Засцерагчы дзяцей ад бяды


На мінулым тыдні ва ўсіх СМІ прайшла інфармацыя пра жудасную трагедыю, што адбылася ў вёсцы Леснікава Сенненскага раёна. У сажалцы, што знаходзіцца ўсяго за 50 метраў ад вёскі, утапілася трое дзяцей: родныя сястрычкі 13 і 9 гадоў і іх 12-гадовы стрыечны брат.

Напярэдадні мясцовы пенсіянер прывёз і спусціў на ваду самаробны драўляны плыт, каб зручней было лавіць рыбу. Вяскоўцы бачылі, як дзеці гулялі на плыце, але гэта нікога не насцярожыла. Як на бяду, у той момант, калі плыт перавярнуўся і дзеці аказаліся ў вадзе, нікога паблізу не аказалася. Выбрацца з яе самастойна яны не змаглі…

Не сумняваюся, што гэта трагедыя адазвалася болем у сэрцах не толькі родных і блізкіх загінулых дзетак, але і ўсіх, хто пра яе даведаўся. Бо няма нічога больш несправядлівага, чым недарэчная смерць дзяцей. На жаль, узгаданы факт не адзінкавы. Ні адно лета не абыходзіцца без надзвычайных, трагічных здарэнняў з удзелам дзяцей — паглынае вада або агонь, засыпае пяском, наязджаюць аўтамабілі, разрываюцца ў руках выбуховыя ўстройствы і г. д.

Летам — канікулы, і ў дзяцей столькі вольнага часу, што сачыць штохвілін­на за іх паводзінамі проста нерэальна, бо ў бацькоў, бабуль і дзядуль — работа, хатнія клопаты, іншыя неадкладныя справы. Але неабходна з дня ў дзень, з года ў год вучыць малых бяспечным паводзінам, каб яны цалкам усведамлялі, дзе і што можа іх падсцерагаць.

Зрэшты, іншы раз здараецца, што і адной хвіліны дастаткова для непрадбачанага здарэння. Менавіта такое адбылося 24 чэрвеня ў Паставах. У кватэры, якая знаходзіцца на пятым паверсе, бабуля вечарам кашаварыла на кухні. Побач гуляў 2,5-гадовы ўнук. І варта было ёй на нейкую хвіліну выпусціць малога з поля зроку, як ён выбег на адчынены балкон, узабраўся на поручні і… рухнуў уніз. З пятага паверха! На шчасце, упаў на зямлю, а не на асфальт і застаўся жывы. Але атрымаў пералом сцягна і моцны ўдар грудной клеткі і быў шпіталізаваны спачатку ў Пастаўскую ЦРБ, затым адпраўлены ў абласную бальніцу. Прагнозы вылячэння суцяшальныя. А магло ж адбыцца непапраўнае…

Дзеці — натуры непрадказальныя, ад іх можна чакаць чаго заўгодна. І мы, дарослыя, у адказе за іх. Давайце ж не забываць народную мудрасць “Сцеражонага і Бог сцеражэ” і як мага больш часу і ўвагі аддаваць нашым “кветкам жыцця”. Каб яны не адцвілі дачасна.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.