Па жыцці — з галубамі


У вольны час раніцай выходжу на балкон і любуюся фігурнымі палётамі галубоў, якія зачароўваюць сваёй разнастайнасцю. Адны птушкі набіраюць завоблачную вышыню, зліваючыся з блакітам неба, і папарна заміраюць у адной кропцы. Іншыя, спіралепадобна ўзнімаючыся ў вышыню, некалькі разоў робяць пераварот у паветры і імкліва пікіруюць у раён галубятні, уцягваючы ў гэты працэс астатніх. І калі ўсё галубінае сямейства —  а ў ім больш за сотню асобін — аказваецца ў небе, ад трымцення птушыных крылаў, здаецца, пачынае хвалявацца блакітны нябесны купал.

Галубы жывуць у майго суседа Шаршнёва Валянціна Васільевіча, пра якога хачу расказаць падрабязней. Валянцін Васільевіч — ура­джэнец г. Быхава Магілёўскай вобласці. У Паставы прыехаў са сваёй сям’ёй пяць гадоў назад з Цюменскай вобласці, дзе разам з двума братамі працаваў на нафта­здабычы. Адпрацаваўшы там каля двух дзесяцігоддзяў, у 55-гадовым узросце выйшаў на льготную пенсію. За гэты час, пасля чарнобыльскай аварыі, якая закранула Быхаўшчыну, яго бацькі пераехалі на пастаяннае месца жыхарства да старэйшага сына Аляксандра, які тады служыў прапаршчыкам у 5 гарадку. Такім чынам уся сям’я Шаршнёвых, купіўшы жыллё, пасялілася на пастаўскай зямлі.

Захапленне галубамі, іх развядзенне і ўтрыманне ў Валян­ціна Васільевіча з маленства. У дзіцячыя гады на Быхаўшчыне літаральна ў кожным доме, дзе жылі хлопчыкі, заводзілі галубоў, будавалі для іх прыстасаваныя галубятні. Сябры абменьваліся птушкамі розных парод, дзяліліся адзін з адным майстэрствам іх дрэсіроўкі, ладзілі спаборніцтвы па далёкасці палёту сваіх выхаванцаў, іх арыентаванні на мясцовасці. Гэта захапленне В. Шаршнёў пранёс праз усё жыццё. Купіўшы кватэру ў Паставах, ён перш за ўсё пабудаваў дзве галубятні. Па дарозе з Поў­начы набыў у даўніх сяброў некалькі пар галубоў мікалаеўскай пароды і пачаў актыўна іх разводзіць, сартуючы па афарбоўцы пяра, далёкасці палёту, арыентаванні на мясцовасці і іншых характарыстыках. Як кажа сам, галоўная задача кожнага галубятніка — дабіцца жаданага выніку, а таксама перадаць яго наступнаму пакаленню. У В. В. Шаршнёва гэта атрымліваецца.

Тэхналогія развядзення галубоў аднолькавая практычна для ўсіх парод. Падбіраецца пара — голуб з галубкай, якая адкладвае два яйкі і ў канцы красавіка — пачатку мая пачынае іх выседжваць: ноччу гэта робіць самка, днём — самец. Праз 17-18 дзён на свет вылупліваюцца птушаняты. Першыя тры дні бацькі кормяць іх “галубіным малачком” — тварожыстым выдзяленнем з зоба, а затым паступова пераводзяць на раслінны корм. Гняздо птушаняты пакідаюць у 20-дзённым узросце і хутка далучаюцца да ўсёй чарады.

Галубы — зерняедныя птушкі, харчуюцца рознымі зерневымі сумесямі. Для гэтага патрэбна кармушка з адтулінамі або рашоткай. Кормяць іх на спецыяльна абсталяванай кармавой пляцоўцы ў строга вызначаны час. Летам — 2-3 разы ў дзень,  але часцей за ўсё два разы: у 8-9 і ў 16-17 гадзін. Галубы прывыкаюць да такога рэжыму і чакаюць гаспадара, а калі той з’яўляецца — злятаюцца да яго ног. Паеўшы, пачынаюць піць ваду. Пры гэтым не закідваюць галаву назад, як робяць многія віды птушак, а засмоктваюць ваду. Яна складае 50 працэнтаў масы цела галуба і пастаянна павінна быць у яго распараджэнні. А яшчэ галубы ахвотна купаюцца. Падчас купання ўкладваюцца на бок, расправіўшы пер’е, каб лепш убіралася вада. А выхо­дзячы на сушу, гучна хлопаюць крыламі і шукаюць цёплае месца пад сонцам.

У галубятнях Шаршнёва ўсе пералічаныя вышэй умовы ўтрымання птушак выконваюцца ў поўнай меры. У іх распараджэнні яда, вада для паення і купання ў ванначках, кармушкі, гняздоўі і многае іншае.

Валянцін Васільевіч і яго жонка Наталля таксама вялікія аматары зялёных насаджэнняў. Іх двор патанае ў экзатычных відах раслін паўднёвых і паўночных шырот. У палісадніку па суседстве з японскай айвой растуць лімоннік, дрэва грэцкага арэха, розныя сарты вінаграду, кусты самшыту, вярбы, туя. У кветніку, акрамя традыцыйных півоняў, раскашуюць рададэндран, бругмансія і іншыя кветкі. Сям’я Шаршнёвых жыве ў гармоніі з навакольнай прыродай і ўпрыгожвае яе ўласнымі рукамі.

Г. ЗЯМЧОНАК, г. Паставы.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.