Як і ў маладосці — з адказнасцю і вялікай любоўю


У прафесіі яна 40 гадоў. І гэта пры тым, што пасля заканчэння Віцебскага прафтэхвучылішча не збіралася ў ёй заставацца: проста лічыла, што трэба ўмець быць краўчыхай, каб кожны раз пры патрэбе не прасіць сваіх цётак.

— Іх ужо няма сярод нас, але мне вельмі прыемна ўспамінаць такія моманты, — пачынае свой аповед пастаўчанка Кацярына Анатольеўна Казлова. — Менавіта цёткі былі для мяне арыенцірам і добрым прыкладам. Яні­на Пятроўна Татыржа жыла ў вёсцы. Яна прала, ткала, вышывала, вязала, валёнкі валяла, шыла ўсе рэчы — ад мужчынскіх кажухоў і галіфэ да жаночай бялізны і шыкоўных сукенак. Ну, як было не навучыцца ў такой унікальнай майстрыхі?! Другая цётка — Ала Пятроўна Лабяк — працавала ў нашым швейным атэлье. Я прыязджала да яе ў госці з Шаркаўшчыны. Вось тут і “прыгледзела” мяне колішні дырэктар райбыткамбіната А. Д. Арэхава і зрабіла афіцыйны запыт на маё размеркаванне ў Пастаўскі раён.

Маладога спецыяліста накіравалі ў Варапаеўскі Дом быту. А там паставілі на самазакрой: дзяўчына прымала заказы, кроіла, шыла, гатовыя рэчы аддавала кліентам. Дагэтуль памятае, якую выдатную школу ўваходжання ў прафесію прайшла ў гэтым калектыве. Зрэшты, менавіта дзякуючы такому збегу абставін, аддана палюбіла сваю справу і не здрадзіла ёй ніколі.

— Там працавалі цудоўныя людзі, у кожнага работніка — залатыя рукі, — працягвала. — Удзячна лёсу, што працоўная біяграфія пачыналася ў Варапаеве. Я на практыцы змагла прымяніць выдатныя тэарэтычныя веды, навучылася па вышэйшым класе абслугоўваць кліентаў — а яны да нас ехалі з Мінска, Вільнюса, Мядзела і Пастаў.

Праз тры гады Кацярына Анатольеўна перавялася ў Паставы. Завочна закончыла Беларускі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці “Інжынер-тэхнолаг швейнай вытворчасці”. Пасады займала розныя. Быў перыяд, калі ў прафтэхкаледжы выкладала прадмет “Канструяванне адзен­ня” і была майстрам швейнай вытворчасці. Пасля таго, як у навучальнай установе выключылі выкладанне гэтага прадмета, вярнулася на ранейшае месца. Цяпер — майстар швейнага цэха райбыткамбіната, а з нядаўняга часу яшчэ і майстар па аказанні паслуг у сельскай мясцовасці. Як і ў маладосці, да даручаных спраў адносіцца з лю­боўю і адказнасцю. Менавіта гэтыя якасці спецыяліста адзначала ў час размовы дырэктар КУП “Пастаўскі райбыткамбінат” Ларыса Віктараўна Федарэнка: “Асоба творчая — і гэтым усё сказана. У цяперашняй няпростай сітуацыі Кацярына Анатольеўна праяўляе ініцыятыву, з энтузіязмам бярэцца за любую справу і паспяхова яе завяршае. З такімі людзьмі прыемна працаваць”.

— А інакш я і не магу, — тлумачыла К. А. Казлова. — На першы погляд, здавалася б, ужо можна і адпачываць. Хочаш — стракачы на машынцы дома. Але гэта не па мне. Я і цяпер, ідучы па вуліцы, углядваюся ў жаночыя ўборы. Іншы раз хочацца сказаць маладзіцы ці сталай кабеце: “А вам падышоў бы іншы фасон”. Радасна на душы, калі кліенты задаволены нашай работай. А якое задавальненне атрымлівала ад конкурсаў, у якіх прымалі ўдзел і з якіх прывозілі ўзнагароды! Мне і цяпер нескладана аббегчы ўсе магазіны ў пошуку, скажам, ружовай “маланкі” для куртачкі такога колеру, бо ў нас ёсць толькі чорныя. Не знайду ў Паставах — папрашу, каб з Мінска ці Віцебска прывезлі.

Праблемы ўзнікаюць не толькі з “маланкамі”. Бясспрэчна, кліентаў прыбавілася б, калі б у “Сілуэце” быў большы асартымент тканін. Але пры ўсіх нюансах служба запатрабавана. Такога ажыятажу, як у савецкія часы, вядома ж, няма. Аднак людзі ахвотна здаюць рэчы ў рамонт, афармляюць заказы на пашыў адзення — мужчынскіх штаноў і камізэлек, спецадзення, а таксама пасцельнай бялізны, пледаў, падушак, коўдраў, ламбрыкенаў, штор. Справяцца тут і з гандлёвай палаткай, тэнтам і чахламі для машыны, шыкоўнай вясельнай сукенкай. Бо побач з майстрам шчыруюць адданыя і надзейныя людзі, сапраўдныя прафесіяналы, прозвішчы якіх Кацярына Анатольеўна называе з вялікім задавальненнем. Гэта Надзея Яфімаўна Крыванос, Антаніна Адольфаўна Міланцьева, Алена Аронаўна Камчатная, Алена Пятроўна Кузняцова, Юлія Аляксандраўна Каля­дзіна, Алена Антонаўна Несцярэнка, Міхаіл Рыгоравіч Чатовіч.

Галіна ПІШЧ.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.