На патоку — рапс

Сельское хозяйство

Вадзіцель Вацлаў Яцэвіч і камбайнер Мікалай Махонь ачышчаюць жняярку.

На полі каля Філіпоўцаў, што ў камайскім аддзяленні адкрытага акцыянернага таварыства “Камайскі-агра”, камбайн убіраў рапс. Вырас ён добры. Праўда, месцамі было шмат рамонак. Яны намотваліся на матавіла, і Мікалаю Махоню прыходзілася час ад часу спыняць камбайн, спускацца з кабіны на зямлю і з дапамогай нажа ачышчаць жняярку. Дапамагаў яму і вадзіцель Вацлаў Яцэвіч.

— А што дарма марнаваць час? — уступіў у размову апошні. — Чым хутчэй Коля намалоціць бункер, тым хутчэй адвязу насенне на сушылку.  Мы ўсе павінны старацца і выручаць адзін аднаго.

— На гэтым полі хімікаты падзейнічалі слаба, — гаварыў  Мікалай Махонь. — Магчыма, хімпраполку правялі перад дажджом. Таму ўбіраць вельмі складана. Але калі жніво было лёгкім? Кожны год штосьці перашкаджае. Я ўбіраю 35-ы сезон. Хапіла за гэты час усяго.

Камбайнеры Іван Яркоўскі, Казімір Чапскі і вадзіцель Валерый Кірплюк.

Рапс — гэта толькі пачатак. Наперадзе чакае шмат работы. Сёлета зерневыя і зернебабовыя ў гаспадарцы трэба абмалаціць на 3330 гектараў. Яшчэ 407 займаў рапс. Яго ўборку завяршылі ў мінулы чацвер. Неўзабаве камбайны “ўрэжуцца” ў пшанічнае поле.

Па дарозе з Філіпоўцаў, каля Аляхнішак спыніліся ля камбайнераў з дварчанскага аддзялення. Настрой у Казіміра Чапскага, Івана Яркоўскага і вадзіцеля Валерыя Кірплюка быў цудоўны.

— Жніво любім, — гаварылі яны. — Гэта час, калі збіраем плады сваёй працы за ўвесь год. Ураджай, нягледзячы на засушлівае надвор’е, нядрэнны. Толькі б дождж не перашкаджаў падчас жніва. Нябеснай канцылярыяй не пакамандуеш. Мы ж робім усё, што ў нашых сілах.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.