Пазналі гісторыю, адпачылі культурна, наталіліся духоўна

Духовность

Апошні час для мяне быў насычаны рознымі мерапрыемст­вамі: урачыстасці ў Будславе, канцэрт Грыгорыя Лепса ў летнім амфітэатры ў Маладзечне, пілі­гры­мка па касцёлах Мін­ска разам з парафіянамі з Лучая і Шаркаўшчыны. Пасля кожнай падзеі засталіся незабыўныя ўражанні.

Для прыкладу — наведванне Мінска. У гэтым горадзе вучылася ў Белдзяржуніверсітэце, пазней неаднаразова прыязджала на курсы павышэння кваліфікацыі. У вольны час старалася пабываць у розных славутых мясцінах сталіцы. І калі пробашч лучайскага касцёла ксёндз Мікалай Ліпскі прапанаваў паездку ў Мінск, задумалася: а што новага ўбачу? Пазней пераканалася: адна справа пабыць у тым ці іншым месцы самастойна,  іншая — з экскурсаводам.

Валянціна Кароткіна, якая ў той дзень была нашым гідам, пра Мінск расказвала змястоўна. Шмат новага пачула пра Замчышча — тое месца адкуль пачынаўся Мінск. Смуткам і болем напаўнялася сэрца на Востраве слёз, які ўвасабляе памяць пра тых, хто загінуў у складзе абмежаванага кантынгенту войск у Афганістане, Сірыі, Алжыры, іншых краінах. Вузенькія вулачкі Траецкага прадмесця акунулі ў атмасферу мінуўшчыны, цікава было прайсціся па Верхнім горадзе. Уразілі велічныя катэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, касцёлы Святых Сымона і Алены  і невялікі, але ўтульны Узвышэння Крыжа на Кальварыйскіх могілках.

У кожнага храма свая гісторыя і свая сучаснасць. Кальварыйскія могілкі — найстарэйшыя ў Мінску. Ім больш за 200 гадоў. Іх сучасная плошча — 14 гектараў. Тут знаходзіцца каля 30 тысяч пахаванняў. Найстарэйшы з помнікаў — чырвоны гранітны валун-піраміда сёстрам  Юзэфе і Тэафіліі Амуль­скім, — устаноўлены ў 1808 го­дзе. А ўвогуле, на гэтых могілках спачывае ўся беларуская каталіцкая эліта Мінска ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Тут знаходзяцца магілы роду Вайніловічаў — тых самых, дзякуючы якім у пачатку мінулага стагоддзя ў Мінску быў пабудаваны чырвоны касцёл Святых Сымона і  Алены. У 2001 годзе Кальварыйскія могілкі атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі як аб’ект міжнароднага значэння. На жаль, іх стан пакідае жадаць лепшага. Зразумела, што нікога з родных тых, чые магілы тут знаходзяцца, ужо таксама няма ў жывых, таму і даглядаць іх няма каму. Варта, напэўна, падключыць грамадскасць, валанцёраў і прыкласці ўсе намаганні, каб гэта гістарычнае месца стала сапраўднай гістарычнай каштоўнасцю.

Большасць тых, хто ў той дзень адправіўся ў вандроўку па Мінску, арганізаваную ксяндзом Мікалаем, былі яго землякамі з Шаркаўшчыны. Для іх гэта паез­д­ка была асабліва цікавай, бо вельмі многія старонкі гісторыі наведаных святынь цесна пераплятаюцца з гісторыяй Шаркаўшчыны і яе ўраджэнцамі. Да прыкладу, у архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Марыі Панны пробашчам цяпер працуе ксёндз Антоні Клімантовіч, які нарадзіўся ў Шаркаўшчынскім раёне. Насценныя роспісы ў гэтым храме выкананы шаркаўшчынскім мастаком Казімірам Анташэўскім. Касцёл Святых Сымона і Алены ў 1910 годзе асвячаў шаркаўчанін, біскуп Вінцэнт Ключынскі, а ля вытокаў адраджэння веры ў Шаркаўшчыне ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя стаяў цяперашні пробашч чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк. У касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках мы ўдзельнічалі ў Імшы. На жаль, на той момант адсутнічаў пробашч касцёла Андрэй Сіповіч — сын шаркаўшчынскай зямлі.

Вечарам пабывалі на канцэрце-прэзентацыі акардэаніста-віртуоза, шматразовага ўдзельніка лучайскіх фэстаў Дзмітрыя Корсака. Яго першы творчы вечар праходзіў у тэатральнай зале Палаца культуры Мінскага аўтазавода, якая разлічана на 2000 месц. Павіншаваць артыста прыйшлі многія аматары яго творчасці, а таксама беларускія эстрадныя выканаўцы Аляксей Хлястоў, Георгій Калдун, Іван Буслай, Аляксандр Гелах, дуэт “Піва ўдваіх” і іншыя. Сваімі выступленнямі яны таксама парадавалі гледачоў.  Шаркаўшчынская паэтка Кацярына Сосна напісала для Дзмітрыя Корсака верш і прачытала яго са сцэны.

Дзень быў вельмі насычаным, але гэта не стаміла пілігрымаў. Усе яны бязмежна ўдзячны ксяндзу Мікалаю за арганізаванае падарожжа і чакаюць новых вандровак.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.