Утаймавальнікі агню


— У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях працуюць тыя, на каго цалкам можна пакласціся не толькі ў рабоце, але і ў любой жыццёвай сітуацыі. А начальнік змены Андрэй Уладзіміравіч Турок, старшы інструктар-ратаўнік Яўгеній Рышардавіч Кундро, майстры-ратаўнікі Павел Уладзіміравіч Навумчык і Аляксей Алегавіч Мозалеў (на фота) — лепшыя работнікі, якія непасрэдна ліквідуюць пажары і іншыя надзвычайныя сітуацыі, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, прадстаўляюць аддзел на розных спаборніцтвах, — знаёміць мяне з падначаленымі начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці Алег Іванавіч Рудніцкі.

За гады сваёй працы яны пабывалі не ў адной экстрэмальнай сітуацыі. Самы вопытны — Яўгеній Кундро, працуе ў калектыве ўжо 14 гадоў. У астатніх стаж меншы — ад чатырох да пяці гадоў.

— У мяне да гэтага часу ёкае сэрца пры выездзе на месца пажару, бо цяжка прадбачыць, з якой менавіта сітуацыяй сутыкнешся. Самая складаная — ратаваць з агню людзей. У такіх выпадках на рахунку кожная секунда, многае залежыць ад зладжанасці дзеянняў, таму размяркоўваем абавязкі яшчэ па дарозе да месца выкліку, — дзеліцца Павел Навумчык.

Спецыфіка работы пажарных звязана з рызыкай для жыцця, таму ім неабходна не толькі дасканала ведаць аварыйна-выратавальнае абсталяванне і пажарна-тэхнічнае ўзбраенне, але і ў любой сітуацыі дзейнічаць хутка, дакладна, зладжана.

— Дзеянні ратаўнікоў павінны быць даведзены літаральна да аўтаматызму, таму прафмайстэрства яны павышаюць штодня на тэарэтычных ці практычных занятках, — расказваў Алег Іванавіч. — Паколькі працаваць даводзіцца ў стрэсавай сітуацыі, вялікая ўвага надаецца псіхалагічнай падрыхтоўцы. Трэба ўмець трымаць сябе ў руках, не паддавацца эмоцыям, адэкватна ацэньваць сітуацыю.

Штодзённыя трэніроўкі не праходзяць дарэмна. Напрыклад, Яўгеній Рышардавіч Кундро разам з іншымі ратаўнікамі, якія выязджалі на ліквідацыю пажару па вуліцы Ленінскай у райцэнтры, за зладжаныя дзеянні ўзнагароджаны грашовай прэміяй міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

— На пульт цэнтра аператыўнага кіравання паступіў званок аб узгаранні дома, — успамінае Я. Р. Кундро. — На месца здарэння выехалі два ад­дзяленні. Прыбыўшы, выявілі, што дах дома цалкам ахоплены агнём, без прамаруджвання прыступілі да разведкі: агледзелі ўсе памяшканні на наяўнасць жыхароў. Высветлілася, што ў дапамозе мае патрэбу сям’я, якая жыве на другім паверсе і з-за моцнага задымлення лесвічнай пляцоўкі не можа эвакуіравацца самастойна. Прыставілі да акна трохкаленную лесвіцу і прынялі грудное дзіця, яго бацькі спусціліся самастойна. Калі людзей у доме не засталося, пачалі тушыць пажар. Утаймаваць полымя доўга не ўдавалася з-за вялікай плошчы ўзгарання і асаблівасцей пабудовы дома.

Сёлета пік пажараў прыйшоўся на вясновыя месяцы.

— Асабліва шмат выездаў было ў сакавіку і красавіку, калі гарэла сухая расліннасць. У гэты перыяд у часці вельмі часта не было ніводнай машыны, уся спецтэхніка задзейнічана на тушэнні пажараў, — уключаецца ў размову Андрэй Турок. — Іншы раз даводзіцца прыцягваць да работы не толькі ўсю тэхні­ку, але і свабодных ад нясення службы работнікаў.

Усяго ў калектыве раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях працуюць 83 чалавекі. Цякучасць кадраў нязначная, вакансіі ў асноўным утвараюцца толькі тады, калі хтосьці выходзіць на пенсію ці пераводзіцца ў іншы раён.

У першым паўгоддзі пажарнымі-ратаўнікамі раёна ажыццёўлены 641 выезд рознага кірунку, з іх на ліквідацыю пажараў — 21, загаранняў — 187, на аказанне дапамогі насельніцтву і арганізацыям — 25. Праведзены тактыка-спецыяльныя вучэнні і вучэнні па рэагаванні на ўзнікненне надзвычайных сітуацый у экасістэмах.

Праведзена значная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ад­дзела: ва ўсіх падраз­дзяленнях зроблены санвузлы, душавыя, выраблены сушылкі для баявога адзен­ня, праведзены касметычныя рамонты, выкананы рамонт даху рэзервовага гаража пажарнай аварыйна-выратавальнай часці. Палепшылася і тэхнічная база. У пачатку года РАНС папоўніўся новай аўтацыстэрнай на шасі МАЗ. Гэта тэхніка павышанай праходнасці з дзесяцітонным запасам вады. Такая машына дазваляе больш эфектыўна змагацца з агнём, асабліва там, дзе складана дабрацца да пажарных вадаёмаў і дазаправіцца. Застаецца толькі пажадаць, каб як мага радзей работнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях даводзілася такую тэхніку выкарыстоўваць.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.