Дапамаглі сабраць партфелі


21 жніўня ў гасцях у выхаванцаў прытулку Пастаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра пабывала дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Д. І. Пякарская. Яе візіт адбыўся ў рамках дабрачыннай акцыі “Збяром партфель у школу”, якая традыцыйна праводзіцца прафсаюзамі Віцебшчыны напярэдадні пачатку навучальнага года.

З сабой Дзіяна Іванаўна прывезла канцтавары, школьна-пісьмовыя прылады, адзенне для школы і, канешне ж, цукеркі. Усё гэта было ўручана дзецям. Іх на сённяшні дзень ва ўстанове 8 ва ўзросце ад 3 да 15 гадоў. У тым ліку трое школьнікаў, сярод якіх адна першакласніца. Нягледзячы на тое, што 1 верасня за школьныя парты сядуць не ўсе, падарункі атрымала кожнае дзіця. Яшчэ адным сюрпрызам для выхаванцаў стала забаўляльная праграма, падрыхтаваная ўдзельнікамі лялечнага тэатра “Вытварашкі” раённага Дома культуры. Ён, як і прадстаўнікі прафсаюзнага руху раёна і вобласці, таксама з’яўляецца частым госцем у прытулку.

Як расказала Д. І. Пякарская, дапамогу на падрыхтоўку да школы атрымалі і сем’і, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, што навучаюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Усяго іх на Пастаўшчыне 109. Трыццаці ­сем’ям аказана дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога на суму больш за 48 мільёнаў рублёў, дзвюм — дапамога са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (сума 1 мільён 100 тысяч рублёў). 53 сям’і атрымалі гуманітарную дапамогу амаль на 21 мільён рублёў, якая паступіла ў ТЦСАН, 36 — па акцыі “З рук у рукі”. 86 сем’ям аказана матэрыяльная дапамога на агульную суму звыш 63 мільёнаў за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.