Насуперак цяжкасцям. “Полацкгаз” (Полацк) — “ПМЦ-Паставы” — 1:1

Спорт

Шмат цяжкасцей годна пераадолелі маладыя пастаўчане ў гэтым няпростым матчы ў невыносную спёку. Перад гульнёй захварэлі двое іх абаронцаў, траўма нагі не дазволіла згуляць асноўнаму нападаючаму Раману Мядзведзеву. На шчасце, аднавіўся вопытны Аляксандр Жар­скі, і ў самым пачатку сустрэчы госці маглі нават адкрыць лік. На 3-й хвіліне варатар палачан Дзмітрый Байцоў выйшаў з мячом далёка ад варот, страціў яго, і капітан “ПМЦ” Ула­дзімір Карага здалёк стрэліў, але крыху прамахнуўся.

Фаварыт першынства неўзабаве скарыстаўся памылкай гасцей у цэнтры поля, правёў імклівую флангавую атаку, якую завяршыў Дзмітрый Шарабайка. Гаспадары, многія з якіх маюць вопыт гульняў у чэмпіянаце Беларусі, на куражы ледзь не развілі свой поспех, але бліскучую рэакцыю паказаў варатар пастаўчан Мікіта Прыходзька. На здзіўленне, госці прыйшлі ў сябе і сталі праводзіць хуткія камбінацыйныя атакі. Спачатку пасля завяршальнага ўдару Арцёма Цітовіча мяч ад нагі абаронцы саперніка ледзь не трапіў у вароты. Пастаўчане падалі вуглавы ўдар, і на 15-й хвіліне цэнтральны абаронца Віталь Дубін ва ўпор “расстраляў” непрыкрыты вугал варот — 1:1.

Абедзве каманды сталі дэманстраваць вострую атакуючую гульню, абмяняліся некалькімі небяспечнымі момантамі, а за хвіліну да заканчэння першага тайма за пастаўчан «згуляла» перакладзіна іх варот. Адразу пасля перапынку госці апынуліся ў колькаснай меншасці, калі, ратуючы вароты, згуляў наўмысна рукой у варатарскай пляцоўцы абаронца “ПМЦ” Яўген Амбразевіч. За гэта ён быў выдалены суддзёй з поля. Пенальці прабіў цэнтрфорвард палачан Вадзім Байцоў, але яго ўдар адбіў варатар гасцей. Націск саперніка пасля гэтага яшчэ больш узмацніўся, але пастаўчанам удалося выстаяць. У канцоўцы яны маглі нават вырваць валявую перамогу. На жаль, мяч двойчы пасля ўдару са штрафнога В. Дубіна і праходу па фланзе А. Цітовіча праляцеў упрыцірку са штангай.

Аднак і нічыя ў такім матчы з вельмі моцным сапернікам каштоўная. Яна дазволіла пастаўчанам яшчэ больш пераканацца, што яны на многае вартыя. Паспяхова правялі гульню ў Полацку Прыходзька, Жылевіч, Дубін, Жарскі (Голубеў), Амбразевіч, Шурко (Мінгіновіч), Зелянкевіч, Карага (к), Павініч, Якаўлеў, Цітовіч. У іншых матчах тура таксама была ўпартая барацьба. Лідар першынства ФК “Лепель”  згуляў безгалявую нічыю 0:0 на выездзе ў Міёрах. Каманда Докшыц дома з лікам 3:2 адолела сваіх суседзяў з Глыбокага. Футбалісты Шаркаўшчыны вытрымалі моцны націск у Верхнядзвінску і перамаглі там “Дзвіну-Барс” з лікам 3:1. Заключны матч першага круга наша каманда правядзе ў нядзелю, 12 чэрвеня, на стадыёне ПМЦ. Гульня з верхнядзвінцамі назначана на 15 гадзін.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.