Кітайцы будуюць па Пастаўшчыне падстанцыю


Ля вёскі Бірвіта, што на мяжы Пастаўскага і Браслаўскага раёнаў летась разгарнулася будоўля. Кітайская кампанія “NCPE” да лістапада 2016 года ўзвядзе тут высокатэхналагічную падстанцыю, якая звяжа існуючыя электрычныя сеткі з будучай беларускай атамнай станцыяй у Астраўцы.

Непасрэдна да ўзвядзення аб’­екта будаў­нікі з Паднябеснай прыступілі ў чэрвені 2015 года. Гэтаму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. За непрацяглы час кітайскія спецыялісты пабудавалі побач з пляцоўкай жылы комплекс больш чым на 200 чалавек, офісныя памяшканні. Падчас майго прыезду яны пуставалі — усе шчыравалі на аб’екце. Экскурсію па месцы працы і адпачынку замежных работнікаў правялі каардынатар будоўлі падстанцыі “Паставы-330” Станіслаў Іванавіч Анкудовіч і перакладчык Чы.

У дзясятку офісаў ёсць усё неабходнае для работы і дзелавых перагавораў — мэбля, ноўтбукі, вялікая зала пасяджэнняў (на аб’ект нярэдка прыязджаюць  кіраўніцтва і прадстаўнікі рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў “Гроднаэнерга”, які з’яўляецца яго заказчыкам, “Віцебскэнерга”, “Белэнергасеткапраект”). У пакоях інтэрната ўсё проста, але зручна. Маецца асобны пакой для адпачынку, дзе тэлевізар трансліруе кітайскае тэлебачанне. Ежу гатуюць два кітайскія повары. У жылым комплексе будаўнікі (сёння іх тут 50) часу праводзяць няшмат: працуюць без выхадных, па 8 гадзін у дзень. Праўда, калі дазваляе надвор’е.

Побач устаноўлена робатызаваная бетонамяшалка, узведзены драўляны цэх.

— Будоўля вельмі маштабная і адказная, — расказваў Станіслаў Іванавіч, калі мы перайшлі на нядаўна падрыхтаваную пад аб’ект пляцоўку. —  На падстанцыі будуць устаноўлены два трансфарматары магутнасцю 125 мегават кожны. Яна стане адной з самых тэхналагічных, высокааснашчаных у краіне. Абслугоўваць яе будуць пастаўчане, па папярэдніх даных, штат складзе каля 20-30 чалавек. Да падстанцыі будуць падведзены сем ліній электраперадач напружаннем 330 кВ. Па дзвюх лініях будзе ажыццяўляцца сувязь з Беларускай АЭС, па трох электра­энергія будзе экспартавацца ў Літву і іншыя краіны, дзве іншыя злучаць з энергасістэмай Беларусі.

Цяпер на пляцоўцы закладваюць фундамент станцыі, будынка па яе кіраванні, іншых дадатковых пабудоў. Задзейнічаны дзясяткі адзінак тэхнікі: экскаватары, бульдозеры, краны, пагрузчыкі. Матэрыял паступае з заводаў Маладзечна, Светлагорска, а таксама з Варапаеўскага завода ЖБВ. Земляныя работы выконваюць будаўнічыя кампаніі з Мінска і Смаргоні. Ёсць тут і пастаўчане: працуюць тэхніка і спецыялісты з ДЭУ-33, аўтатранспартнага прадпрыемства №17, прадпрыемства меліярацыйных сіс­тэм.

Аб’ём работ на пляцоўцы каля вёскі Бірвіта пакуль выкананы невялікі. Калі будзе зацверджана наступная частка праектнай дакументацыі і будоўля набярэ абароты, сюды з Кітая прыедуць яшчэ каля 200 чалавек.

Як расказаў намеснік дырэктара праекта Люі Ялінь, асноўныя цяжкасці ў сумеснай рабоце беларускіх і кітайскіх спецыялістаў узнікаюць пры перакладзе вузкаспецыяльных тэрмінаў, разуменні чарцяжоў. З часам гэта праблема вырашаецца. У цэлым замежнікі задаволены ўмовамі працы і пражывання, неаднойчы падкрэслівалі гасціннасць, добразычлівасць беларускіх людзей. Прываблівае іх і магчымасць зарабіць больш, чым на ра­дзіме. Што немалаважна, кампанія-падрадчык не мае фінансавых праблем, зарплата выплачваецца своечасова.

Шмат добрых слоў у адрас кітайцаў сказаў і С. І. Анкудовіч, адзначаючы іх акуратнасць, скрупулёзнасць у рабоце, працавітасць, кантактнасць, дысцыплінаванасць.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.