У палацы Тызенгаўзаў — новая музейная экспазіцыя

Культура

У рамках Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» у падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў адбылося ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі, прысвечанай юбілею фестывалю.

Фатаграфіі, музычныя інструменты, афішы розных гадоў, дыпломы, граматы і іншыя ўзнагароды, інфармацыйныя стэнды, сувенірныя вырабы — вось далёка не поўны пералік музейных экспанатаў. Першымі наведвальнікамі выставы сталі прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі, у склад якой уваходзілі арганізатары і ўдзельнікі фестывалю, члены журы, кіраўніцтва раёна. Але перш чым прыступіць да адкрыцця, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў павіншаваў з юбілеем дырэктара раённага краязнаўчага музея Раісу Леанідаўну Курачэнка. Разам з цёплымі, шчырымі словамі, грашовым узнагароджаннем і букетам кветак галоўны «захавальнік гісторыі» за шматгадовую плённую працу ў сферы культуры і вялікі асабісты ўклад у развіццё музейнай справы на Пастаўшчыне атрымала Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта, а таксама грашовую прэмію ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Адкрыў экспазіцыю, прысвечаную юбілею фестывалю, навуковы супрацоўнік музея Вадзім Шышко. Ён падрабязна распавёў пра багатую культурную спадчыну раёна, у прыватнасці груздаўскіх музыкаў:

— У гэтых мясцінах нарадзіліся  і пражылі  ўсё жыццё  музыканты-самавучкі: скрыпачы Іосіф Мацкевіч, Міхаіл Давідовіч, гарманісты Браніслаў Качарга, Іван Крывенькі.  Затойваючы дыханне, слухала і назірала за іх выступленнямі моладзь: Пётр Рагіня, Іван Мацкевіч, Станіслаў Мелец, браты Нестар і Віктар Падгайскія, Аляксандр Кавалеўскі. Напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя менавіта гэта моладзь стварыла самабытны ансамбль, які праіснаваў больш за 60 гадоў. У яго склад уваходзілі дыятанічныя цымбалы, скрыпкі, гармонік і бубен. З цягам часу з ансамбля вырас Груздаўскі цымбальны аркестр, слава пра які ў 60—70-я гады грымела на ўвесь Савецкі Саюз. Ад груздаўскіх музыкаў пайшлі музычныя сямейныя дынастыі Мацкевічаў, Рагіняў, Новікаў, Падгайскіх, а традыцыі  ансамбля далі падставу для  стварэння фальклорнага ансамбля “Паазер’е”.

Ад сваіх  таленавітых, апантаных папярэднікаў пераняў эстафету і з гонарам прадоўжыў пачатую справу Анатоль Анатольевіч Собаль — дырэктар школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Яго па праву можна назваць духоўным спадчыннікам груздаўскіх музыкаў. Мэта была адна — зберагчы і передаць моладзі  музычную  і выканальніцкую спадчыну роднай зямлі, не даць парвацца тонкай нітцы, якая звязвае пакаленні.

— Я сам нарадзіўся ў гэтых мясцінах, таму народная музыка зафіксавалася ў памяці яшчэ ў дзяцінстве, — расказваў А. А. Собаль. — Калі ж прапанавалі працаваць з калектывам «Груздаўскія дзяды», адчуў гонар і адказнасць адначасова. Паколькі я атрымаў акадэмічную музычную адукацыю па класе баяна, прыйшлося пераймаць ад знакамітых музыкаў манеру ігры на народных інструментах, збіраць і запісваць аўтэнтычныя мелодыі, назапашваць веды і вопыт. А калі адзін за адным  старэйшыя музыкі пайшлі з жыцця, зразумеў, што традыцыі гэтага ўнікальнага калектыву абавязкова трэба захаваць. Так на базе музычнай школы быў створаны фальклорны ансамбль “Па­азер’е”.

Менавіта дзякуючы груздаўскім музычным традыцыям і вялікай папулярнасці заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Па­азер’е”, на Пастаўшчыне “прапісаўся”  Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”.  Ініцыятар яго правядзення, наш зямляк Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі, адзначыў:

— Асноўная задача фестывалю — папулярызацыя, адра­джэнне і развіццё рэгіянальных традыцый Беларусі і іншых краін, фарміраванне нацыянальнага аблічча культуры. А паколькі Пастаўшчына найбольш дакладна захавала музычную спадчыну, то фестываль лёг на сапраўды падрыхтаваную глебу. Роля і значэнне фестывалю не толькі ў духоўных складальніках, але і ў матэрыяльных каштоўнасцях. Дзякуючы святу народнай музыкі, у райцэнтры была адкрыта абноўленая экспазіцыя ў музеі, у гарадскім парку пабудаваны прыгожы амфітэатр, адкрыты Дом рамёстваў у адрэстаўрыраваным будынку былога млына — помніку гісторыка-культурнай спадчыны, адрэстаўрыраваны будынак палаца Тызенгаўзаў.

Тадэвуш Іванавіч папоўніў музейную экспазіцыю некалькімі дзясяткамі дыскаў з асабістай калекцыі. На электронных носьбітах — запісы песень тых калектываў, якія ў розны час прымалі ўдзел у фестывалі і станавіліся яго лаўрэатамі.

У фестывальныя дні музейную экспазіцыю наведалі шматлікія госці і ўдзельнікі свята. Сярод іх — і былы старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Рыгоравіч Шчасны. Шмат у чым дзякуючы яго са­дзейнічанню, міжнародная арганізацыя выдзеліла сродкі на рэстаўрацыю палаца Тызенгаўзаў, сталі магчымымі іншыя праекты.

— Прыгожа выглядае палац звонку, выдатная экспазіцыя ўнутры. Думаю, па меры знахо­джання новых артэфактаў і ўвасаблення творчых ідэй яна бу­дзе пашырацца, — даў сваю ацэнку праведзенай рабоце У. Р. Шчасны.

Тэкст і фота

 Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.