“Цвітуць” мак і каноплі


Нядаўна прэс-служба Следчага камітэта вобласці апублікавала статыстыку па крымінальных справах, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Згодна з ёй, на Віцебшчыне за тры апошнія гады іх колькасць павялічылася ў два разы. Так, у першым паўгоддзі 2015 года ў падраздзяленні Следчага камітэта паступіла 389 матэрыялаў праверак аб незаконных дзеяннях з наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі, іх прэкурсорамі і аналагамі, у той час як за такі ж перыяд 2012-га — 209. Аналагічная сітуацыя і з колькасцю ўзбуджаных крымінальных спраў: 349 сёлета супраць 162 у 2012 годзе. За паўгода 2015-га ў суды вобласці следчыя накіравалі 175 крымінальных спраў аб незаконных дзеяннях з наркотыкамі. Тры гады назад іх было 89. Фігурантаў вышэйназваных спраў часцей заключалі пад варту. Калі ў 2012 годзе гэту меру прымянілі да 12 абвінавачваных (13,5% ад агульнай колькасці па крымінальных справах дадзенай катэгорыі), то сёлета — у дачыненні да 78 чалавек (42,6%).

Лічбы на Пастаўшчыне адлюстроў­ваюць агульную карціну. Як паведамілі ў раённым аддзеле Следчага камітэта, за першае паўгоддзе 2012 года да іх паступілі 3 матэрыялы праверак аб незаконных дзеяннях з наркатычнымі сродкамі. Узбуджаны 3 крымінальныя справы, 2 з якіх накіраваны ў суд, адна прыпынена з-за немагчымасці ўстанавіць асобу, якая здзейсніла злачынства. За першае паўгоддзе 2015-га паступіла 6 матэрыялаў праверак. Па ўсіх узбу­джаны крымінальныя справы, з іх 3 накіраваны ў суд (у тым ліку адзін чалавек быў заключаны пад варту на час следства) і столькі ж прыпынена па названай вышэй прычыне. Зараз расследуецца адна справа, звязаная з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, яе неўзабаве накіруюць у суд.

Па словах следчых, як і ў 2012 го­дзе, сёлета амаль усе справы датычаць вырабу, набыцця і захоўвання наркотыкаў расліннага паходжання. У лютым супрацоўнікі РАУС затрымалі жыхара райцэнтра, які набыў для ўласнага ўжывання і захоўваў дома амаль 4 грамы марыхуаны. У чэрвені знялі з цягніка ў Паставах грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які меў пры сабе 17 грамаў гэтага наркатычнага рэчыва. Нядаўна адна жанчына, пасварыўшыся з другой, падкінула ёй 6,4 грама ацэтыляванага опію, прыгатаванага з макавай саломкі. І толькі адзін вядомы выпадак з пачатку гэтага года быў звязаны з хімічным прэпаратам. У студзені пастаўчанін быццам бы знайшоў на гарадской звалцы 4 упакоўкі з 20 ампуламі трамадолу (псіхатропнага рэчыва, якое выкарыстоўваецца для зняцця моцных боляў) і вырашыў выкарыстаць яго ў асабістых мэтах.

— Што датычыць спайсаў, іх сёлета пакуль не выяўлена, хоць у наш раён гэта “сінтэтыка” ўжо завозілася з Мінска і Полацка, — расказваў следчы раённага аддзела Следчага камі­тэта Валерый Крук. — У 2013 і 2014 гадах былі ўзбуджаны па дзве такія крымінальныя справы. За кожнай стаяць маладыя людзі ва ўзросце да 25—30 гадоў. Старыя опіумныя наркаманы спайсаў не ўжываюць. Тыя ж, хто аднойчы іх пакаштаваў, прызнаюцца: больш такога ніколі не зробяць, бо гэта страшныя наркотыкі. Тое, што яны робяць з людзьмі, можна ўбачыць у інтэрнэце, па тэлебачанні. У 2013 годзе мы расследавалі адну справу, фігурант якой упершыню ўжыў спайс і ўшчэнт разнёс кватэру свайго знаёмага.

Валерый Віктаравіч таксама расказаў, што па сваёй дзейнасці часта заходзіць на форумы ў інтэрнэце, у тым ліку людзей, якія ўжываюць наркотыкі. Увядзенне з гэтага года больш жорсткага пакарання за іх распаўсюджванне там вельмі актыўна абмяркоўваецца, задаюцца пытанні адвакатам, праваабаронцам. А значыць, прынятая мера падзейнічала і прымусіла многіх задумацца над тым, ці варта рызыкаваць сваім здароўем і свабодай.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.