“Я пазітыўны чалавек, і гэта дапамагае ў працы”


Наша запланаваная сустрэча некалькі разоў пераносілася: то ў мяне не выпадала часу, то ў Марыны. Але нават з тэлефонных размоў будучая гераіня майго чарговага артыкула выклікала сімпатыю. Сустрэча замацавала гэта пачуццё.

Яркая, прыгожая, кантактная маладая жанчына. Падумалася: напэўна, такім і павінен быць страхавы агент. Між тым Марына Пузан трапіла на працу ў аддзяленне Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне зусім не па прызванні, а па волі абставін. Закончыўшы Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум і атрымаўшы дыплом тэхнолага па прыгатаванні страў, яна 9 гадоў адпрацавала ў сістэме грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, спачатку кандытарам, затым — тэхнолагам. А вярнуўшыся з дэкрэтнага водпуску на ранейшае месца работы, зразумела, што не вельмі тут і патрэбна.

— Канфліктаваць і даказваць сваю правату не хацела, — успамінае Марына той час. — Таму звольнілася па ўласным жаданні і стала шукаць іншую работу.

Знайшла яе… у прадстаўніцтве Белдзяржстраху. На той час у арганізацыі не затрымліваліся страхавыя агенты, якія абслугоў­валі горад. А Марыну якраз  цікавіў гарадскі ўчастак, бо на яе руках быў малы сынок, якога расціла без мужа, і па гэтай прычыне выязджаць у сельскую мясцовасць не мела магчымасці.

— На першым часе было вельмі цяжка, — успамінае. — Ад інфармацыі галава ішла кругам. Адпрацавала месяц, а зарплата ніякая, бо план не выканала. Папрасіла большы аб’­ём. Далі.

Да гэтага абслугоўвала некалькі шматпавярховак. Дабавілі вуліцы Дубоўкі, Асяненкі, Кулажанкі. А зараз у зоне абслугоўвання Марыны Вільгельмаўны Пузан больш за 25 шматпавярховак ва ўсіх мікрараёнах і 14 вуліц. “Раней я працавала на імя, цяпер яно на мяне”, — гаворыць страхавы агент. А я пытаюся, як яна знаходзіць падыход да людзей, і чую ў адказ: “Галоўнае — быць прыемным у зносінах. Размову можна пачаць з чаго заўгодна — дзяцей, кветак, надвор’я, хатніх жывёл. Ну, а потым данесці да чалавека пазіцыі страхавання. Страхуем мы ўсё: дзяцей, пабудовы, хатнюю маёмасць, транспарт, жывёлу і многае іншае”.

А які пераканаўчы доказ — наступленне страхавога выпадку. Напрыклад, перад самым Новым годам адны грамадзяне застрахавалі дачу. Літаральна праз некалькі дзён дача згарэла. Як жа ўдзячны яны былі Марыне Віль­гельмаўне, што ўгаварыла іх аформіць дагавор страхавання, і шкадавалі, што не на такую вялікую суму, як можна было б. Зараз гэтыя пастаўчане страхаюць усё, што маюць.

М. В. Пузан працуе ў прадстаўніцтве ўжо 10 гадоў і бясконца ўдзячна яго дырэктару Рыгору Рыгоравічу Шэцку, што ў свой час улічыў яе сямейныя абставіны, даў шанс знайсці сябе ў іншай прафесіі. Цалкам задавальняе яе і калектыў. Пры дапамозе прафсаюза атрымлівала пуцёўкі на лячэнне сына ў санаторыях, два гады таму калектывам ездзілі на экскурсію ў Кіева-Пячэрскую лаўру, летась — у Санкт-Пецярбург, зараз збіраюцца на канцэрт у Мінск. Так што не толькі праца аб’ядноўвае страхавальнікаў.

Пра цяжкасці ў рабоце, якіх таксама хапае, Марына Вільгельмаўна гаварыла менш за ўсё: “Я пазітыўны чалавек, і гэта дапамагае ў працы”.

— Сапраўдны прафесіянал, — характарызуе М. В. Пузан дырэктар аддзялення Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Рыгор Рыгоравіч Шэцка. — Яна абслугоўвае адзіны і вельмі вялікі гарадскі ўчастак. З месяца ў месяц выконвае даведзеныя планы, прыцягвае новых кліентаў па добраахвотных відах страхавання. Упэўненая, прынцыповая, сумленная. Умее знаходзіць падыход да людзей.

Такая характарыстыка кіраўніка дапаўненняў не патрабуе.

Фаіна КАСАТКІНА,

Алена ШАПАВАЛАВА (фота). 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.