Захапіла педагогіка

Образование

Творчая, актыўная, безадмоўная, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, пастаянна самаўдасканальваецца ў прафесійным плане, яе любяць дзеці і паважаюць бацькі. Усё гэта можна пачуць пра выхавальніка ясляў-сада №3 “Калабок”, што ў мікрараёне будаўнікоў у Паставах, Аксану Юр’еўну Фядэнка.

У студзені 2016-га споўніцца 25 гадоў, як Аксана Юр’еўна працуе ў “Калабку”. Прыйшла сюды маладой дзяўчынай пасля заканчэння Полацкага педвучылішча.

— У мяне быў прыклад старэйшай сястры Святланы, якая стала педагогам дашкольнай адукацыі. Акрамя таго, заўсёды любіла дзяцей, падабалася работа з імі. Таму і выбрала прафесію выхавальніка, — кажа жанчына.

Не сакрэт, што малышы вельмі тонка адчуваюць фальш і няшчырасць альбо, наадварот, любоў да сябе і адпаведна рэагуюць на гэта. Да Аксаны Юр’еўны яны цягнуцца, як да маці. Поўнае паразуменне ў яе і з бацькамі выхаванцаў. Намеснік загадчыцы садка па асноўнай дзейнасці Ж. П. Мышко расказала, што нават тыя, чые дзеці малодшыя па ўзросце, просяць, каб іх запісалі ў групу да А. Ю. Фядэнка. Звяртаюцца з гэтай просьбай і да кіраўніцтва “Калабка”, і ў раённы ад­дзел адукацыі.

А як прыгожа педагог аформіла пакой групы, стварыўшы некалькі цікавых куткоў для гульні! Побач з іншымі ў ёй маюцца “заправачная станцыя” і “станцыя тэхабслугоўвання аўтамабіляў”, “салон прыгажосці”, сумешчаны з “мадэльным агенцтвам” практычна з усімі неабходнымі атрыбутамі. Творчая натура Аксаны Юр’еўны праяўляецца літаральна ва ўсім: яна вядзе гурток тэстапластыкі ў садку, актыўна ўдзельнічае ў ранішніках, арганічна пераўвасабляючыся ў любога казачнага персанажа, у раённых аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці работнікаў адукацыі. А летась абараняла гонар сада ў рэспубліканскім конкурсе “Выхавальнік года”.

— Я не магу ўявіць сябе ў нейкай іншай прафесіі, — прызналася А. Ю. Фядэнка. — І калі б была магчымасць вярнуцца назад на чвэрць стагоддзя, усё роўна пайшла б у педагогіку, нягледзячы на ўсе яе цяжкасці.

Такі ж прафесійны выбар зрабіла і дачка Аксаны Юр’еўны Каця, якая два гады назад закончыла факультэт дашкольнай адукацыі Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўні­версітэта імя М. Танка, а цяпер працуе выхаваль­нікам у адным з дзіцячых садкоў г. Барысава. Сямейная дынастыя пачынаецца…

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.