Што значыць для вас дата 3 ліпеня?


З гэтым пытаннем карэспандэнт “Пастаўскага краю” Галіна Пішч звярнулася да пастаўчан і вось якія адказы пачула:

Галіна Мікалаеўна

ЧАПЛІНСКАЯ,

начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

— 3 ліпеня — Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтай сувязі мне ўспамінаецца дзядуля Іван Пятровіч Кліпа. Нялёгкая яму выпала доля. Ваяваў у польскай арміі, трапіў у палон, потым ваяваў у складзе Савецкай Арміі. Дамоў вярнуўся пераможцам. І хоць дзядуля мала пра гэта расказваў, я ім вельмі ганаруся, бо ў перамозе савецкага народа над ворагам ёсць і яго маленькая заслуга.

Глыбока ўсведамляю, што дзякуючы і тым гістарычным падзеям у прыватнасці Беларусь сёння — сучасная еўрапейская міралюбівая дзяржава, дзе людзям жыць, працаваць, займацца любімай справай і знаходзіцца зручна, камфортна і дзе кожны рады гасцям, што асабліва адчувальна падчас свят.

Святлана Пятроўна

ЛАТЫШ,

настаўніца гісторыі Навадруцкай

яслі-сад-базавай школы:

— 3 ліпеня быў вызвалены Мінск ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А яшчэ 3 ліпеня, згодна з рашэннем Усебеларускага рэферэндуму 1996 года, — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. З гэтай даты вядзе адлік новы этап у развіцці гісторыі дзяржавы. Як напамін пра тое, што цаной неймаверных страт заваяваны мір і свабода. І па традыцыі мы выказваем словы ўдзячнасці нашым дзядам і бацькам, якія склалі галовы на палях бітваў з ворагам, а таксама жывым ветэранам, якіх, на жаль, засталося няшмат, за вызваленне роднай Беларусі і за нашу незалежнасць. Іх подзвіг — яркі прыклад для сучаснікаў і будучых пакаленняў, у чыіх руках лёс краіны.

Гэты дзень — сімвал адзінства нашага грамадства, стабільнасці, пераемнасці пакаленняў, шанавання традыцый. Гэта свята, якое дазваляе зберагаць і прымнажаць усё добрае і каштоўнае, накопленае дзеля будучыні.

Марына Іванаўна МАЛЬКО,

паштальён раённага вузла

 паштовай сувязі:

— Для мяне  3 ліпеня — сім­вал нашай незалежнасці, галоўнае дзяржаўнае свята. Звычайна ў гэты дзень усёй сям’­ёй ідзём на ўрачыстыя мерапрыемствы.

Я — маці траіх дзяцей, і, безумоўна, мае паўся­дзённыя думкі і клопаты пра тое, каб быў мір. Жах апаноўвае, калі па тэлевізары бачу, як ва Украіне ад выбухаў палаюць дамы, гінуць людзі, а бежанцы вымушаны шукаць прытулку ў суседніх краінах. І кожны раз хочацца парадавацца за нашы стабільнасць і парадак, падзякаваць за ўсё гэта кіраўніцтву дзяржавы.

Алег Адольфавіч ВАЛОДЗЬКА, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, былы старшыня калгаса імя Суворава:

— Гэта самы запаветны дзень, бо ў далёкім 1944-ым нашы бацькі і дзяды прынеслі Беларусі выратаванне ад фашысцкага зняволення. З той вайной у мяне і асабістыя рахункі: бацька двойчы пабываў у палоне, ваяваў і дзядзька — мамін брат.

Сёння я мару, каб пра беларусаў заўсёды гаварылі як пра пераможцаў — таленавітую, разумную нацыю, а наш уклад у развіццё навукі і вытворчасці ў свеце быў важкі і каб па нашы тэхналогіі выстройва­ліся чэргі.

Вельмі хочацца, каб сённяшнія юныя грамадзяне выраслі сапраўднымі патрыётамі Радзімы. За свой век я аб’ездзіў паў­свету і шмат чаго пабачыў. Але заўсёды хацелася вяртацца дамоў, у маю родную Беларусь.

 

Тамара Мікалаеўна АТРОШЧАНКА, юрысконсульт ЖЭУ:

— Гэта галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. І ў яго аснове мне бачыцца перш за ўсё вызваленне. Прыгадваючы сваё дзя­цінства, магу сказаць: яно было цяжкае, але спакойнае, таму што побач знаходзіліся шчаслівыя бацькі. Тата ўдзельнічаў у Сталінградскай бітве, меў некалькі раненняў. І калі ваенныя падзеі паўставалі перад ім на тэлеэкране, ён плакаў.

Наша пакаленне бачыла гора, якое прынесла вайна. Таму і зразумела маё вялікае жаданне цяпер кожны раз мець дачыненне да ўсіх святочных урачыстасцей. Няхай сабе і на адлегласці, абавязкова гляджу ваенны парад у сталіцы, іншыя мерапрыемствы, салют.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.