай лігі інтэлектуальных каманд па гульні “Што? Дзе? Калі?”, дзе таксама было некалькі беларускамоўных дзяўчат і хлопцаў, вырашыла перайсці на родную мову ў паўсядзённым ужытку. Любові да яе і добраму валоданню ў многім пасадзейні­чалі мая настаўніца Тамара Мікалаеўна Захарэвіч, а таксама дзядзька Ігар Міхайлавіч Пракаповіч. Чытаючы яго вершы, здаецца, прапускаю мову праз сябе, яна гучыць зусім па-іншаму.

— Як ставіцца тваё акружэнне да таго, што размаўляеш па-беларуску?

— Сябры ўжо прывыклі і не ўяўляюць мяне рускамоўнай. Аднагрупнікі таксама. Цікава, што ў размове са мной кожны потым выкарыстоўвае якое-небудзь адметнае беларускае слова. Ва ўніверсітэце на гуманітарных прадметах адказваю таксама па-беларуску, і выкладчыкі ставяцца да гэтага вельмі прыязна. Напрыклад, у гэтым семестры здавала на беларускай мове сацыялогію. Што датычыць незнаёмых людзей, яны рэагуюць па-рознаму: камусьці падабаецца, а хтосьці здзіўляецца: “Ой, як гэта? Навошта гэта?” Але ж мы жывём у Беларусі і чаму павінны быць аднолькавымі з кімсьці? Можна быць адметнымі і адрознівацца ад іншых народаў.

— Ці часта прыязджаеш у Паставы?

— Адзін раз у два-тры тыдні. Я ўсё яшчэ не магу прывыкнуць да вялікага горада, і калі затрымліваюся ў ім даўжэй, так цягне на прыроду, на волю, да возера, рэчкі! Хочацца на рыбалку з татам. У нашай сям’і ўсе любяць вудзіць рыбу. Напэўна, таму, што жывём ля ракі. Рыбалка для нас — найлепшы адпачынак. Падабаецца сам працэс. Пойдзеш на кладку, возьмеш з сабой вуду, а калі рыба не ловіцца, можна і фарбы ўзяць, занатаваць прыгожыя краявіды.

— Чым яшчэ займаешся дома?

— У мяне ёсць малодшы брацік Мішка. Па ім я найбольш сумую ў Мінску. Калі прыязджаю ў Паставы, бяром веласіпеды, фотаапарат і кудысьці едзем. Так, нядаўна былі на манькаўскім вадаспадзе. Шмат чытаю. Кожны дзень праводжу з кніжкай, без яе, наогул, не ўяўляю свайго жыцця. Падчас вучобы гэта пераважна тэхнічная літаратура, летам — мастацкая. З замежных аўтараў асабліва падабаецца Рэмарк, перачытала амаль усе яго творы. З беларускіх люблю вершы Алеся Разанава, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, у прозе аддаю перавагу Васілю Быкаву і Уладзіміру Караткевічу.

— Аня, ты ва ўсіх сэнсах яркая асоба, якую немагчыма не заўважыць у натоўпе. І гэта датычыць не толькі колеру валасоў, але і стылю адзення. Выбрала яго наў­мысна?

— Зусім не. Гэта адбылося само сабой і звязана з маім светаўспрыманнем. Магчыма, ад любові да беларускасці — штосьці больш народнае, у прыватнасці доўгія спадніцы, ад захаплення мастацтвам — хэнд мэйд. Напрыклад, мне падабаюцца завушніцы. Раней рабіла іх сама з розных матэрыялаў.

— Табе ўсяго 19 гадоў — амаль усё жыццё напера­дзе. Пра што марыш?

— Пакуль мае мары — вандраваць. Асабліва хочацца пабываць у Іспаніі. Падабаюцца сама краіна і мова, якая здаецца мне вельмі прыгожай. Спадзяюся, праз некалькі гадоў змагу яе вывучыць і ажыццявіць свой намер. Хачу таксама паспяхова скончыць універсітэт і знайсці працу па душы, каб яна была цікавая і прыносіла задавальненне. Ну і, канешне, каб знайшоўся такі хлопец, які б падтрымліваў мае інтарэсы.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.