Жніво пачалося з тэхнічнага агляду

Сельское хозяйство

Пройдзе няшмат часу, і ў раёне пачнецца ўборка азімага рапсу, зерневых і зернебабовых культур. Для гэтага ў сельгаспрадпрыемствах маецца ў наяўнасці 110 зернеўборачных камбайнаў. Фактычна ж у полі будуць працаваць каля 100. І то пры ўмове, калі пройдуць тэхнічны агляд.

— Галоўная яго мэта —  вызначыць адпаведнасць машын тэхнічным нормам эксплуатацыі, удзелу ў дарожным руху, бяспецы жыцця і зда­роўя людзей, — адзначыў галоўны інжынер-інспектар Дзяржтэхнагляду раёна Дзмітрый Касцень. — У адкрытых акцыянерных таварыствах пераважная большасць уборачных машын эксплуатуецца з 2010—2011 гадоў і знаходзіцца ў нядрэнным стане. У той жа час ёсць камбайны, якія патрабуюць сур’ёзнага рамонту. У ходзе тэхнічнага агляду мы  вызначаем ступень іх гатоўнасці, разам з кіраўніком і галоўным інжынерам пры­маем рашэнне аб допуску да жніва. Без асаблівых праблем гэтыя пытанні ўжо вырашаны ў ААТ “Хацілы-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра”. У апошняй гаспадарцы больш за палову наяўных камбайнаў убіраюць насеннікі траў. У той жа час з-за адсутнасці грашовых сродкаў са спазненнем прыступілі да рамонту ўборачных машын у ААТ “Блакітныя азёры-аг­ра”, “Янавіца-агра”, СВК “Андроны”, марудзяць і ў некаторых іншых гаспадарках.

На гэтым тыдні праверка тэхнічнага стану зернеўборачных камбайнаў будзе прадоўжана. Дзмітрый Касцень адзначыў, што ўвага будзе звяртацца ў першую чаргу  на адпаведнасць пасведчання трактарыста-машыніста на права кіравання складанай тэхнікай, наяўнасць медыцынскай даведкі аб прыгоднасці для работы на самаходных машынах, герметызацыю камбайнаў, укамплектаванасць сродкамі пажаратушэння. Іх эксплуатацыя забараняецца пры выяўленні няспраўнасцей у тармазной сістэме, рулявым кіраванні, знеш­ніх светлавых прыборах і іншых сістэмах. Механізатары і спецыялісты інжынернай службы павінны памятаць, што камбайны адносяцца да тэхнікі павышанай небяспекі, парушэнне тэхнічных норм іх эксплуатацыі можа прывесці да непапраўнага.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.