Гучала класіка ў палацы і ў касцёле

Культура

Штогод у рамках фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» на прыступках усходняга фасада палаца Тызенгаўзаў час паварочваецца назад, а гісторыя зліваецца з сучаснасцю. Менавіта такое ўражанне выклікае тэатралізаванае прадстаўленне «Музыка беларускіх палацаў і сядзіб».

Як і некалькі стагоддзяў таму, прыбраных дам і кавалераў, якія з’ехаліся на баль, вітаў гаспадар палаца — граф Антоній Тызенгаўз. Сёлета даставіць гасцям асалоду ад чароўных гукаў музыкі былы ўладальнік горада запрасіў народны ансамбль старадаўняй музыкі «Віяліна» і народны ансамбль народных інструментаў «ArtGame-квінтэт».

Распачаў музычную імпрэзу ансамбль «Віяліна» з Фарынаўскага цэнтра культуры і вольнага часу (Полацкі раён). У выкананні калектыву прагучалі шэдэўры рускай, айчыннай і замежнай класікі, а таксама музычныя п’есы «Успамін пра Ветрына» і «Настрой». Іх аўтар — наваполацкі кампазітар Віктар Малых, які ўжо не першы год з’яўляецца членам журы фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». У залежнасці ад мелодыі выступленне квартэта абуджала ў гледачоў разнастайную гаму эмоцый, адкрывала бяздонную глыбіню і незвычайнае хараство сусветнай класічнай музыкі. Але сапраўдны фурор выклікала выступленне ансамбля «ArtGame-квінтэт» дзяржаўнай установы адукацыі «Урыцкая дзіцячая школа мастацтваў імя братоў Крычаўцовых» Гомельскага раёна. Адметнасць гэтага калектыву ў тым, што ён выконвае класічную музыку на народных інструментах. Ад гэтага такія сусветнавядомыя творы, як вальс «Пад небам Парыжа» Юбера Жыро, лезгінка Арама Хачатурана, «Менуэт і фуга» Альфрэда Шнітке і іншыя не толькі не гублялі сваёй прывабнасці і пазнавальнасці, але і набывалі непаўторнае гучанне, асаблівую афарбоўку і яскравасць. Не менш віртуозна і чароўна ў выкананні музычнага калектыву прагучала папуры з беларускіх народных песень.

— Тэатралізаваныя прадстаўленні ля палаца займаюць асобнае месца ў фестывальнай праграме. Яны заўсёды напоўнены незвычайнай энергетыкай і дораць сапраўдную асалоду гледачам. Сёння музыканты не толькі паказалі дасканалае выканальніцкае майстэрства, але і далі магчымасць усім нам дакрануцца да сапраўднага музычнага мастацтва, падарылі незабыўныя імгненні сустрэчы, — агучыў агульную думку прысутных намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў.

У нядзелю канцэрт класічнай музыкі адбыўся ў касцёле. Пачуць незвычайнае хараство арганнай музыкі прыйшлі мясцовыя жыхары, ­удзельнікі фестывалю, ганаровыя госці свята. Сярод іх — народны артыст Беларусі М. А. Ка­зінец, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва «За духоўнае адраджэнне» М. І. Була, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь А. Я. Крамко, кампазітар В. Л. Малых, былы начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама М. П. Пашынскі і намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд культуры» Т. І. Стружэцкі. Адкрываючы канцэртную праграму, Тадэвуш Іванавіч адзначыў:

— Сёлетні фестываль юбілейны, 25-ты па ліку. Мы ўзгадваем яго самыя яскравыя моманты і падзеі, а таксама тых людзей, якія стаялі ля яго вытокаў. На жаль, некаторыя з іх ужо пайшлі з жыцця. Гэта старшыня Пастаўскага райвыканкама Васілій Чэпік, кампазітар Мікалай Пятрэнка, рэжысёр Уладзімір Таран, музыкант Уладзімір Гром, балетмайстар Іван Серыкаў, выкладчыца Беларускага ўніверсітэта культуры Валянціна Трамбіцкая і іншыя. Дзякуючы іх таленту і апантанасці фестываль набываў моц і прыгажосць. Сённяшні канцэрт — у тым ліку і прысвячэнне іх памяці.

Класічныя музычныя творы на аргане выконвала лаўрэат міжнародных конкурсаў салістка Полацкай канцэртнай залы «Сафійскі сабор» Ксенія Пагарэлая, якая з’яўляецца адной з яркіх прадстаўніц арганнай і фартэпіяннай школы, вядзе актыўную канцэртную дзейнасць.

Штогод арганістка дае каля 300 канцэртаў, з’яўляецца арганізатарам адзінага ў Беларусі Міжнароднага арганнага фэсту «Званы Сафіі», удзельніцай праекта «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва», міжнародных арганных фестываляў у Заходняй Еўропе. Ксенія Пагарэлая — Ганаровы грама­дзянін г. Полацка, узнагаро­джана медалём Францыска Скарыны. У яе выкананні ўзоры сусветнай класікі гучалі надзвычай хвалююча, дарылі хвіліны радасці і духоўнага ўзвышэння.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.