Такія кранальныя святы

Культура

У разгары лета — час, калі да бацькоўскай хаты ў вёскі з’язджаюцца дарослыя дзеці, адпачываюць на вясковай прасторы ў клапатлівых бабуль унукі з горада. І таму менавіта ў такі час найчасцей праводзяцца святы вёсак, калі на ўлонні прыроды ці ва ўтульным сельскім двары збіраюцца былыя і цяперашнія іх жыхары, каб аддаць даніну павагі сваёй малой радзіме, якая ўзрасціла і навучыла ўсяму, што так патрэбна ў жыцці, успомніць свае карані, тых, хто пайшоў з жыцця, ушанаваць ветэранаў, прывітаць маладое папаўненне вяскоўцаў, а таксама крыху адпачыць душой, пагарэзнічаць, паспяваць усім вядомыя шчымлівыя песні. Сёлета Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна аб’явіў агляд-конкурс свят вёсак, каб асабліва засяродзіць увагу клубных работнікаў на важнасці такіх масавых мерапрыемстваў для сельскага насельніцтва і ўдасканаленні іх правядзення.

Свята вёскі Жалязоўшчына, якое адбылося 21 чэрвеня,  праводзілі работнікі Навасёлкаўскага Цэнтра культуры і Лукашоўскага сельскага клуба, а  сям’я дачнікаў Скрыпко запрасіла жыхароў сабрацца на сваім падвор’і. Мінутай маўчання былі ўшанаваны тыя, каго ўжо няма побач, а песнямі і падарункамі — малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў В. І. Чарняўскі, Ф. І. Чарняўская, найстарэйшая жыхарка Л. І. Кугара, якая адзначыла сваё 87-годдзе. Добрым словам вядучая свята — загадчыца клуба Л. Мелец — успомніла і  працаўнікоў  сельскай гаспадаркі, сем’і-юбіляры, іншых вяскоўцаў. Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама К. Э. Мядзведзеў распавёў пра праблемы добраўпарадкавання і па­дзякаваў руплівым гаспадарам. Свята прадоўжылася запрашэннем на юшку, вясёлымі спевамі і танцамі.

Да Дня анёла-ахоўніка было прымеркавана свята ў Валках. Яно распачалося ўрачыстым шэсцем ад крыжа, устаноўленага ў цэнтры вёскі, да памяшкання клуба, дзе былі аформлены выставы фотаздымкаў лепшых падвор’яў і вырабаў народных майстроў. Для ўшаноўвання ветэранаў працы, юбі­ляраў, сем’яў былі падрыхтаваны вялізныя букеты прыгожых кветак. Старшыня Валкоўскага сельвыканкама Т. Б. Баторы ўручыла падарункі ўстановам і арганізацыям, размешчаным на тэрыторыі сельсавета. Цёплымі, шчырымі словамі вітаў прысутных святар дунілавіцкай парафіі ксёндз Павел.

У Сакунах уражвала прыгожае аздабленне пляцоўкі на маляўнічай палянцы каля вясковай хаты — тканыя посцілкі, вышываныя ручнікі, рознакаляровыя кветкі. Тут жа былі размешчаны выставы рукадзелля Р. Ракоўскай, страў нацыянальнай кухні і разнастайнай выпечкі А. Купцовай і К. Дзісько. Гарэзлівымі песнямі ўздымалі настрой прысутных удзельнікі вядомага ў раёне вакальнага калектыву з Камай “Вясковы экстрым”. Змястоўную і разнастайную праграму свята дапаўняла дзіцячае гульнёвае падарожжа па казках, якое цікава праводзіла на асобнай пляцоўцы загадчыца Дварчанскага клуба С. Памазкова. Падчас свята пад гучанне шчымлівай песні “А закаты  алые” дзеці ўсклалі кветкі да памятнага знака ў гонар землякоў, якія не вярнуліся з Вялі­кай Айчыннай вайны. Расказ пра гісторыю вёскі і яе людзей чаргаваўся з успамінамі, выступленнямі запрошаных, гульнёвымі імпрэзамі. Творчыя работнікі Камайскага СДК на чале з дырэктарам Г. Бразюль падрыхтавалі прыгожыя  “ордэны” з вясёлымі надпісамі, якія ўручылі старэйшыне вёскі Р. Р. Ракоўскай, загадчыку аддзялення “Сакуны” ААТ “Камайскі-агра” М. М. Сауку за клопат пра вяскоўцаў і зберажэнне інфраструктуры сяла, за добра­ўпарадкаванне — сям’і Купран, як удзячнасць ад былых вучняў — настаўніцы І. Л. Бедунько, мнага­дзетнай сем’і Сакаловых, у якой шасцёра дзяцей. Адзначаны быў  таксама і самы малы жыхар Сакун — сямімесячны  М. Мозалеў. А мнагадзетных сямей у Сакунах нямала — тут падрастаюць 25 дзяцей. Муж культработніка Я. Герман Аляксандр атрымаў ордэн “За цярплівасць” з нагоды  юбі­лею жонкі, які яна адзначала якраз у гэты час.

Шматлікія ўдзельнікі самадзейнасці, а іх узрост вагаўся ад 6 да 82 гадоў, з задавальненнем дэманстравалі свае таленты — спявалі, чыталі вершы — на свяце вёскі Ярэва. Мясцовы клуб быў перапоўнены. Асаблі­ва ўразілі прысутных узнёслыя вершы М. Курыловіч, любімыя знаёмыя песні ў выкананні спявачак паважанага ўзросту К. Тарасевіч, Ф. Мядзюха, Л. Горшвінай. Старшыня Ярэўскага сельвыканкама П. А. Скрыдлеўскі  павіншаваў усіх са святам, лепшым гаспадарам уручыў таблічкі “Дом узорнага парадку” і падзякі сельвыканкама, а таксама падарыў асабісты музычны падарунак — выканаў вядомую песню “Бацькоўская хата”, якую дружна пад­трымала ўся зала. Напрыканцы канцэрта выступілі запрошаныя з Пастаў госці — салісты народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” С. Казура і П. Кароль, якіх таксама цёпла прымалі гледачы. Свята завяршылася конкурснай праграмай і дыскатэкай.

Эстафета цікавых, змястоўных і такіх душэўных свят вёсак працягваецца.

Л. ЧАТОВІЧ, супрацоўнік Цэнтра

культуры і народнай творчасці.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.