Руплівіца

Общество

У двор да Фоціі Пятроўны Пабядзінскай па Ленін­скай, 53, у райцэнтры, які “схаваўся” ад вуліцы, я трапіла ўпершыню і выпадкова. І ўразілася тым, што ўбачыла. Сціплы па цяперашніх мерках домік ззяў на сонцы яркай фарбай шалёўкі і начышчанымі да бляску вокнамі, яго эфектна абрамлялі пышна квіт­неючыя пяшчотыя ружы. У агародчыку красаваліся і іншыя кветкі. Гаспадыня правяла ў дом. У пакоях таксама кветкі, выключныя чысціня і парадак, здаровая прахалода.

Скажаце, і што ў гэтым незвычайнага? Так і павінна быць у жытле. Цалкам згодна. Але мне давялося пабачыць нямала іншых карцін, калі ў дамах і кватэрах маладых працаздольных людзей панаваў сапраўдны хаос, а ў дварах — запусценне, і гэта ніколькі не турбавала іх. А Фоціі Пятроўне як-ніяк 82, і перажыла яна шмат. Але як была з малых гадоў руплівіцай, так ёй і застаецца.

Мы размаўлялі з гаспадыняй у зале. А з партрэта, які вісіць на сцяне, на нас глядзеў прыгожы, натхнёны юнак. Гэта адзіны сын Пабядзінскіх. Уся іх радасць і надзея была ў ім — Гену. Закончыў сярэднюю школу, збіраўся паступаць у інстытут. На наступны пасля выпускнога балю дзень усім класам адправіліся адпачыць на сіўцаўскае возера. Гена — выдатны плывец, але купацца не збіраўся, бо яшчэ халоднай была вада. А яго аднакласнік Валодзя рызыкнуў пераплыць возера. І стаў тапіцца. Ніхто, акрамя Гены, не кінуўся на дапамогу. Загінулі абодва.

Сорак гадоў мінула з той трагедыі, і рэдка бывае дзень, калі маці не прыходзіць на могілкі да сыночка. 15 гадоў таму пахавала мужа, чатыры — сястру. Самыя родныя адышлі ў свет іншы. А яе Усявышні трымае на зямлі. І, нягле­дзячы на ўсе беды і нездароўе, Фоція Пятроўна працягвае гаспадарыць на ёй. Не толькі градкі і кветнік ля дома даглядае, але і на дачы ў Дуках шчыруе.

— Адно дрэнна, што чатыры гады назад зламала нагу і зараз не магу ездзіць на веласіпедзе, — гаварыла жанчына. — На дачу дабіраюся са шваграм на машыне. Там у нас 20 сотак агарода. Упраўляемся! А дома ў мяне ёсць памочніца — сацыяльны работнік Іна Мікалаеўна Лапушынская, якой я вельмі ўдзячна. Да нас яна прыйшла, калі моцна хварэла сястра і мне адной было цяжка справіцца з усёй работай.

Цёпла адзывалася Ф. П. Пабядзінская пра сваіх суседзяў Крысціну Гінько, Уладзіславу Собаль, Ванду Мацкевіч, Надзею Літві­новіч, з якімі заўсёды знаходзіць паразуменне.

А мне падумалася: калі чалавек добры, то да яго і хінуцца іншыя, незалежна ні ад роднасці, ні ад узросту і сацыяльнага становішча. А найбольшая падтрымка ў жыцці для Фоціі Пятроўны — вера. Жанчына спяшаецца на кожную службу ў царкву, каб памаліцца Богу, сустрэцца са знаёмымі, наталіць душу чысцінёй думак.

Фаіна КАСАТКІНА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.