Як стымул да жыцця

Общество

Едучы ў гарадской “тройцы” па вуліцы Кляра, неаднойчы спыняла свой позірк на адным доміку пад светлым сайдынгам. Невялікім, але дагледжаным і такім мілым ад кветкавага ўбранння навокал. З’яўлялася жаданне зайсці ў двор, схавацца ад спёкі ў засені дрэў. І ў адзін з нядаўніх дзён яно збылося.

Гэты дом нам дастаўся ад мужавых бацькоў, — пачала гаворку гаспадыня Ірына Віктараўна Галаўко. — Быў час, калі гараджане са шматпавярховак імкнуліся займець участкі зямлі ў дачных кааператывах. А мы падумалі: навошта нам якія Дукі, калі, акрамя “двушкі” ў пятым гарадку, ёсць Колеў дом і ладны кавалак зямлі?! Абуладкоўвацца пачалі з лазенькі. Яе яшчэ свёкар у свой час будаваў, а мы завяршалі. Жыць сюды перабра­ліся пасля таго, як муж уладкаваўся на кансервавы завод, бо адсюль, з Кляра, было бліжэй дабірацца на работу. Зрабілі ў доме рамонт, пазней на месцы звычайнай дашчатай веранды дабудавалі кухню. Тут жа збоку размясцілі душавы пакой, санвузел, падвялі да дома газ. Адным словам, займелі ўсе выгоды, пра якія марылі.

Мікалай Андрэевіч і Ірына Віктараўна не пакідалі на потым і клопат пра зямельны ўчастак. Палову яго адвялі пад агарод, дзе зелянеюць бульба, цыбуля, часнок, агуркі, памідоры, ячмень. Бліжэй да вуліцы, перад вокнамі, зямля засеяна травой, а на ёй і тут, і там раскіданы рознакаляровыя астраўкі кветак. Упрыгожваюць яны дом і зверху па перыметры.

— Я іх заўсёды любіла, — працягвае Ірына Віктараўна. — У нашай вёсцы на Мядзельшчыне галоўнымі, як і ў іншых, былі вяргіні. Кветкі звычайна сімвалізавалі пачатак новага навучальнага года. Вось і тут, як напамінак пра тую пару, некалькі кустоў пасадзіла.

Ёсць у двары півоні, ружы, лілеі, браткі. Паважна распусціла сваё багацце гартэнзія. Вабяць вока пятуніі, а таксама жоўтыя, чырвоныя, сінія, фіялетавыя сурфініі (або сульфініі) — сорт ампельнай пятуніі, надта ўдалы яе гібрыд, устойлівы да непагадзі. Дарэчы, гаспадыня прытрымліваецца ўласнай тэхналогіі іх вырошчвання. Таму кветкі добра растуць, што не можа не радаваць.

— Нам сапраўды ўтульна ў гэтым кветкавым царстве, — прызнаецца Ірына Віктараўна. — Прыемна ўвечары пасядзець на лавачцы каля любой міні-клумбы. Часта прыязджаюць сын з нявесткай, па выхадных днях — сваякі і сябры, а ўнучка Анечка цэлае лета ў нас праводзіць. А якая асалода — расчыніць уранні вокны і дзверы свежаму паветру і сонцу, прачынацца пад птушыны спеў!

Каля дома Галаўко — аўтобусны прыпынак.

— Пасажыры едуць кожны па сваім кірунку і справе, — гаварылі гаспадары. — Паглядзіць чалавек на нашы кветкі — і павесялее. Нашы суседзі Алег і Святлана Целякі, Альдона і Леанід Церашкевічы, ды і астатнія таксама запраграмаваны на прыгажосць, добраўпарадкаванасць. Мы ўсе любім, каб каля дамоў было прыгожа. Зрэшты, не разумеем, як можна, маючы зямлю, не апрацоўваць яе, развесці бур’ян і не вырасціць свайго агурка ці цыбулі?

Безумоўна, агародніна, як і ўсё астатняе, патрабуе старання і намаганняў. Наконт гэтага ў Ірыны і Мікалая Галаўко пазіцыя такая: было б жаданне. А праца на зямлі не стамляе, яна — як стымул да жыцця.

Галіна ПІШЧ.

Фота Уладзіміра КАЛІБАТАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.