Украінскія бежанцы: “Нас адарылі рэчамі і цяплом”


На пачатку гэтага тыдня ў рэдакцыю патэлефанавала жыхарка райцэнтра Марыя Уладзіміраўна Шаркоўская:

— Вы пісалі пра бежанцаў з Украіны, якія зараз жывуць у Дварчанах. Хачу аддаць ім добры шыфаньер, але не маю на чым адвезці. Можа, падкажаце, да каго звярнуцца?

У нас жа ёсць сацыяльная служба, якая робіць так шмат карысных спраў, падумалася мне, і я перадала размову з чытачкай дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д. І. Пякарскай. Дзіяна Іванаўна ў той жа дзень вырашыла пытанне. Былі выдзелены машына і грузчыкі, і шыфаньер дастаўлены ў дом, дзе ў ім мелі вялікую патрэбу. А разам з ім — карнізы і шторы.

Нагадаю, што матэрыял пра бежанцаў з Украіны — маладую сям’ю Жуланавых — быў апублікаваны ў “Пастаўскім краі” за 3 ліпеня. У ім гаварылася пра тое, што ваенныя дзеянні, якія разгарнуліся на Луганшчыне, вымусілі ўкраінцаў пакінуць дом і ў пошуках прытулку адправіцца ў далёкую, невядомую дарогу, якая ўрэшце прывяла ў ААТ “Камайскі-агра”, дзе сям’я абжываецца на новым месцы.

Публікацыя знайшла шчыры водгук у чытачоў. Многія захацелі падзяліцца з бежанцамі адзеннем, прадуктамі, мэбляй, іншымі рэчамі. Хто не змог дазваніцца па ўказаным у газеце нумары тэлефона Жуланавых, звярталіся ў рэдакцыю па ўдакладненні. Чулі б вы, колькі ў іх словах было суперажывання і нераўнадушнасці! Яшчэ больш людзей тэлефанавалі самім Жуланавым, а потым прыязджалі да іх, і не з пустымі рукамі. І да гэтага часу тэлефануюць і прыязджаюць.

Але найперш пра бежанцаў паклапаці­лася раённая ўлада. Адразу сям’ю часова пасялілі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. Затым начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пётр Леанідавіч Курто сам ездзіў з імі па раёне, шукаючы жыллё і работу. Была аказана аднаразовая грашовая дапамога. З першых дзён, як родная, прыхінулася да Жуланавых загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў Вольга Алегаўна Гінько, якая і сёння падтрымлівае з імі сувязь. Перагледзела свае запасы, звярнулася да сяброў і знаёмых. Сабралі і перадалі пасцельную бялізну, цюль, шторы, ручнікі. Бацькі Вольгі Алегаўны аддалі халадзільнік.

— Вельмі шкада, што я не ведаю імён і прозвішчаў многіх людзей, хто нам дапамог, — гаварыла Таццяна Жуланава. — Але мы бязмежна ўдзячны кожнаму. Асабліва кранальна, калі наведваюцца бабулі або мнагадзетныя сем’і. Знайшлі­ся і землякі. Напрыклад, Юрый Анатоль­евіч Пасечнік пераехаў з Украіны ў Паставы 16 гадоў назад. Зараз у яго мнага­дзетная сям’я: трое сваіх дзетак і трое — прыёмных. Колькі рэчаў, адзення, прадуктаў яны нам прывезлі! Яшчэ адна мнагадзетная сям’я з Пастаў — Алены Сяргееўны і Алега Мікалаевіча Дашкевічаў — таксама наведалася да нас і прывезла шмат посуду, адзення, прысмакаў для дзяцей. Не магу не падзякаваць нашым суседзям Наташы і Пятру Бейнерам. Нездарма ў народзе кажуць, што добры сусед даражэйшы за брата. Вось і нам пашчасціла, што суседзі аказаліся такімі спагаднымі людзьмі, гатовымі дапамагчы ва ўсім.

— Тут нас адарылі і рэчамі, і цяплом сэрцаў, — не перастаюць захапляцца дабрынёй і спагаднасцю беларусаў Таццяна і Аляксандр Жуланавы. — Пра вяртанне на радзіму няма і размовы. Нядаўна сазвоньваліся з бацькамі — там усё вельмі дрэнна. А мы ўжо амаль абжыліся і шчаслівыя тым, што выбралі Беларусь.

— А ці казалі вам Жуланавы, што мараць набыць газавы кацёл? — пытаўся ў мяне А. М. Дашкевіч. — Не такая і вялікая сума — мільёнаў шэсць спатрэбіцца. Але для іх яна пакуль непад’ёмная. Дом зімой, кажуць, халодны. А ў сям’і двое малых дзяцей. Ці нацепляцца дрывамі ды брыкетам? Можа, кінулі б у газеце кліч? Упэўнены, нашы людзі дапамогуць бежанцам і ў гэтым.

Хочацца верыць, што так і будзе. Таму зноў нагадваю нумар тэлефона Таццяны Жуланавай — 8 (025) 69-24-907. І падкрэсліваю, што прасіла аб гэтым не яна, а нераўнадушны чытач.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.