Ля возера Варанец адбыўся раённы турыстычны злёт (+фота)

Культура

Пераможцв турзлёту - каманда Дунілавіч

Традыцыйны раённы турыстычны злёт сёлета адбыўся 26-27 чэрвеня. Месца правядзення было прывычным — бераг возера Варанец. Непрывычнай аказалася колькасць удзельнікаў. Паспаборнічаць у турзлёце прыехалі толькі 8 каманд — з УП ЖКГ, Пастаўскага малочнага завода, цэнтральнай раённай бальніцы, філіяла “Аўтатранспартнае прадпрыемства №17”, сельгаспрадпрыемстваў “Навасёлкі-Лучай”, “Дунілавічы-агра”, “Камайскі-агра” і ўпершыню — з 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

Усіх прыхільнікаў актыўнага адпачынку падчас цырымоніі адкрыцця вітаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў.

— Гэта мерапрыемства ў шэрагу іншых асаблівае, — адзначыў ён. — Яно дае магчымасць праявіць сябе па-за рабочымі месцамі, на ўлонні маляўнічай прыроды праверыць сваю фізічную падрыхтоўку, пранікнуцца духам спаборніцтваў, атмасферай сяброўства, узаемадапамогі. На жаль, з-за праблем з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем, а дзесьці і з-за безыніцыятыўнасці кіраўнікоў арганізацый сёлета адсутнічаюць многія каманды. Але тым большых слоў удзячнасці заслугоўваюць тыя, хто сюды прыехаў. Жадаю ўсім захапляльнай барацьбы, высокіх вынікаў, каб атрыманы на турзлёце зарад добрага настрою яшчэ доўга натхняў вас на рабочыя справы.

Права ўзняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь даверылі мінулагоднім пераможцам — прадстаўнікам Навасёлак. Затым да іх далучыліся актывісты іншых каманд, якія накіраваліся да помніка загінулым у Вялікай Айчыннай вайне і ўсклалі да яго вянок.

Далей — насычаная праграма спаборніцтваў. У пятніцу ўдзельнікі вызначылі найлепшых на чатырох этапах. У арыентаванні не было роўных камандзе Дунілавіч, у летнім біятлоне найлепшы вынік паказалі вайскоўцы, у валейболе перамаглі прадстаўнікі УП ЖКГ Віталій Варанец і Аляксандр Ермалаеў. Дзень завяршыўся конкурсам мастацкай самадзейнасці. Першае месца журы прысудзіла камандзе шпіталя. Адметна, што сярод выступоўцаў было і камандаванне 1-га ваеннага шпіталя.

Самы адказны і самы складаны этап — спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагабор’і — адбыўся ў суботу. Удзельнікам давялося пераадолець каля 8 кіламетраў лясной дарогі. На шляху чакаў шэраг іспытаў. У этапе пад назвай “бівуак” патрабавалася ўстанавіць палатку, праверыць герметычнасць запалак, развесці вогнішча, закіпяціць ваду. Падчас іншых “экзаменаў” давялося ўброд транспарціраваць пацярпелага, пераадольваць гаць, перасякаць раку па бервяне, дэманстраваць майстэрства вязання вузлоў і хадзьбы на паралельных вяроўках, выконваць іншыя заданні. Найлепш з усім этапам справіліся прадстаўнікі аўтатранспартага прадпрыемства.

Завяршылі турзлёт спаборніцтвы па перацягванні каната (лепшымі сталі Дунілавічы), гульні ў дартс (першае месца ў ЦРБ), рыўку гіры вагой 24 кілаграмы (тут перамог Аляксандр Волк са шпіталя). Праводзіўся і конкурс турыстычнага быту. Самай чыстай, практычна і арыгінальна абсталяванай прызнана пляцоўка каманды з Навасёлак.

Па суме балаў за ўсе этапы выніковае трэцяе месца заняла каманда УП ЖКГ,  другое — шпіталя. Перамогу святкавалі прадстаўнікі Дунілавіч.

— Самае складанае было… сабрацца на тур­злёт, — прызнаўся лідар каманды Сяргей Бамбізаў. — Асобныя словы ўдзячнасці выказваем дырэктару ААТ “Дунілавічы-агра” Паўлу Баляслававічу Будзічу. Без яго падтрымкі мы не выехалі б на гэта свята актыўнага адпачынку. Камандзе дзякуй за вынік. Хаця мы адчуваем: ёсць нямала недапрацовак. Але бу­дзе да чаго імкнуцца ў наступным го­дзе. Вельмі хацелася б, каб чарговы раённы турзлёт быў больш адаптаваны да абласнога, каб з’явіліся новыя этапы (найперш — на веласіпедах). І, безумоўна, каб збіраў большую колькасць удзельнікаў. Тады ён бу­дзе яшчэ больш відовішчным і захапляльным.

Напрыканцы турзлёту прызёры ў агульным заліку і пераможцы асобных этапаў атрымалі дыпломы і падарункі ад арганізатарў мерапрыемства — аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама, ГУ “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна”, раённага камітэта ГА “БРСМ”, РАС “ДТСААФ”.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.