“Квітней, мой лес”

Личности

Кіраўнік конкурснага праекта настаўніца біялогіі А. У. Беланожка і дыпламанты конкурсу вучні Паліна Куштэль і Арцём Кухальскі.

Пад такой назвай Мі­ністэрства лясной гаспадаркі праводзіла ў 2015 годзе рэспубліканскі юні­ёрскі лясны конкурс. 11 ліпеня адбылося падвядзенне яго вынікаў. У фінальную частку конкурсу  трапілі вучні 9 класа, члены лясніцтва Гуцкай сярэдняй школы Паліна Куштэль і Арцём Кухальскі.

Рэспубліканскі юніёрскі лясны конкурс «Квітней, мой лес” праводзіцца з 2001 года па ініцыятыве Мі- ністэрства лясной гаспадаркі і актыўнай падтрымцы Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і ГА “Беларускае таварыства лесаводаў”. За гэты час у ім прыняло ўдзел некалькі тысяч школьнікаў.

Удзельнікам сёлетняга конкурсу прапаноўвалася падрыхтаваць даследчыя работы па адной з трох тэм: “Устойлівае лесакіраванне”, “Экалогія лясных раслін” і “Экалогія лясных жывёл”. Настаўніцу біялогіі Гуцкай СШ Аксану Уладзіміраўну Беланожка і вучняў Паліну Куштэль і Арцёма Кухальскага заці­кавіла апошняя тэма, дакладней тое, які ўплыў аказваюць на эка­сістэму ракі Шурыца бабры.

Падрыхтаваны імі рэферат быў прызнаны адным з лепшых на абласным этапе і трапіў у лік 60 конкурсных праектаў, накіраваных на заключны, рэспубліканскі, этап. Для ўдзелу ў фінальнай частцы конкурсу членамі журы — вядучымі вучонымі і спецыялістамі ў сферы лясной гаспадаркі і экалогіі — з 60 прэтэндэнтаў было выбрана 17 лепшых праектаў. У іх ліку аказаўся і праект гуцкіх школьнікаў, які і давялося абараняць на завяршальным этапе, што праходзіў у Міністэрстве лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, а журы ўзначальваў намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Корбут.

— У апошнія гады на Пастаўшчыне значна павялічылася папуляцыя баброў, якія наносяць немалую шкоду лясной гаспадарцы, зямельным угоддзям, — расказвалі Аксана Уладзіміраўна і яе выхаванцы. — Мы імкнулі­ся даказаць, што бабры прыносяць і карысць, у прыватнасці будуючы на малых рэках запруды і плаціны. Гэтым самым, калі гаварыць коратка, яны садзейнічаюць павышэнню ўзроўню вады ў малых рэках, у выніку чаго нармалізуюцца многія ўнутраныя працэсы падводнага жыцця. Усё гэта назіраецца і на невялікай рэчцы Шурыца.

Нам, з глыбінкі, — працягвала размову А. У. Беланожка, — было няпроста сапернічаць з конкурснымі работамі школьнікаў з абласных і раённых цэнтраў, якія яны выконвалі пад кіраўніцтвам вучоных, вядомых спецыялістаў лесу і эколагаў. Тым не менш мы задаволены вынікамі сваёй працы, бо сталі лаўрэатамі конкурсу, атрымалі дыпломы і памятныя сувеніры. Вучні навучыліся больш свабодна трымацца перад вялікай незнаёмай аўдыторыяй, пачэрпнулі з конкурсных праектаў шмат павучальнага. Хочацца падзякаваць кіраўніцтву лясгаса за транспарт, якім нас даставілі ў сталіцу і прывезлі назад, і асабі­ста намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандру Мікалаевічу Іванькову, які нас суправаджаў.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.