Джэма Грынько: “Вясна — пара цудоўная, а мяне больш зачароўвае восень”


Такое прызнанне я пачула ад пастаўчанкі Джэмы Мікалаеўны Грынько. Яна — медык. А ў душы — лірык, мастак. Пра гэта і іншае — у інтэрв’ю карэспандэнта “Пастаўскага краю”.

— Джэма Мікалаеўна, тое, чым цяпер займаецеся, называюць медыцынай на колах…

— Так, я загадваю перасоўным медпунктам і па пасадзе з’яўляюся памочнікам урача агульнай практыкі аддзялення паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы. Абслугоўваю тыя медпункты, дзе па той ці іншай прычыне няма медыцынскага работніка: або скарацілі, або ён у чарговым ці дэкрэтным водпуску і г. д. Асноўны мой маршрут — Балаі, Полава, Васіліны, Хацілы, Коўзаны і прылеглыя да іх вёскі. Гады два ездзіла ў Вярэнькі — там фельчар працавала на паўстаўкі, і я дапамагала ёй. Некаторы час на маім маршруце былі Сяргеевічы, Ярэва. Працую штодзень, акрамя суботы і нядзелі. У населены пункт прыязджаю з поўнай укладкай па хуткай дапамозе. Людзей, якія звяртаюцца, магу паслухаць, змераць ім ціск, узяць кроў на аналізы, паставіць кропельніцу па назначэнні ўрача, вызначыць узровень цукру. Акрамя таго, па дамоўленасці з аптэкай адпускаю медыкаменты. Прыём вяду звычайна на ФАПе, а, напрыклад, у Хацілах — у адным з кабінетаў у мехмайстэрнях. У некаторых вёсках арандуем жылое памяшканне. І людзі задаволены.

— А як выбралі прафесію медыка?

— Пасля заканчэння 8 класаў Белькаўскай сярэдняй школы разам з сяброўкай падала дакументы ў Аршанскае медвучылішча. Сяброўка ехала, бо там працавала сваячка, я — за кампанію. Паступілі абедзве: сяброўка — на акушэрскае аддзяленне, я — на фельчарскае. Адвучыліся. Пры размеркаванні папрасілася ў свой раён. А тут накіравалі на ФАП у Васіліны, дзе адпрацавала чатыры гады. На першым часе было складана: у галаве — тэорыя, а практыкі — ніякай. Людзі незнаёмыя, і праблемы са здароўем у іх розныя. Але мяне гэта не палохала, бо было ў каго вучыцца. Затым перавялася ў Паставы: крыху папрацавала ў дзіцячай кансультацыі райпаліклінікі, пакуль не паклікаў на працу тагачасны загадчык ад­дзялення хуткай дапамогі Д. А. Антух — вось тут я затрымалася на 25 гадоў. А калі адкрываўся перасоўны медыцынскі пункт, галоўны ўрач ЦРБ У. М. Чакавы прапанаваў яго ўзначаліць.

— Чым запомнілася работа на “хуткай”?

— Нечаканасцю. Ідзеш на працу і не ведаеш, чым прыйдзецца займацца, якія выклікі паступяць. У аднаго пацыента ціск падскочыў, другога з вострым апендыцытам вязём у прыёмны пакой. А пасля выездаў на аварыі са смяротным зыходам па некалькі тыдняў у вачах стаялі жахлівыя карціны. І тым не менш работа падабалася, нягледзячы на некаторыя складанасці, напрыклад начныя дзяжурствы.

— А не думалі памяняць работу?

— Ніколі. З вышыні пражытага іншы раз кажу сама сабе: я нарадзілася, каб быць медыкам, хоць і паступіла ў медвучылішча, можна сказаць, выпадкова. Ніколі не бачыла сябе ні педагогам, ні бухгалтарам, ні прадаўцом, ні аграномам. Да таго ж у медыцынскім калектыве заўсёды адчувала сябе камфортна. Цяпер мае непасрэдныя кіраў­нікі — намеснік галоўнага ўрача С. В. Дацэнка і загадчык аддзялення ўрачоў агульнай практыкі М. Л. Петух, і з імі я знаходжу паразуменне. Цесны кантакт з урачамі В. Р. Сівіцкім, С. Я. Чараўко, Г. Л. Нямірскай.

— Што ў прафесіі медыка галоўнае?

— Найперш — веды. А яшчэ трэба любіць сваю работу і лю­дзей і быць выдатным псіхолагам, таму што ўсе мы — розныя, і да кожнага пацыента патрэбен індывідуальны падыход. Нярэдка бывае так. Прыедзеш да хворага, а ён чымсьці ўзрушаны, бо нешта адбылося ў яго дома, у сям’і. Пагаворыш з ім, супакоіш — і ціск вяртаецца ў норму нават без медыкаментаў. І, безумоўна, рабіць сваю справу трэба адказна і сумленна.

— Джэма Мікалаеўна, сям’я падтрымлівае вас?

— Абавязкова. Працавалі абое — і я, і муж. Даводзілася пакідаць сына дома аднаго. Вырас добрым чалавекам, атрымаў вышэйшую адукацыю. І хоць у сям’і ён адзін, але не беларучка: умее касіць і араць, упраўляецца з пілой і сякерай. Мяне гэта радуе. Палацаў не нажылі, і цяпер маё галоўнае багацце — ён.

— Памятаеце знакамітае “Родительский дом, начало начал…” Гэта так?

— Так. У нас два бацькоўскія дамы: мужаў — у Васілінах, мой — у Тузбіцы. Утрымліваць абодва праблематычна, таму ўсе сілы мы канцэнтруем на тым, што бліжэй да горада. Домік дагле­джаны як звонку, так і знутры. Тэрыторыя навокал добраўпарадкавана. На агародзе парадак, і кветкам таксама ўвага належная. Мы любім сюды прыязджаць — і працаваць, і адпачываць.

А ў Тузбіцы душа баліць. Не таму, што хата забыта: яна не закінута, мы і туды ездзім, абкошваем рэгулярна. Сумна ад таго, што вёска вымірае. Засталося ўсяго некалькі хат. А некалі ж і школа пачатковая была! Летась вясной паехалі на могілкі. Зайшла дамоў. Нідзе нікога, навокал — цішыня. І толькі водар язміну ля хаты ды салоўка вяртаюць у ранейшае жыццё — вясёлае і спакойнае, з усімі роднымі і блізкімі. А сёлета пасля трохгадовага перапынку зацвіў наш старэнькі сад. Уяўляеце, дрэвы тры гады стаялі ў жалобе пасля мамінай смерці.

— Што цэніце ў жыцці?

— Галоўнае — здароўе. Я не перастаю дзівіцца з людзей пакалення 30—40-ых гадоў. Яны перажылі вайну, голад і нястачы, цярпелі здзекі, і зараз ім пад 80 і 90, а яны не здаюцца: трымаюць калі не кароўку, дык козачку, курэй, апрацоўваюць зямлю, садзяць агароды. Дзеці просяць пажыць для сябе — а яны працуюць, працуюць. Я па-добраму зайздрошчу іх энергіі і жыццялюбству і жадаю здароўя.

— Чым любіце займацца ў вольны час?

— Яго не так шмат. Люблю, каб парадак быў у доме і вакол яго. Маё захапленне — кветкі. Муж Павел Генадзьевіч адказвае за газоны, цяпліцу. Прывезлі дошак — трэба змайстраваць новую хатку сабаку. Зрэшты, нічога асаблівага ў нас няма — усё, як і ва ўсіх.

У вольны час жанчыны звычайна вяжуць. Я ніколі не вязала, бо мама такія шыкоўныя ўборы мне вывязвала. Раней вышывала, і думаю гэтым заняцца ў далейшым. Дастала з гарышча ўсе вышыванкі і маляванкі сваёй маладосці і вывесіла іх на дачы ў Васілінах, так бы мовіць, аформіла залу ў стылі “рэтра”. І шафам, што чакалі свайго часу ў кладоўках, знайшлося месца. З якім замілаваннем гляджу на ўсё гэта!

— Ці любіце чытаць?

— У дзяцінстве і маладосці чытала шмат, напэўна, усё агулам. Цяпер цікавіць лірыка. Акрамя класікаў — Ясеніна, Пушкіна і іншых, люблю перачытаць сучасных беларускіх аўтараў, у тым ліку і пастаўскіх. Не прамінаю ніводнай старонкі “Світанка” ў “Пастаўскім краі”. Асаблівая ўвага — паэтам-землякам. Таццяна Куцуха — васілінская, Алёна Гінько — тузбіцкая. Увогуле, “Пастаўскі край” я чытаю вельмі ўважліва, а муж — «Советскую Белоруссию”, гляджу тэлеперадачы, а цяпер і ў інтэрнэце баўлю час. Справа ў тым, што ў нашых бацькоў была вялікая радня, і цяпер многія сваякі жывуць у краінах Прыбалтыкі, дык мы з імі ў асноўным па скайпе перагаворваемся.

— Вам падабаецца час, у які мы жывём?

— Ён выпаў на нашу долю, дык павінен падабацца, і прымаць яго трэба такім, які ёсць. Я і маё пакаленне жывём у двух стагоддзях, і ўжо гэта варта ўвагі. Раней не ведалі, што такое тэлефон. Пазней радаваліся з’яўленню на вуліцах тэлефонных будак і тэлефонных апаратаў у кватэрах і дамах. Цяпер мабільнікі ў руках у кожнага, інтэрнэт на службе чалавека. А якая бытавая тэхніка! Адным словам, радавацца ёсць чаму.

— А якую пару года любіце?

— Вясну — яна пры любым надвор’і цудоўная. Але мяне больш зачароўвае восень, тая, калі «в багрец и золото одетые леса». Уявіце: колькі разоў за сезон я маю магчымасць убачыць такое. Едзеш на выклік — а восень, спакойная, багатая і мудрая, кліча зазірнуць на палі, у людскія агародчыкі, на ўзлескі. Багацце фарбаў натхняе, надае сілы. А як пахнуць у садах спелыя яблыкі! Прырода проста шыкуе.

— А цяпер ад узнёслага вернемся да зямнога. Званне “Чалавек года Пастаўшчыны” абавязвае?

— Віншаванняў у гэтай сувязі было шмат, і я ўсім шчыра дзякавала. І адначасова разумела: да сваёй справы трэба адносіцца з яшчэ большай адказнасцю.

Мая гераіня не пахваліла сябе ні разу, толькі аднойчы сціпла прамовіла, маўляў, не ўмее працаваць напаўсілы. Затое шмат сакрэтаў раскрыў сын: “Мама вельмі адданая сваёй прафесіі. Памятаю, як пасля работы, прыехаўшы дамоў, тэлефанавала ў бальніцу, пацыентам дамоў і цікавілася іх здароўем. Яна перажывала за кожнага. Мама вельмі добрая. Клапатлівая”. Валерый Паўлавіч адрасаваў дарагому і любімаму чалавеку самыя шчырыя пажаданні з нагоды юбілею: Джэма Мікалаеўна адзначае яго сёння. Далучаемся і мы і зычым зда­роўя, шчасця, радасці.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.



2 комментария по теме “Джэма Грынько: “Вясна — пара цудоўная, а мяне больш зачароўвае восень”

  1. Шаноўная Джэма, прабачце за апіскі ў маім папярэднім каментарыі. Але гэта не так страшна, бо іх можна выправіць. Вам жа жадаю, каб у вашай працы медыцынскай памылкі абміналі ваш лёс.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. З юбілеем Вас мілы, душэўны і несумненна добры чалавек! Здароўя!!! Прыемна было пазнаёміцца завочна, дзяукуючы артыкулу. Прыгожае ў Вас імя! Дабрабыту і спагады ад Бога! Няхай будзе ўсё шчасліва па магчымасці ў вашых рогдных!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.