У раёне пачалося жніво

Сельское хозяйство

Дваццаць пяты сезон убірае збажыну камбайнер СП “Дунілавічы-агра” Андрэй Галінскі. Сёлета ў яго памочнікам выпускнік Дунілавіцкай СШ Андрэй Парневіч, які разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі атрымаў правы трактарыста і вадзіцеля.

У выхадныя і на пачатку гэтага тыдня ўсе гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі азімага рапсу. Ён  абмалочаны на 964 гектарах, што складае 64% планавай плошчы. Валавы збор масланасення склаў 1880 тон пры сярэдняй ураджайнасці 19,5 цэнтнера з гектара. Першымі завяршылі ўборку гэтай культуры ААТ “Кураполле-агра” і “Сцяг Перамогі-агра”. ААТ “Навасёлкі-Лучай”, СП “Дунілавічы-агра” і філіял “Нафтазаводмантаж-агра” пачалі ўборку зерневых. Аб тым, які  старт узяты на жніве сёлетняга года, карэспандэнту “Пастаўскага краю” Пятру Курыловічу расказалі:

Яўгеній ВІШНЕЎСКІ,

галоўны інжынер ААТ “Навасёлкі-Лучай”:

— У мінулую пятніцу, перад тым як выехаць у поле,  на цэнтральным мехдвары гаспадаркі адбылася праверка зернеўборачных камбайнаў на герметычнасць. Былі прадстаўлены 10 уборачных машын, якія рыхтавалі самі механізатары з дапамогай зваршчыка Аляксандра Яганава, каваля Генадзія Юндзеля, токара Аляксандра Драгуна, электрыка Юрыя Шорца і іншых рамонтнікаў. У цэлым спецыялісты інспекцыі Дзяржаўнага тэхнічнага нагляду і інжынернай службы ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, якія прысутнічалі пры прыёмцы тэхнікі, далі добрую ацэнку падрыхтоўцы камбайнаў да жніва. Практычна без усялякіх заўваг былі дапушчаны да работы “Джон Дзір” і два КЗС-10. У астатніх, каб весці ўборку без страт, давялося ліквідаваць нязначныя непаладкі. Першыя дні работы камбайнаў у полі паказалі, што механізатары і іх памочнікі настроены на тое, каб правесці жніво ў сціслыя тэрміны і якасна. Азімы рапс абмалочаны на 175 гектарах, што складае палову планавай плошчы, сярэдняя ўраджайнасць — 23,1 цэнтнера з гектара.

На ячменным палетку галоўны аграном Вера Васільеўна Мукель, старшыня прафкамітэта Славамір Генрыхавіч Шапель і старшы камбайнер Сяргей Францавіч Каралёнак з ААТ “Навасёлкі-Лучай”.

Юрый БОРЫС,

дырэктар ААТ “Сцяг Перамогі-агра”:

— Да ўборкі рапсу прыступілі на мінулым тыдні. Механізатарам Андрэю Борысу, Віктару Чыпко, Віктару Граблеўскаму і Аляксандру Дзюшко спатрэбілася ўсяго некалькі дзён, каб убраць гэту культуру на 208 гектарах. Ураджайнасць сёлета некалькі вышэйшая. Валавы намалот склаў 365 тон. Дапрацоўку масланасення вялі на сушылках у Юньках, Шырках і Савічах. Большую частку яго рэалізуем  для выканання дзяржаўнага заказу.

Усяго на жніве будуць працаваць 7 камбайнаў. Калі не перашкодзіць надвор’е, усе яны ў бліжэйшыя дзень-два пачнуць уборку зерневых, якія займаюць амаль 1740 гектараў.

Аляксандр БУДЗІЧ,

галоўны аграном СП “Дунілавічы-агра”:

— Сёлета першымі вывелі ў поле камбайны экіпажы ў складзе Андрэя Галімскага і Андрэя Праліча, Аляксандра Парневіча і Андрэя Галаўко. Яны завяршаюць уборку азімага рапсу  ў старадворскім сельгасаддзяленні. Ура­джайнасць складае амаль 27 цэнтнераў з гектара. Пачалі ўборку трыцікале. У цэлым на збожжавых палетках механізатарам трэба  выканаць вялікі аб’ём —  абмалаціць зерневыя і зернебабовыя на 2320 гектарах.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.