Залог поспеху — старанне кожнага (+фота)

Культура Местная власть Сельское хозяйство

17 ліпеня на цэнтральнай плошчы аграгарадка Навасёлкі адбылося традыцыйнае летняе свята працы, на якім падведзены вынікі гаспадарчай дзейнасці ААТ “Навасёлкі-Лучай” за першае паўгоддзе, ушанаваны механізатары, жывёлаводы, спецыялісты, работнікі іншых участкаў сельскагаспадарчай вытворчасці.

Словы вітання

Перадавікоў вытворчасці, а таксама шматлікіх вяскоўцаў і гасцей  віталі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А. В. Чарвінскі, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу С. М. Герасіменка, старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама К. Э. Мядзведзеў.

Было зачытана прывітанне  Героя Сацыялістычнай Працы, былога старшыні калгаса імя Суворава Адольфа Адольфавіча Валодзькі, у якім вядомы кіраўнік узгадаў мінулае, дзень сённяшні, пажадаў калектыву ўпэўненасці, настойлівасці ў пераадоленні цяжкасцей, новых набыткаў.

Пра вынікі работы  расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства  Ю. Ф. Шымчык. Вялікай групе працаўнікоў, якія вызначыліся на веснавой сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, дабіліся высокіх надояў малака ад каровы і сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе буйной рагатай жывёлы, ён уручыў Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі.

З чым сустрэлі свята?

У першым паўгоддзі вытворчасць валавой прадукцыі ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ў гаспадарцы склала ў сярэднім 102%, у тым ліку ў жывёлагадоўлі — 109,6%.  Ад яе  рэалізацыі атрымана 37 мільярдаў рублёў выручкі, з іх 29 мільярдаў прыпадаюць на малако і мяса. Самай прыбытковай з’яўляецца малочная жывёлагадоўля. За шэсць месяцаў вытворчасць малака ўзрасла на 537 тон і склала 3350 тон. Больш за трэцюю частку яго атрымана на робатызаванай ферме “Коўзаны”. Тут надоена ад кожнай каровы па 3070 кілаграмаў малака. Усё яно рэалізавана  сортам “экстра”. Сярэдняя штодзённая  выручка складае 31 мільён рублёў. За кароткі прамежак часу калектыў фермы выйшаў на перадавыя пазіцыі не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Сёлета  ферма двойчы выходзіла пераможцай  абласнога спаборніцтва і ўзнагароджана дыпломамі і грашовымі прэміямі абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Заслужаныя ўзнагароды на свяце атрымаў загадчык фермы Леанід Дунец. Словы падзякі былі адрасаваны заатэхніку Святлане Салонінка, аператарам машыннага даення Таццяне Ландышка, Алене Хоміч, Вікторыі Вартазаран, Ганне Шалякінай, Вераніцы Авільцавай і іншым работнікам.

За паўгода вырашчана 573,6 тоны мяса буйной рагатай жывёлы, яе сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе склала 690 грамаў. Нарошчваюць вытворчасць прадукцыі работнікі свінагадоўчай, а таксама іншых ферм. Расце вытворчасць, паляпшаецца якасць прадукцыі. 2730 тон малака, або 87,4% ад яго агульнай колькасці прададзена сортам “экстра”. У асноўным вышэйшай укормленасцю рэалізуецца буйная рагатая жывёла. Кошт такога малака і мяса намнога вышэйшы.  На дасягненне лепшых канчатковых вынікаў накіроўваюць намаганні сваіх калектываў загадчыкі ферм Яўгенія Гродзь, Вольга Варашкевіч, Марыя Даўгель, Валерый Лапкоў, Галіна Якубовіч, Валянціна Мацур.

У аптымальныя тэрміны

Дасягненні жывёлаводаў — гэта не толькі вынік укаранення сучасных тэхналогій, старанная і адказная праца работнікаў ферм, але і мэтанакіраваная, прадуманая работа па стварэнні трывалай кармавой базы. Сёлета ўборку траў правялі ў аптымальныя тэрміны —  з 1 па 24 чэрвеня. У пяці сянажных траншэях закладзена 10245 тон сенажу, чатыры з іх запаўняліся на працягу трох сутак кожная.  А гэта надзейная гарантыя таго, што корм  атрымаецца высокай якасці. Для патрэб грамадскай жывёлы ёсць таксама 530 тон сена.

Управіўшыся з першым укосам траў у сваіх аддзяленнях, механізатары сельгаспрадпрыемства выязджалі на дапамогу ў СВК “Андроны”. За некалькі дзён тут было закладзена 2640 тон сенажу. Скошаныя травы выкарыстаны таксама на сена.

На сёлетнім “зялёным жніве” ў сельгаспрадпрыемстве працавала больш за 30 механізатараў. Усе яны заслужылі самых добрых слоў. А найвышэйшай выпрацоўкі на касьбе і зграбанні траў, падборцы і адвозцы сянажнай масы, яе трамбоўцы дабіліся Руслан Шымко, Анатолій Хоміч, Валерый Мацур, Аляксандр Федаронак, Яніс Вішнеўскі, Віктар Лешчык, Аляксандр Залецкі, Юрый Гваздоў, Уладзімір Праліч, Сяргей Салонінка, Мар’ян Кісель, Сяргей Гіль, Аляксандр Альхімёнак,  Вальдэмар Мацур, Анатолій Счасны, Святаслаў Зарэцкі, Анатолій Масінкевіч, Казімір Віннік, Андрэй Жалейка і  іншыя. Многія з іх вызначыліся і на веснавой сяўбе.

У летне-асенні перыяд у гаспадарцы разлічваюць  значна павялічыць запасы фуражу. З другога ўкосу траў плануецца нарыхтаваць дадаткова 1700 тон сенажу. Вялікія надзеі  на кукурузу, якая займае 890 гектараў. Сёлета пасеялі таксама 920 гектараў шматгадовых траў, а гэта гарантыя таго, што ў  наступным годзе будзе больш сянажнай масы і сена.

Нядрэнныя віды на ўраджай рапсу і зерневых, якія даспяваюць на 3440 гектарах. Да іх уборкі гатовы камбайны і сушыльная гаспадарка.

Нягледзячы ні на што — будуюць

На сённяшні дзень галоўнай будоўляй сельгаспрадпрыемства і раёна з’яўляецца другая чарга робатызаванай малочнатаварнай фермы “Коўзаны” . Каб дабудаваць і здаць яе ў эксплуатацыю, патрабуюцца крэдытныя рэсурсы ў памеры 32 мільярды рублёў. Дырэкцыя і спецыялісты не губляюць надзеі, што сродкі будуць атрыманы. А тыя, што ёсць, імкнуцца ўкладваць у жыллё, выкананне іншых неадкладных работ. У апошнія гады шмат зроблена па рамонце вытворчых аб’ектаў. Цяпер, напрыклад, абнаўляецца дах сховішча, вядзецца рамонт гнаясхові­шчаў на фермах, жылля. У 2013-ым і ў 2014 гадах уведзены ў эксплуатацыю два двухкватэрныя жылыя дамы агульнай плошчай 534,5 квадратныя метры.

Капітальна адрамантаваны кватэры ў вёсках Лучай і Коўзаны. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Ю. Ф. Шымчык падзякаваў за працу прарабу Аляксандру Касцюку,  брыгадзіру будаўнічай брыгады Мікалаю Цітовічу, Міхаілу Малатоўніку, Леаніду Пінчуку, іншым будаўнікам і запэўніў, што ў гаспадарцы і ў далейшым будуць знаходзіць сродкі для будаўніцтва і рамонту жылля, вытворчых аб’ектаў. Дзякуючы гэтаму, пастаянна расце колькасць працуючых.

Непрыкметная, але такая патрэбная

У тым, што ў ААТ “Навасёлкі-Лучай” пастаянна высокая гатоўнасць машынна-трактарнага парка, практычна ўся тэхніка ў рабоце, заслуга не толькі механізатараў. Своечасова і якасна праводзяць рамонт тэхнікі і сельскагаспадарчых машын токары, зваршчыкі, слесары, акумулятаршчыкі. Сапраўднымі майстрамі зарэкамендавалі сябе Аляксандр Драгун, Уладзімір Чандырын, Аляксандр Яганаў, Анатолій Мацук, Гілярый Юндзель, Юрый Шорац, Міхаіл Еўдакімаў, Леанід Рагіня.

Кіраўнік гаспадаркі Ю. Ф. Шымчык адзначыў, што іх праца, мабыць, не заўсёды на віду, але яна патрэбная, запатрабаваная. Дзякуючы рамонтнікам, інжынернай службе і іншым спецыялістам, гатовы да работы сушыльная гаспадарка, камбайны. Неўзабаве зноў зойме сваё месца вагаўшчыца Вольга Шымко, дзякуючы якой наладжаны дакладны і якасны ўлік кармоў, зерня.

З ранняй вясны і да позняй восені гатуюць смачныя абеды і падвячоркі работнікі сталовай Зінаіда Карнацэвіч, Жанна Беланоўская, Тамара Юндзель. Амаль кожны дзень словы ўдзячнасці атрымліваюць развозчыкі і раздатчыкі абедаў Генрых Шымко, Даната Шымко, Аляксандр Трусевіч, Галіна Лаўрыновіч, Аляксандр Варашкевіч, Лілія Кукоўская.

Добрыя словы прагучалі ў адрас работнікаў бухгалтэрыі, дыспетчарскай службы. У гэтым і адметнасць свята, што на ім адзначаюцца ўсе, хто ўносіць свой уклад у агульныя набыткі вялікага калектыву.

Пачастункі свае, канцэрт замежны

ААТ “Навасёлкі-Лучай” на сённяшні дзень з’яўляецца амаль адзіным у раёне сельгаспрадпрыемствам, дзе працуюць падсобныя вытворчасці, ёсць свае фірменныя магазіны, арганізаваны раз’язны гандаль. Таму і на свяце ў асноўным была прадстаўлена ўласная прадукцыя: шашлыкі, каўбасы, прыгатаваная на ражне свініна. Жадаючых пачаставацца мясцовымі далікатэсамі, а таксама гарачай юшкай з рыбгаса “Навінкі” было шмат.

Дзяцей вабілі атракцыёны, гульнёвыя пляцоўкі, іншыя забавы.

Кульмінацыйным момантам культурнай праграмы стаў канцэрт аматарскага ансамбля беларускай песні “Прымакі” — неаднаразовага пераможцы  Усяпольскага фестывалю “Беларуская песня” ў Беластоку. Калектыў, якому ў гэтыя дні споўнілася 20 гадоў, карыстаецца вялікай папулярнасцю ў Беларусі.  “Прымакі” парадавалі навасёлкаўцаў і гасцей аграгарадка сваімі песнямі, жартамі, жывымі зносінамі з гледачамі. Пасля двухгадзіннага выступлення ў іх з’явілася намнога больш не толькі прыхільнікаў таленту,  але і сяброў.

Песні і музыка на цэнтральнай плошчы Навасёлак гучалі да позняй ночы. Удзельнікі маладзёжнай дыскатэкі і гледачы сталага ўзросту таксама шчыра віталі вядомых на Пастаўшчыне выканаўцаў — Юлію Галяш, Аляксандра Апанасевіча, Сяргея Казуру, Ірыну Гетнікаву, Дзяніса Круглова, Марыю Сеганкевіч, Лілію Ракоўскую. Завяршылася свята феерверкам і словамі шчырай удзяч­насці, якія мясцовыя жыхары і госці адрасавалі кіраўніцтву сельгас­прадпрыемства,  надзеяй на тое, што свята адбу­дзецца і ў наступным  годзе.

no images were found

no images were found

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.