А ў спадарожнікі — зажынкавая песня

Сельское хозяйство

1 жніўня ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Сцяг Перамогі-агра” адбыліся ўрачыстыя провады ў поле камбайнераў і вадзіцеляў.

Ля ячменнага поля на ўсходняй мяжы з горадам у гатоўнасці выстраіліся сем збожжаўборачных камбайнаў, чатыры МАЗы для адвозкі зерня. Тут жа прысутнічалі іх гаспадары — камбайнеры і вадзіцелі, а таксама кіраўнікі сельгасаддзяленняў, спецыялісты агранамічнай, інжынернай, эканамічнай і іншых службаў. Удзельнікаў зажынак віталі дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Борыс і старшыня Юнькаўскага сельвыканкама Валянціна Філімонава.

Настаяцель пастаўскага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца протаіерэй Валерый Пашкевіч здзейсніў малебен, асвяціў святой вадой камбайнераў, вадзіцеляў, уборачную тэхніку і хлебную ніву на маючыя адбыцца справы, пажадаў усім працаўнікам божай дапамогі на жніве, добрага настрою і высокіх намалотаў.

А затым над хлебным палеткам закружылася зажынкавая песня нашых продкаў, якую душэўна і пранікнёна выканалі работнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Юнькаўскага сельскага Дома культуры. “А сёння ў нас зажыначкі, не спіце вы, мужчыначкі. Трэба рана ўстаць, ісці жыта жаць…” — спявалі вясковыя жанчыны. І, як даўней, зжалі сярпом першы сноп. Сімвалічныя снапы са збожжа новага ўраджаю былі ўручаны дырэктару Юрыю Борысу і галоўнаму аграному Ігару Турону, а ўсім камбайнерам — вянкі, сплеценыя з каласоў і палявых кветак.

Для адкрыцця “асабовага рахунку” непасрэдныя ўдзельнікі жніва атрымалі па 200 тысяч рублёў, персанальныя папкі з неабходнай дакументацыяй. Для ўдзельнікаў жніва быў накрыты салодкі стол.

— Азімыя і яравыя зерневыя ў нас займаюць 1738 гектараў, — расказваў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Юрый Борыс. — Ураджай чакаецца нядрэнны. Цяпер галоўнае — убраць у лепшыя тэрміны і без страт. Асноўная праблема — сушыльная гаспадарка. На стацыянарных і падлогавых сушылках можам адначасова дапрацоўваць за суткі да 200 тон зерня. Дзённыя намалоты вышэйшыя. Спадзяёмся на цёплае сонечнае надвор’е, хутчэйшае даспяванне збажыны на корані.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.