Дажыць да ста, а то і болей


23 жніўня ў доме Марфы Сямёнаўны Ляўданскай, якая жыве ў вёсцы Русакі Курапольскага сельсавета, будзе цесна ад гасцей і цёпла ад шчырых пажаданняў родных, знаёмых і суседзяў, якія завітаюць з нагоды яе дзевяностага дня нараджэння.

Гледзячы на гэтую энергічную, шчырую і ветлівую жанчыну, не верыцца, што ёй сапраўды столькі гадоў, тым больш што жыццё зусім не песціла, хутчэй наадварот: прыйшлося перажыць жахі вайны, пахаваць двух сыноў (аднаму было тры месяцы, другому — 37 гадоў). Успамінаць пра гэта без слёз Марфа Сямёнаўна не можа. Яно і не дзіўна. Разам з тым жыццё падарыла і нямала прыемных момантаў, пра якія юбілярка ахвотна расказвае.

Нарадзілася ў 1925 годзе ў вёсцы Русакі, у якой і прайшло ўсё яе жыццё. У сям’і было пяцёра дзяцей — адзін сын і чатыры дачкі, цяпер у жывых засталася толькі яна. Маладосць супала з Вялікай Айчыннай вайной. Ледзь не трапіла ў няволю ў Нямеччыну. Дзяўчыну разам з іншымі аднавяскоўцамі акупанты павезлі спачатку ў Кураполле, а затым у Паставы, дзе размясцілі ў будынку цяперашняга раённага цэнтра дзяцей і моладзі, абгароджаным калючым дротам. З аднаго яго боку гаравалі тыя, каго чакала дарога ў чужую краіну, з другога — іх родныя.

— Народу было шмат, таму, хоць немцы нас і вартавалі, усачыць за ўсімі не маглі. Я ўбачыла, як адна дзяўчына нырнула пад дрот і адразу ж злілася з натоўпам. Па яе прыкладзе тое ж самае зрабіла і я. На шчасце, усё атрымалася, — успамінае М. С. Ляўданская.

З жахам узгадвае, як немцы закалолі штыком суседа, які хаваўся ў гумне са збожжам — хацеў пазбегнуць вывазу на прымусовыя работы. Было страшна глядзець, як галасіла яго жонка, якая засталася адна з чатырма маленькімі дзецьмі. Памятае Марфа Сямёнаўна і тое пачуццё неверагоднай радасці, калі абвясцілі пра заканчэнне вайны. Падзяліцца доўгачаканай навіной з аднавяскоўцамі бегла ў родную вёску з райцэнтра, дзе працавала на льнозаводзе, напрасткі праз поле і кусты босая.

Пачалося мірнае жыццё. Працавала ў калгасе паляводам і жывёлаводам за працадні, неўзабаве выйшла замуж. Муж Франц шчыраваў у гаспадарцы спачатку кавалём, затым зваршчыкам, дома таксама не сядзеў без справы. Праз некалькі гадоў сямейнага жыцця купілі стары дом. Гаспадар сам яго даводзіў да ладу: мяняў вокны, дзверы, узводзіў гаспадарчыя пабудовы. А колькі радасці было, калі ў доме загаварыла радыё! У той час гэты тэхнічны цуд быў не ва ўсіх.

Марфа Сямёнаўна таксама выдатная майстрыха: раней ткала і вязала не толькі для ўсёй сям’і, але і на продаж. Пра яе залатыя рукі ведала ўся акруга, ад заказаў не было адбою. Нягледзячы на свой паважны ўзрост, яна вяжа і сёння, ахвотна дэманструе апошнія вырабы, прапануе падарыць… Усю работу ў доме і каля яго імкнецца рабіць сама, з задавальненнем садзіць агарод і займаецца яго праполкай. А яшчэ любіць чытаць газеты. У спецыяльны нататнік выпісвае ўпадабаныя вершы, якія друкуюцца на старонках СМІ, дэкламуе іх. Нават памятае верш на польскай мове, які шмат гадоў таму вывучыла ў школе.

У Марфы Сямёнаўны пяцёра ўнукаў і трое праўнукаў. Найбольш цесныя адносіны склаліся з сынам Віктарам, яго жонкай Таццянай і іх дзецьмі Аксанай і Аляксеем. Яны частыя госці ў бацькоўскай хаце.

— Я вельмі ўдзячна сыну і нявестцы за тое, што часта прыязджаюць да мяне, дапамагаюць па гаспадарцы, возяць у госці да сябе ў райцэнтр. Больш за тое, прапануюць пераехаць да іх на пастаяннае месца жыхарства. Але я адмаўляюся — не хачу з’язджаць з роднай вёскі, — кажа М. С. Ляўданская.

Пытаюся: «Што галоўнае ў жыцці?» Марфа Сямёнаўна лічыць, што гэта сям’я і добразычлівае стаўленне да ўсіх людзей. Ну што ж, жадаем, каб вас радавалі родныя, а ўсе астатнія адказвалі на вашу шчырасць узаемнасцю. І, безумоўна, дажыць да ста, а то і болей.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.