Такі цудоўны падарунак

Культура

З нагоды 35-годдзя хору ветэранаў вайны і працы раённага Дома культуры раённае аб’яднанне прафсаюзаў зрабіла нам добры падарунак — арганізавала экскурсійную паездку ў Глыбокае. Па дарозе наведалі Мосар, які стараннямі былога пробашча касцёла Ёзаса Булькі стаў квітнеючым куточкам Глыбоччыны, зонай цвярозасці, адным з самых папулярных месцаў у краіне, якое шматлікія турысты называюць беларускім Версалем. Мы пабывалі ў касцёле Святой Ганны, прайшліся па акуратных, дагледжаных дарожках па тэрыторыі, якая патанае ў кветках і зеляніне, палюбаваліся каплічкамі з выявамі святых, “пагаварылі” і сфатаграфаваліся з жывёламі, што жывуць тут, набралі са святой крыніцы вады і накіраваліся да месца назначэння.

На ўездзе ў Глыбокае нас сустрэла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. М. Цяліца, прывітала па-беларуску, суправаджала. Першы прыпынак зрабілі на цэнтральнай плошчы, каля Алеі славы. Экскурсавод расказаў пра горад, ідэю стварэння алеі, землякоў, прадстаўленых на ёй. Сярод іх такія знакамітыя людзі, як Павел Сухой, Язэп Драздовіч, Ігнат Буйніцкі, Пётр Казлоў і многія іншыя. Потым распавёў пра гісторыю велічных праваслаўнага і каталіцкага храмаў — касцёла Святой Тройцы і царквы Раства Прасвятой Багародзіцы, у якую мы зайшлі. Там памаліліся, як хто мог, паставілі свечкі.

Экскурсія прадоўжылася на аўтобусе. Экскурсавод шмат увагі ўдзяліў гісторыі барацьбы савецкага народа з фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ушанавалі памяць ахвяр Глыбоцкага гета.

Завяршылася экскурсія каля гарадскога Дома культуры. Тут нас хлебам-соллю сустрэлі ўдзельнікі хору ветэранаў вайны і працы. Яны падарылі калектыву кнігу пра Глыбоччыну, некалькі буклетаў. Мы таксама прывіталі іх хлебам-соллю, уручылі кнігу пра Паставы і вырабы з саломкі, багата прысмакаў. Падчас сумеснага чаяпіц­ця бліжэй пазнаёміліся з калегамі-харыстамі, кіраўнікамі клуба, хору, Дома культуры. Новыя знаёмыя аказаліся вясёлымі, рухавымі, цікавымі, творчымі. Кіраўнікі хароў расказалі пра свае калектывы, салістаў, дасягненні. У выкананні абодвух калектываў гучалі песні ваенных гадоў, патрыятычныя, лірычныя і народныя. А хіба магчыма было ўседзець на месцы, калі гучыць вясёлая танцавальная музыка?! Вось і выйшлі ўсе ў круг.

На завяршэнне сустрэчы сфатаграфаваліся. Развіталіся вельмі цёпла, быццам добрыя даўнія сябры.

Т. КАЗАКЕВІЧ, старшыня клуба ветэранаў “Памяць”.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.