Ёсць станоўчыя вынікі


Старшыня райвыканкама В. Гутараў уручае ўзнагароду А. Клянцэвічу.

У раённым аддзеле ўнутраных спраў адбылася аператыўная нарада, на якой падведзены вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за першае паўгоддзе і вызначаны задачы на бліжэйшы перыяд і перспектыву. У яе рабоце прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў, намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама — начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння палкоўнік міліцыі С. П. Пашко, кіраўнікі пракуратуры, суда, аддзялення УКДБ.

З аналізам дзейнасці міліцыі Пастаўшчыны выступілі начальнік аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі А. М. Гарус, яго першы намеснік падпалкоўнік міліцыі Д. В. Куталёў, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік міліцыі В. Л. Врублеўскі. Былі заслуханы справаздачы шэрага начальнікаў ад­дзяленняў і ўчастковых інспектараў.

У першым паўгоддзі на тэрыторыі раёна зарэгістравана 119 злачынстваў — практычна столькі, колькі было за гэты час летась. Не адбылося іх росту па лініі крымінальнага вышуку. Выніковай была  работа па выяўленні злачынстваў па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, эканамічнай бяспецы. Знізілася колькасць групавых злачынстваў і злачынстваў, здзейсненых у грамадскіх месцах, падлеткамі, у стане алкагольнага ап’янення.  За прайшоўшы перыяд года не было дапушчана забойстваў і замахаў на забойства, наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных  пашко­джанняў, хуліганстваў, угонаў аўтатранспарту, іншых негатыўных з’яў. Адметным з’яўляецца той факт, што ў цэлым узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва ў нашым раёне значна ніжэйшы, чым у сярэднім па вобласці і рэспубліцы.

У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года менш зарэгістравана ўліковых і дробных дарожна-транспартных здарэнняў, пацярпелых у іх. У той жа час больш выяўлена вадзіцеляў, якія кіравалі транспартам у стане алкагольнага ап’янення, у тым ліку затрыманых паўторна. За парушэнне правілаў дарожнага руху і перавышэнне скорасці да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 521 пешаход і 770 вадзіцеляў адпаведна.

У сакавіку гэтага года праводзілася чарговае ананімнае апытанне пра тое, наколькі аператыўна дзейнічаюць супрацоўнікі аддзела, ці ўважліва адносяцца да разгляду зваротаў пацярпелых, як садзейнічаюць людзям у вырашэнні пэўных жыццёвых праблем і пытанняў і г. д. На пытанні анкеты ананімна адказалі больш за 170 рэспандэнтаў. 36,8% з іх цалкам давяраюць міліцыі, больш за 80%  указалі на аператыўнае рэагаванне супрацоўнікаў пры разглядзе зваротаў. Амаль 60% грамадзян адчуваюць сябе ў бяспецы ад магчымых злачынных замахаў і больш за 60% — гатовы дапамагчы ў барацьбе са злачыннасцю. У цэлым станоўчыя адказы былі да­дзены і на іншыя пытанні анкеты.

Такі давер жыхароў абавязвае асабовы склад райаддзела дабівацца яшчэ большай выніковасці ў аператыўна-службовай дзейнасці, чаго і пажадалі кіраўніцтву аддзела і ўсім супрацоўні­кам В. С. Гутараў і С. П. Пашко. Яны ўручылі групе работнікаў шэраг узнагарод. Ганаровыя граматы райвыканкама і ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама атрымалі ўчастковы інспектар міліцыі капітан мі­ліцыі Уладзімір Ахрановіч і спецыяліст першай катэгорыі інспекцыі па справах непаўналетніх Ірына Сарычава. Падзякамі старшыні раённага выканаўчага камітэта адзначаны інспектар дарожна-патрульнай службы капітан міліцыі Аляксандр Клянцэвіч і в. а. начальні­ка інспекцыі па справах непаўналетніх маёр міліцыі Віталій   Кішко. Участковы інспектар капітан міліцыі Алег Асяненка ўзнагароджаны нагрудным знакам “За самаадданую службу” II ступені Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Ветэрану органаў унутраных спраў Таццяне Казакевіч і намесніку начальніка аддзела Вячаславу Врублеўскаму  ўручаны медалі “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне  1941—1945 гадоў”, дружыннікам Аляксандру Стоціку (УП ЖКГ), Іллі Буркевічу, Аляксею Пеставу і Алексею Якаўлеву (Пастаўскі казачы аддзел) — Ганаровыя граматы райаддзела ўнутраных спраў.

Нядаўна прайшоў чэмпіянат упраўлення ўнутраных спраў абл­выканкама па стральбе з табельнай зброі. У склад каманды нашага РАУС, якая заняла першае месца, уваходзілі падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Врублеўскі і капітан міліцыі Алег Януш. На нарадзе ім былі ўручаны грамата і памятны кубак.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.