Шляхам мадэрнізацыі

Общество

На галоўнай аграпрамысловай выстаўцы краіны “Белагра-2015”, якая месяц назад праходзіла ў Мінску, на конкурсе “Чэмпіён смаку” прадукцыя Пастаўскага малочнага завода заваявала два Гран-пры, шэсць дыпломаў першай і адзін дыплом трэцяй ступеняў.

Гэтым самым была пацверджана неаспрэчная рэпутацыя вырабаў з маркай “Паставы-гарадок”. За пятнаццаць гадоў удзелу ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і выставах прадпрыемства атрымала за многія віды сваёй прадукцыі больш за 50 дыпломаў пераможцы або лаўрэата. Галоўнымі  паказчыкамі прызнання пакупнікамі высокіх спажывецкіх якасцей сыроў і іншай малочнай прадукцыі з’яўляюцца іх натуральнасць і высокая якасць. Апошняя  забяспечваецца ў ходзе пастаяннай работы па аснашчэнні цэхаў складаным тэхнала­гічным абсталяваннем, сродкамі аўтаматыкі і камп’ютарызацыі, укараненні  новых методык кантролю якасці прадукцыі. Паказальнымі ў гэтым кірунку з’яўляюцца апошнія пяць гадоў, на працягу якіх ажыццёўлены важныя інвестыцыйныя праекты па будаўніцтве ачышчальных збудаванняў і цэха па вытворчасці цвёрдых сыроў.

— Будаўніцтва цэха вялося на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых пытаннях развіцця малочнай галіны” і стала ўзорам найноўшай вытворчасці, нашым гонарам, — адзначыў дырэктар прадпрыемства Валянцін Пылінскі. — Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта каштавала 210 мільярдаў рублёў і дзякуючы ўкараненню сучасных тэхналогій дазволіла захаваць старыя традыцыі і наладзіць выпуск новых гатункаў сыру. Сучаснае  чэшскае абсталяванне прадукцыйнасцю 20 тон у суткі ўяўляе сабой адзіны аўтаматызаваны комплекс — ад прыёмкі малака да ўпакоўкі прадукцыі. Усе тэхналагічныя працэсы ў ім закрыты для доступу чалавека.

Пасля ўводу ў эксплуатацыю сырнага цэха поўнасцю змянілася структура вытворчасці. Калі ў 2013 годзе ўдзельная вага сыроў у агульным аб’ёме прадукцыі складала 19%, то ў 2015-ым павялічылася да 70%. Аб’ём іх вытворчасці за пяць месяцаў склаў 1960 тон, што ў шэсць разоў больш, чым за такі ж перыяд два гады назад.

Сыр стаў асноўным відам прадукцыі, якая пастаўляецца на экспарт. Летась у Расійскую Федэрацыю было адгружана 2983 тоны сыру, або 76% ад агульнага аб’ёму яго рэалізацыі. А ў цэлым экспартныя пастаўкі склалі 16,8 мільёна долараў ЗША. Пашыраецца рынак продажу і ў Беларусі. Прадпрыемства пачало працаваць з такімі вядомымі ў краіне гандлёвымі сеткамі, як “Еўрагандаль”, “Карона”, “Рублёўскі”, “Радзівілаўскі”, “Алмі”, “Грын”.

Да мадэрнізацыі магутнасці завода складалі 200 тон перапрацоўкі малака ў суткі. З уводам у эксплуатацыю новага сырнага цэха яны ўзраслі да 400 тон. Вытворчасць сыру мае больш высокую дабаўленую вартасць, што дазволіла з адной тоны перапрацаванай сыравіны ў 1,4 раза павялічыць выпуск прадукцыі ў грашовым вылічэнні. Летась аб’ём прадукцыі ў дзеючых цэнах у параўнанні з папярэднім годам узрос у два разы, сёлета за пяць месяцаў — яшчэ ў паўтара раза.  Вельмі даспадобы прыйшліся айчынным і замежным пакупнікам “Галандскі” і “Расійскі”, “Каралеўскі “ і “Манарх”, “Груер” і “Пармезан”, іншыя сыры.

Ажыццяўленне мадэрнізацыі дазволіла знізіць сабекошт прадукцыі. У цэлым прадпрыемства рэнтабельнае. Аднак гэта не азначае, што ў калектыве не існуе праблем і эканамічнае становішча задавальняе кіраўніцтва, спецыялістаў і іншых работнікаў. Тут пастаянна шукаюць шляхі далейшага ўдасканалення работы на прадпрыемстве і з пастаўшчыкамі сыравіны.

Пётр КУРЫЛОВІЧ. 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.