Не замерзнем?


За акном стаяла спёка, і наша размова з намеснікам старшыні райвыканкама Паўлам Радзівонавічам Станюшам была, здавалася б, зусім “не ў тэму” — пра падрыхтоўку да ацяпляльнага перыяду. Насамрэч яна, падрыхтоўка, у разгары.

— Пачнём, напэўна, з вынікаў ацяпляльнага перыяду 2014—2015 года.

— Ён прайшоў арганізавана. Усе суб’­екты гаспадарання забяспечылі без­аварыйную работу цеплакрыніц, бесперабойную падачу паліва і энергіі прадпрыемствам, арганізацыям, установам і насельніцтву раёна. Своечасова былі падрыхтаваны цепласеткі, кацельні, жыллёвы фонд. Ажыццяўляліся мерапрыемствы па ўкараненні энергазберагальных тэхналогій і абсталявання. Сіламі УП ЖКГ летась заменена 10,5 кіламетра цеплавых сетак у аднатрубным вылічэнні і 240 метраў цеплаізаляцыі. На кацельнях у “Ветразі”, Варапаеўскай СШ і дзіцячага садка “Сонейка” ўстаноўлена больш эфектыўнае помпавае абсталяванне. Праведзены рэвізія запорнай арматуры, прамыўка катлоў, касметычны рамонт.

— З года ў год у краіне ўсё большая ўвага надаецца эканоміі цеплавой і электрычнай энергіі.

— На велічыню страт цеплавой энергіі ўплывае шмат фактараў, асабліва — тэрмін службы сетак (нарматыў — 25 гадоў). У раёне 20 кіламетраў сетак эксплуатуецца больш за 25 гадоў, знос цепласетак складае ў сярэднім 54%. Адсюль і страты. За 2014 год яны склалі 22,3% пры зацверджаных Віцебскім абласным упраўленнем па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем цепла-энергетычных рэсурсаў 22,4%. А вось заданне па энергазберажэнні недавыканана (-5,1% пры плане -7%). Асноўная прычына гэтага — выкарыстанне катлоў з нізкім каэфі­цыентам карыснага дзеяння. Такіх катлоў толькі ва УП ЖКГ — 32.

З мэтай павышэння эканоміі вядзецца замена цепласетак (план на 2015 год — не менш за 10 кіламетраў) і катлоў (20), прамыванне сістэм ацяплення. Праве­дзены тэндар на закупку новага катла на кацельню вёскі Андроны, вядзецца дэмантаж абсталявання. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту выдзелена 300 мільёнаў рублёў.

Запланавана ўстаноўка двух энерга­эфектыўных катлоў у раённым краязнаўчым музеі і прыбора ўліку энергіі ў музеі, размешчаным у былым палацы Тызенгаўзаў. Вельмі патрэбна ўстаноўка другога катла на мясцовых відах паліва на кацельні “Паставы-1”, але пакуль на гэта няма сродкаў. Не вырашана пытанне і з пераводам на газавае ацяпленне жылых дамоў па вуліцы Лясной у гарпасёлку Лынтупы, якія знаходзяцца на балансе Пастаўскага прадпрыемства  меліярацыйных сістэм. Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне, якое абавязвае ПМС сумесна з жыхарамі дамоў, філіялам “Паставырайгаз” і Лынтупскім сельвыканкамам ажыццявіць гэта, паколькі пры цяперашняй сістэме ацяплення прадпрыемства атрымлівае вялікія страты.

— Дарэчы, пра мясцовыя віды паліва. Наколькі шырока яны выкарыстоў­ваюцца ў раёне?

— Пачнём з таго, што на кацельнях, якія эксплуатуюцца ў раёне, выкарыстоўваюцца такія віды паліва, як газ, торфабрыкет, дровы, шчэпкі, пілавінне, адходы драўніны. За мінулы год выкарыстанне мясцовых відаў паліва склала 54,1%, або 9307 тон умоўнага паліва (за 2013-ы — 51,6%). Усе цеплакрыніцы на аб’ектах сацыяльнай сферы працуюць толькі на мясцовых відах паліва. Яго нарыхтоўкай займаюцца лясгас і УП ЖКГ.

На будучы ацяпляльны сезон запланавана нарыхтаваць 20000 пл. м3 дроў і 16000 пл. м3 шчэпак. На 1 ліпеня мелася адпаведна 19228 і 810 пл. м3. Работы працягваюцца, і ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што мясцовых відаў паліва будзе нарыхтавана дастаткова.

— А як абстаяць справы ў прыватным сектары?

У параўнанні з мінулым годам нарыхтоўка паліва насельніцтвам ідзе менш актыўна. Па стане на 1 чэрвеня торфа­брыкет выкупілі ў Пастаўскім філіяле “Віцебскаблпаліва” 324 чалавекі, дровы — 976, заставаліся не забяспечаныя торфабрыкетам 1426, дрывамі — 1324. З боку сельвыканкамаў неабходна актывізаваць растлумачальную работу сярод насель­ніцтва, у першую чаргу сярод льготнай катэгорыі. Ды і самім грамадзянам варта разумець, што, чым раней яны набудуць паліва, тым спакайней будуць чакаць ацяпляльны сезон. З часам і чэргі могуць утварыцца, і цэны павысіцца, а гэта немалаважны фактар.

На сённяшні час у Пастаўскім філіяле “Віцебскаблпаліва” ёсць дастатковая колькасць і торфабрыкету, які завозіцца з Браслава, і дроў. Дровы прадпрыемству пастаўляюць Пастаўскі лясгас і Браслаўскі нацыянальны парк. Запазычанасці па аплаце перад пастаўшчыкамі няма. На 2015 год запланавана выдзяленне з раённага бюджэту датацыі на пагашэнне розніцы ў цане на паліва, якое рэалізуецца насельніцтву, у размеры 6055 млн рублёў. Якасць паліва добрая. Дарэчы, магчыма, не ўсе патэнцыяльныя спажыўцы ведаюць, што пастановай Савета Міністраў №1028 ад 9.11.2012 г., якая тычыцца пытанняў забеспячэння насель­ніцтва цвёрдымі відамі паліва, дазволены продаж дроў і брыкету і тым грама­дзянам, у дамы якіх праведзена газавае ацяпленне, але побач з гэтым захавана і пячное або кацёл на цвёрдым паліве. Такім чынам, прадастаўляецца магчымасць выбару, у якую пару года і чым ацяпляць памяшканне.

— Павел Радзівонавіч, пытанне падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду разглядалася на чэрвеньскім пасяджэнні райвыканкама…

— Размова на ім вялася сур’ёзная. Дарэчы, у пасяджэнні прымаў удзел начальнік Віцебскага абласнога упраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў А. Я. Краўчанка, які даў станоўчую ацэнку вынікам мінулага ацяпляльнага перыяду і акрэсліў задачы на будучы. Падрыхтоўка да яго ажыццяўляецца ў адпаведнасці з планам арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў. На ўсіх кацельнях вядуцца рэвізія і рамонт тэхналагічнага абсталявання, абмуроўкі і футуроўкі катлоў, цеплавой ізаляцыі, трубаправодаў, а таксама касметычны рамонт.

Рашэннем райвыканкама УП ЖКГ, аддзелу адукацыі, фізічнай культуры і спорту і аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, цэнтральнай раённай бальніцы, райбыткамбінату, ПМС, райспажыўтаварыству, філіялу “Віцебск­аблпаліва”, сельвыканкамам, прадпрыемствам, арганізацыям і ўстановам раёна даведзены канкрэтныя заданні і тэр­міны іх выканання. Да 1 кастрычніка па­вінны быць зарэгістраваны пашпарты гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд арганізацый — спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц.

Сёння ў раёне робіцца ўсё для таго, каб будучы ацяпляльны перыяд прайшоў гэтак жа паспяхова, як і папярэдні.

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.