Падправіць бы прыцэл. ФК “Міёры” – “ПМЦ-Паставы” – 2:0

Спорт

У Міёрах пастаўчанам на выез­дзе ніколі, нават у аптымальным скла­дзе, не ўдавалася перамагчы свайго саперніка. На гэты раз у першым тайме госці выглядалі на полі ўпэўнена, больш валодалі мячом. Даволі надзейна кіраваў абаронай вопытны Руслан Зелянкевіч.

Міёрцы гулялі прасцей, стараліся біць здалёк, бо ім спадарожнічаў моцны вецер, але іх стрэлы не былі дакладнымі. Яны сталі яшчэ больш шчыльна гуляць у абароне, калі ўдар апорнага паўабаронцы пастаўчан Ігара Павініча прыйшоўся ў перакладзіну варот. Да заканчэння першага тайма заставалася менш за дзве хвіліны, калі гаспадары падалі рэдкі вуглавы ўдар. На жаль, просценькая падача завяршылася голам непрыкрытага абаронцамі Арцёма Драздовіча. У другім тайме пастаўчане пайшлі вялікімі сіламі наперад, але пераадолець абарончыя рэдуты саперніка ўдавалася рэдка.

Толькі на 64-й хвіліне госці вывелі на ўдарную пазіцыю Арцёма Ціто­віча, але мяч ад рук варатара міёрцаў Уладзіслава Касцюкевіча чыркнуў аб штангу і не трапіў у сетку. Акрыленыя міёрцы ў канцоўцы актывізаваліся, правялі некалькі вельмі небяспечных контратак. Адну з іх на 78-й хвіліне завяршыў трапным стрэлам Канстанцін Пятроў і прынёс перамогу сваёй камандзе.

За пастаўчан у той дзень згулялі Прыходзька (Казаравец), Танана (Мінгіновіч), Дубін, Зелянкевіч, Якаўлеў (Лысёнак), Голубеў (Міснік), Жылевіч (Амбразевіч), Карага (к), Павініч, Мядзведзеў (Лубко), Цітовіч.

Наша каманда — самая маладая на турніры. У чэрвені на многіх ігракоў лягла вялікая нагрузка з-за выпускных экзаменаў, удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні і гульняў  за “Нафтан” у матчах юнацкага чэмпіянату Беларусі, які ўжо завяршыўся.

У гэтым туры ў лідары першынства выйшаў ФК “Лепель”, які дома разграміў каманду Шаркаўшчыны з лікам 6:1, а палачане матч перанеслі. Глыбачане з лікам 2:0 на сваім полі перамаглі “Дзвіну-Барс” (Верхнядзвінск). Першай перамогі ў сезоне дабілася каманда Шаркаўшчыны, якая ў адкладзенай сустрэчы адолела міёрцаў з лікам 2:0.

Уладзімір ШЫК.

Фота Валерыя АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.