Чвэрць стагоддзя на камбайне

Местная власть Сельское хозяйство

Уладзімір Будзько і яго памочнік Мікалай Грыбко.

19 жніўня пазваніў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства “Дунілавічы-агра” Аляксандр Будзіч і паведаміў, што камбайнер Уладзімір Будзько толькі што першым у гаспадарцы намалаціў тысячу тон збожжа. На сёлетнім жніве такія намалоты на Пастаўшчыне ўжо маюць каля 30  механізатараў. Уладзімір Іванавіч самы старэйшы сярод іх — 1 лістапада яму споўніцца 60 гадоў.

Пачынаў працаваць яшчэ на “Енісеі”, цяпер у яго айчынны КЗС-1218. Мяняліся тэхніка, спецыялісты і кіраўнікі, але нязменнымі заставаліся яго працавітасць і шчырасць, адданасць хлебаробскай справе. За чвэрць стагоддзя сезонную школу загартоўкі на жніве ва Уладзіміра Іванавіча   прайшлі многія памочнікі, у тым ліку Аляксандр Будзіч, які цяпер працуе галоўным спецыялістам  сельгаспрадпрыемства, а таксама сын Вадзім, які сёлета самастойна ўбірае збажыну. Апошнія шэсць сезонаў надзейным партнёрам камбайнера з’яўляецца Мікалай Грыбко.

Сёлета зерневыя ўрадзілі, асабліва ў сяргеевіцкай і дунілавіцкай зонах. Таму і намалоты важкія. Напрыклад, у панядзелак камбайнеры ўбіралі азімую пшаніцу. На насенным участку кожны гектар даў больш чым па 60 цэнтнераў зерня. Вядома, на іншых палях ураджайнасць ніжэйшая, але Уладзімір Будзько ўпэўнены, што зможа намалаціць яшчэ не адну сотню тон збожжа і перавысіць паказчык 2009 года, калі меў 1200 тон.

Механізатар ужо пяць гадоў, як на пенсіі. Але яго працавітасці і жыццярадаснасці могуць пазайздросціць многія. Пра свае планы на будучае ветэран працы не расказвае, але па ўсмешцы і хітрынцы ў вачах можна здагадацца, што для яго гэта не апошняе жніво, яшчэ ёсць і жаданне, і сілы папрацаваць.

— Мы ўдзячны і ветэрану Васілію Будзько, які таксама шмат гадоў убірае збажыну і заўсёды ў ліку лепшых, — адзначыў галоўны аграном Аляксандр Будзіч. — Вось і сёлета ён намалаціў ужо амаль 800 тон зерня. А другім тысячнікам  стаў Андрэй Галінскі з Сяргеевіч. Ёсць рэальная магчымасць выйсці на гэты рубеж і ў Аляксандра Парневіча. Усяго на жніве ў нас працуюць  9 экіпажаў камбайнаў. Не абыходзіцца без паломак, але ў цэлым уборка праходзіць больш арганізавана і зла­джана, чым летась. Стараюцца вадзіцелі і механізатары на адвозцы зерня ад камбайнаў. Тут лідзіруюць Аляксандр Пішчык, Уладзімір Курцэвіч і Сяргей Жалянцоў.

На 21 жніўня ў гаспадарцы заставалася ўбраць 380 гектараў зерневых. Валавы намалот ужо склаў 5848 тон пры сярэдняй ураджайнасці 32,4 цэнтнера. Завяршыць работу на ўсёй планавай плошчы разлічваюць у бліжэйшыя дні і сваімі сіламі. Толькі б яшчэ пастаяла надвор’е.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.