З прыватызацыяй жылля трэба паспяшацца


На пытанні карэспандэнта “Пастаўскага краю” адказвае юрысконсульт жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка УП ЖКГ Тамара Мікалаеўна Атрошчанка.

— Тамара Мікалаеўна, раскажыце, як праходзіць прыватызацыя?

— Прыватызацыя жыллёвага фонду ў раёне, як і ў цэлым у краіне, працягваецца ўжо больш за 20 гадоў. Працэс асабліва актыві­заваўся пасля прыняцця ў 2013 годзе Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Тым не менш на цяперашні момант каля 20% жылля яшчэ знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці. Часу, як вядома, застаецца мала: 1 ліпеня 2016 года працэс прыватызацыі будзе спынены.

— Вы раіце паспяшацца. І з чаго трэба пачынаць?

— Наймальніку жылога памяшкання разам з іншымі паўналетнімі членамі сям’і, зарэгістраванымі ў кватэры, варта звярнуцца ў райвыканкам, паколькі ён з’яўляецца ўласнікам жылых памяшканняў камунальнай уласнасці. У службе “адно акно” паведамяць, якія дакументы грамадзянін павінен прадставіць сам, а якія запросяць спецыялісты службы. Патрэбна напісаць заяву на прыватызацыю (бланк заявы чалавек атрымае на месцы). Калі хтосьці з зарэгістраваных у кватэры людзей не можа прыйсці па ўважлівай прычыне, неабходна дадаткова прадставіць у службу “адно акно” завераную ў натарыяльнай канторы даверанасць ад яго імя са згодай на прыватызацыю.

— І калі будзе прынята рашэнне?

— На працягу месяца з дня падачы заявы і дакументаў бу­дзе прынята рашэнне аб тым, ці магчыма прыватызацыя гэтай кватэры. Атрымаць яго грамадзянін зможа ў службе “адно акно”. Адначасова наймальнік атрымае на рукі акт ацэначнага кошту жылога памяшкання, якое займае. Затым трэба правесці яго аплату. Ажыццявіць яе можна як поўнасцю, так і часткова. Пры разліку ў растэрміноўку першапачатковы плацеж павінен складаць не менш за 10% ад агульнага кошту кватэры, а астатняя сумма разбіваецца на тэрмін да 40 гадоў. І тут нагадаю такую акалічнасць: жыллё, якое прыватызуецца ў растэрміноўку, не можа лічыцца поўнай уласнасцю яго жыльцоў да таго часу, пакуль імі не будзе выплачаны ўвесь яго кошт. Яно не прадаецца, але можа пераходзіць у спадчыну, і тады запазычанасць, якая застаецца непагашанай за гэта жыллё, пераходзіць спадчыннікам.

— А што будзе з жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, калі іх наймальнікі да 1 ліпеня 2016 года прыватызаваць не змогуць ці не захочуць?

— Яны будуць пераводзіцца ў разрад памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду камерцыйнага выкарыстання, нягле­дзячы на тое, што грамадзяне пражылі ў такіх кватэрах па 20-30 гадоў. За такое жыллё, акрамя плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі, будзе налічвацца плата за арэнду — гэта значыць, за карыстанне жылым памяшканнем. Плата дыферэнцыраваная — у залежнасці ад тыпу жылля, яго добраўпарадкаванасці і г. д. (каэфіцыенты ўстанаўлівае Віцебскі аблвыканкам). Жыллё, непрыватызаванае да 1 ліпеня 2016 года, можа пераво­дзіцца і ў разрад сацыяльнага, калі для гэтага будуць падставы (рашэнне прымае райвыканкам).

— Якое жыллё не падлягае прыватызацыі?

— Згодна з арт. 135 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, гэта жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання. Яны даюцца ва ўладанне пажыццёва, але не падлягаюць прыватызацыі. У дагаворы найму сказана, што такое жыллё не можа быць раздзелена, абменена, падорана, прыватызавана. І такое жыллё пасля 1 ліпеня 2016 года не стане арэндным, яно застанецца сацыяльным. Не прыватызуюцца жылыя памяшканні ў інтэрнатах, жылыя памяшканні спецыяльнага жылога фонду, памяшканні камерцыйнага выкарастання і г. д.

— Пра што яшчэ хацелі б сказаць?

— Паколькі гаворым пра прыватызацыю, то павінна нагадаць пра тое, што пасля завяршэння ўсіх працэдур і атрымання на рукі дакументаў з БТІ і натарыяльнай канторы грамадзяне павінны прыйсці ў ЖЭУ, які размешчаны па вул. Ленінскай, 21, і аформіць новы дагавор, ужо на правах уласніка, на аказанне жыллёва-камунальных паслуг. Гэта датычыць асоб, якія атрымалі жыллё ў дар, па завяшчанні або набылі па дагаворы куплі-продажу.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.