Святар Уладзімір Шымковіч: “Дзякую Пану Богу за дар паклікання”

Духовность

10 гадоў назад, 14 мая 2005 года, у касцёле  ў в. Слабодка Браслаўскага раёна адбыўся абрад пасвячэння ў святары лынтупчаніна, выпускніка гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі Уладзіміра Шымковіча. Пасля службы на Пастаўшчыне, Міёршчыне і Глыбоччыне ён 5 гадоў шчыруе ў парафіі ў Дуброўне, якая налічвае ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек. Тым не менш малады святар стаў ініцыятарам будаўніцтва касцёла, увасабляе ў жыццё і іншыя свае задумы. Але ў шматлікіх справах ён ніколі не забывае малую радзіму і дарагіх сэрцу землякоў…

— Калі і чаму Вы вырашылі пайсці за голасам паклікання да святарства і ўзысці на такую пачэсную, але нялёгкую дарогу святарскага служэння?

— У школьныя гады я меў магчымасць наведваць касцёл у Лынтупах, маліцца ў храме і дома, прымаць удзел у занятках па вывучэнні катэхізіса. І паступова пачаў адчуваць жаданне паступіць у духоўную семінарыю, навучэнцам якой на той час ужо быў мой зямляк Ян Пугачоў — цяперашні пробашч парафіі ў в. Германавічы Шаркаўшчынскага раёна. Доўгі час пра маю мару не ведалі нават бацькі. Але прыйшоў час, калі трэба было адкрыцца. Зрабіць гэта аказалася вельмі няпроста. Сёння я дзякую маім бацькам і настаўнікам Лынтупскай школы, на лёс якіх выпала нялёгкае выпрабаванне прыняць маё рашэнне пайсці за голасам паклікання да святарства, праявіць разуменне і падтрымку. Дзякую ксяндзу Чэславу Куцмежу, які дапамог мне распазнаць голас паклікання і напісаў характарыстыку для паступлення ў семінарыю. Шмат добрых слоў хочацца сказаць і вернікам лынтупскай парафіі за духоўную і матэрыяльную дапамогу ў час вучобы ў семінарыі і пасля яе.

— Якім быў для Вас час вучобы ў духоўнай семінарыі?

— Вельмі цікавым і карысным, хаця і няпростым, таму што на працягу яго цяжка хварэла мая мама, хварэў тата, і гэта дадавала мне шмат перажыванняў і клопатаў. Нават прыйшлося на два гады ўзяць акадэмічны водпуск, каб даглядаць іх. Мае бацькі былі для мяне прыкладам веры ў Бога, малітвы і ўзорам сямейнага жыцця. Я дзякую Усявышняму за сілы, якія мне даваў, за мудрых выкладчыкаў і выхавальнікаў семінарыі, якія дапамаглі мне атрымаць адукацыю і выхаванне.

— А першыя крокі служэння?

— Тут мне вельмі пашанцавала. Шчасце ў тым, што на сваім шляху я сустрэў добрых людзей, якія мяне прынялі і падтрымалі — а гэта вернікі парафіі ў вёсках Парыж, Казлоўшчына і Ляхаўшчына, сярод якіх мне давялося працаваць першыя два гады пасля заканчэння семінарыі. Шчыра дзякую ім за выдатны “старт” майго душпастырскага служэння. У семінарыі нам часта паўтаралі: менавіта ад яго часта залежыць поспех і ўсяго далейшага “бегу”. Затым два гады служыў у парафіі вёскі Ідолта Міёрскага раёна і год — у Мосары, побач з вельмі мудрым і духоўна багатым прэлатам Юзафам Булькам.

— Раскажыце, калі ласка, пра адметнасці Вашай працы ва ўсходнім рэгіёне…

— Сонца раней узыходзіць, трэба раней прачынацца… А калі сур’ёзна, то работы хапае, нягледзячы на тое, што вернікаў каталіцкага веравызнання на Дуброўшчыне істотна менш, чым у тых парафіях, дзе мне давялося да гэтага часу працаваць. Але патрэба святара ў парафіі адчуваецца. Мне давялося займацца яшчэ і справамі будаўніцтва новага касцёла ў гонар Маці Божай Фацімскай. Спадзяюся, што ў недалёкай будучыні запрашу Вас і ўсіх чытачоў газеты на ўрачыстасць асвячэння новага касцёла на дубровенскай зямлі.

— Ці часта Вы бываеце на Лынтупшчыне?

— На вялікі жаль, рэдка. Але ведаю і адчуваю, што на радзіме я жаданы госць, што мяне заўсёды чакаюць ксёндз Павел, усе вернікі парафіі, мае землякі. Я ім вельмі ўдзячны за гэта і часта за іх малюся. Заўсёды з самымі светлымі пачуццямі ўспамінаю класнага кіраўніка А. А. Чалка, настаўнікаў Л. Ф. Кавальскую, М. І. Нячаеву, Г. П. Шчыт і іншых, вернікаў з Лынтуп, Шудаўцаў, Свірдуноў, Ігнацішак… У маёй памяці і тыя, каго, на жаль, сёння ўжо няма побач.

Часта прыгадваю словы з пісьма маёй былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Францаўны Мацур, якое атрымаў з яе рук 25 мая 1996 года, калі ўжо быў выпускніком Лынтупскай школы, і вельмі даражу ім. Вось што яна напісала:

“Мілы мой хлопчык!

Я захапляюся табой і тваім выбарам, больш за тое, я ўпэўнена, што ты гэта зможаш. Але пакуль не позна, затрымайся на хвілінку і яшчэ раз падумай, яшчэ раз усё ўзваж, каб пасля не выракацца, не шкадаваць, не збочыць ні на крок з гэтага шляху. Ты на гэта не будзеш мець права, бо гэта Яго шлях. Што можа быць страшней? Таму — падумай.

І ўсё ж калі ты станеш на гэту дарогу, памятай, што ў цябе ёсць Мова, Радзіма, Бацькі, Людзі. Усяму гэтаму павінна знайсціся месца ў тваім вялікім, шчырым, добрым сэрцы, бо ў гэтым сэрцы ёсць Бог. І мне вельмі хацелася б, каб у ім знайшлося месца літаратуры, няхай яна бу­дзе для цябе крыніцай роздуму і красамоўя.

Сіл табе і веры, веры ў тое, што твой шлях правільны. Хай беражэ цябе Бог!”

Час пацвердзіў, што я не памыліўся ў сваім выбары. Дзякую Пану Богу за дар паклікання.

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.