Дзелавая хватка, ласкавае сэрца


Сёлетні жнівень выдаўся надзвычай спякотным. Гарачая пара ўсталявалася не толькі на вуліцы, але і ў магазіне «Ладушки», дзе назіраецца наплыў пакупнікоў, — самы час рыхтавацца да школы. У тым, што многія аддаюць перавагу менавіта гэтай гандлёвай кропцы, няма нічога дзіўнага: яна з’яўляецца свайго роду дзіцячым супермаркетам, у якім можна набыць усё неабходнае.

На паліцах, вітрынах і стэлажах цесна ад адзення, абутку, канцылярскіх тавараў і цацак. Аснову асартыменту складаюць тавары вядомых беларускіх фірм, ёсць і балгарскай, польскай, турэцкай і расійскай вытворчасці. Узроставы дыяпазон — ад немаўлят да падлеткаў. Уладальніца «дзіцячага свету» — Алена Алегаўна Шульская. З дзіцячым асартыментам яна працуе ўжо 17 гадоў. Спачатку была свая палатка на рынку райспажыўтаварыства, затым ралет на «Гарызонце», а амаль чатыры гады таму адкрыла свой магазін па вуліцы Савецкай.

— У райбыткамбінаце, дзе я працавала швачкай да дэкрэтнага водпуску, адбылося значнае скарачэнне штату, так што стаць індывідуальным прадпрымальнікам прымусілі абставіны, — расказвала А. А. Шульская. — Адразу зразумела, што гэта маё, і пра свой выбар не шкадую. Люблю дзяцей, падабаецца назіраць за імі, бо кожны мае свой характар.

Працоўны дзень у Алены Алегаўны ненарміраваны. Бывае, што і ў шэсць раніцы тэлефануюць пастаўшчыкі і просяць тэрмінова прыняць тавар. Прыходзіцца чуць свет спяшацца ў магазін. Але, нягледзячы на гэта, яна сцвярджае, што працаваць у апошнія гады стала прасцей.

— Многіх прадпрымальнікаў турбуе тое, што ў абавязковым парадку трэба мець дакументы, якія пацвярджаюць адпаведнасць тавару. Не падзяляю гэтых хваляванняў, бо на дзіцячыя рэчы заўсёды патрабаваліся сертыфікаты, — гаворыць Алена Шульская. — Самае складанае — падабраць цікавыя і якасныя мадэлі, якія спадабаюцца людзям і будуць карыстацца попытам. Тут мне дапамагаюць навыкі, атрыманыя падчас працы ў райбыткамбінаце.

Дома жанчына таксама не сядзіць без справы. Нават адпачывае з пруткамі або кручком для вязання ў руках. А яшчэ любіць вырошчваць кветкі, кажа, гледзячы на іх,  заўсёды падымаецца настрой. Сваю энергічнасць тлумачыць тым, што з дзяцінства прывучана да працы. Гэту якасць заўсёды імкнулася прывіць і сваім дзецям. Іх у яе трое — ужо дарослыя дачка і сын і пяцігадовая дачушка Саша. Менавіта на гэтай пястушцы і засяроджана ўся ўвага сям’і. Але ў вялікім мацярынскім сэрцы ёсць месца і для іншых дзяцей. Алена Алегаўна на працягу пятнаццаці гадоў дапамагае дзецям з прытулку адчуць сваю значнасць, дорыць адчуванне свята і радасці. Падарункі ад яе штогод атрымліваюць і андронаўскія школьнікі. А апошнія тры гады А. А. Шульская актыўна супрацоўнічае яшчэ і з раённым камітэтам ГА «БРСМ». Сумесна яны дапамагаюць падрыхтавацца да школы дзецям з малазабяспечаных сем’яў.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.