І ажылі паданні. У Паставах святкавалі Купалле (+фота)

Культура

За некалькі гадзін да пачатку святкавання Купалля ў Паставах нарэшце прайшоў моцны дождж, якога чакалі даўно. Пасвяжэла паветра, пачысцела наваколле. Гэта асабліва адчувалася ў гарадскім парку. Тут і разгортваліся асноўныя дзеі свята. Некаторыя з іх, дзякуючы работнікам цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, “ажылі” на сцэне амфітэатра.

Шматлікіх гледачоў (а ў парку сабралася некалькі соцень чалавек, у тым ліку дзяўчаты ў купальскіх вяночках, сплеценых з лугавых траў і палявых кветак) віталі Несцерка, Купалеж і Купалінка, фальклорны ансамбль Юнькаўскага СДК, у выкананні якога прагучала некалькі купальскіх аўтэнтычных песень. Не абышлося прадстаўленне без “ведзьмаў”. У іх ролі ўжыліся культработнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дунілавіцкага СДК.

На некалькі хвілін гаспадарамі сцэны сталі ўдзельнікі этнаграфічнай гульні “Яшчар”, якая ў даўнія часы была вельмі распаўсюджанай і папулярнай сярод моладзі Пастаўшчыны. Яе галоўны герой — самы прыгожы і кемлівы хлопец, акружаны колам дзяўчат. Падчас карагоду ён спыняе свой позірк на той, што асабліва спадабалася, і забірае вянок. Потым яго трэба было выкупліваць, выканаўшы песню або парадаваўшы гледачоў іншымі дзеямі. Цікавымі атрымаліся і іншыя гульні.

Купальскія традыцыі перамяжоўваліся сучаснымі песнямі і танцамі. Суправаджалі вясёлыя “падарожжы” гледачоў і самадзейных артыстаў вядучыя Таццяна Карпава і Віялета Лешчык. Парадавалі выканаўцы Дзяніс Круглоў, Наталля Гутар, Дзмітрый Лешчык, Дар’я Румянцава, Дар’я Гагалінская, Кацярына Жук, Анастасія Брысь, Яўгенія Бяляўцава, Вольга Нікалаева, Вольга Вежан і іншыя.

Завяршылася Купалле традыцыйным вогнішчам. Засталіся надзеі на тое, што ўсё загаданае ў чароўную ноч абавязкова збудзецца.

no images were found

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.