Падарунак ветэрану


Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік баёў на знака­мітым “Неўскім пятачку” Мікалай Яўстаф’евіч Зубовіч атрымаў нечаканы падарунак ад праўлення райспажыўтаварыства — кнігу “Пабрацімы” вядомага журналіста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіла Шыманскага, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У ёй аўтар сабраў багаты матэрыял пра ўраджэнцаў Беларусі, тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з ворагам на Ленінградскім фронце. У падборцы ілюстрацый ёсць здымак нашага земляка, абаронцы горада на Няве Мікалая Яўстаф’евіча Зубовіча. На ім ветэран сфатаграфаваны разам з піянерамі ў музеі баявой і працоўнай  славы СШ №2.

— У кнігу я трапіў дзякуючы старшыні раённага спажывецкага таварыства Рыгору Арсенцьевічу Леўкаўцу, — расказваў Мікалай Яўстаф’евіч. — Ён асабіста і прывёз  мне дадому падарунак, пажадаў здароўя, пакінуў на тытульным лісце кнігі надпіс з па­дзякай за Перамогу. Карыстаючыся выпадкам, хачу па­дзякаваць праўленню райспажыўтаварыства і яго кіраўніку за добрую памяць, пастаянную ўвагу да мяне.

Што датычыць непасрэдна кнігі Міхаіла Шыманскага, то  змешчаныя ў ёй нарысы  апавядаюць пра гераізм, стойкасць і мужнасць жыхароў і абаронцаў горада на Няве,  унікальныя лёсы людзей, якіх не зламалі жорсткія выпрабаванні. Адным з такіх быў і пастаўчанін Мікалай Яўста­ф’­евіч Зубовіч.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.