Па ягады — сям’ёй

Местная власть

Эма Антонаўна Кірплюк з праўнукам Валянцінам Пучылам.

Літровы слоік чарніц у мінулую сераду я купіла на рынку райспажыўтаварыства сходу, доўга не разглядваючы рады гандляроў. Прывабіла, што ягады прадаваў хлопчык. Побач была яго бабуля.

— Наш Валік такім чынам зарабляе грошы на экскурсійную паездку ў Брэсцкую крэпасць. У мамы прасіць не хоча, мець свае — цікавей, — растлумачыла мне пасля знаёмства Эма Антонаўна Кірплюк. — Ужо на 260 тысяч прадалі сваёй вішні, збіраем у лесе чар­ніцы.

Эме Антонаўне — 75, жыве ў Хацілах. І кожны дзень на веласіпедзе адпраўляецца па ягады ва ўрочышча “Азёркі”. Набірае 5-літровае вядзерца — і назад, дадому.

— У нас сямейны падрад, — жартавала жанчына. — Адна мая родная сястра — Таня — жыве ў Паставах, другая — Ядзя — у Волахах. Абедзве на пенсіі. Кожны год разам збіраем ягады.

Як аказалася, на гэты раз і прадавалі разам — стаялі на рынку адна ля другой са сваім лясным таварам. І такой сямейнасці нельга было па-добраму не пазайздросціць.

— Нам весела збіраць ягады, — сцвярджалі. — Пра што толькі ні перагаворым, бывае, і песню зацягнем. У лесе ж так хораша!

А вы яшчэ не наведаліся пад лясныя шаты? Забарона на гэта знята, ягады паспелі…

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.