У Паставах прыём грамадзян правёў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама І. У. Ісачанка

Местная власть

28 ліпеня ў малой зале пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта асабісты прыём грамадзян правёў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Ігар Уладзіміравіч Ісачанка. На прыёме прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Павел Радзівонавіч Станюш, начальнікі аддзела архітэктуры і будаўніцтва і землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Сяргей Сцяпанавіч Шамовіч і Алена Вітальеўна Іванькова, а таксама загадчыца сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Таццяна Ва­сільеўна Васільчанка.

На прыём да І. У. Ісачанкі прыйшлі два чалавекі. Першы заяўнік скардзіўся на тое, што на суседнім з яго ўчасткам ідзе незаконнае ўзвядзенне прыбудовы да жылога дома з парушэннем будаўнічых і супрацьпажарных норм. Таксама чалавек указваў на тое, што, на яго думку, дом, які лічыцца жылым, выкарыстоўваецца  як  гандлёвая кропка і што магазінам стане і новая прыбудова.

Сітуацыю патлумачыў С. С. Шамовіч:

— У ходзе абследавання створаная пры райвыканкаме камісія выявіла, што будаўніцтва сапраўды вялося з адхіленнем ад праектнай дакументацыі. Вынесена прадпісанне аб частковым зносе пабудовы, якое ўладальнік участка ўжо выканаў. Частку разабранай прыбудовы, якая знаходзіцца на мяжы ўчастка, яму дазволена пакінуць у якасці агароджы. Гэта не супярэчыць існуючым нормам.

І. У. Ісачанка даў даручэнне намес­ніку старшыні райвыканкама па бу­даў­ніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы разабрацца ў прызначэнні будоўлі.

Наступную наведвальніцу хвалявала, ці дапускаецца адхіленне ў меншы бок ад існуючых норм, у адпаведнасці з якімі гаспадарчыя пабудовы трэба размяшчаць на адлегласці не менш за адзін метр ад межаў суседняга ўчастка? Такое магчыма. Адпаведнае рашэнне можа вынесці спецыяльная камісія пры ўмове, што не будзе выяўлена істотных парушэнняў будаўнічых і горадабудаўнічых норм і правілаў. Другое яе пытанне датычылася выраўноўвання граніц участка. Ігар Уладзіміравіч параіў наведвальніцы напісаць заяву з просьбай змяніць межы ўчастка, і яе просьба, хутчэй за ўсё, будзе задаволена.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.