Пастаўчане знялі фільм пра Уладзіміра Дубоўку

Культура

Жорны часу заўсёды працуюць спраўна, перамолваючы адно стагоддзе за другім. Шмат вады сплыло з 1900 года. Года, які быў азнаменаваны не толькі пачаткам шматпакутнага дваццатага стагоддзя, але і нараджэннем адной з самых яркіх зорак на небасхіле Пастаўшчыны — Уладзі­міра Мікалаевіча Дубоўкі, таленавітага паэта, празаіка, перакладчыка, крытыка. Жыццё гэтага чалавека ніколі не было лёгкім: яно было і апалена вайной, не раз трапляў Дубоўка і пад кола жорсткай рэпрэсійнай машыны. Але сваёй творчасцю і бязмежнай любоўю да Радзімы ён прынёс шмат карыснага беларусам, і не толькі ім, бо быў вядомы і далёка за межамі нашай краіны.

Пастаўчане памятаюць пра свайго славутага земляка, таму і ўшанавалі яго — назвалі дзіцячую бібліятэку ў цэнтры горада яго імем, каб не толькі дарослыя, але і дзеткі ведалі пра тое, якога цудоўнага і таленавітага чалавека ўзгадавала пастаўская зямля.

Сёлета споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі. Да гэтай даты Пастаўская раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны зняла невялічкі фільм, прысвечаны жыццю і творчасці майстра слова. Паказ фільма адбудзецца ў канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай 27 жніўня ў 17.30.

А пасля яго сябры Таварыства беларускай мовы прадставяць увазе пастаўчан спектакль па п’есе Наталлі Каравацкай і Марыны Табола “Як мужык жонку шукаў”. Дынамічны, напоўнены інтрыгай і нечаканымі паваротамі сюжэта, з дасціпнымі жартамі і харызматычнымі акцёрамі, ён будзе цікавы як дарослым, так і маленькім гледачам.

Таварыства беларускай мовы сардэчна запрашае пастаўчан на імпрэзу. Пачатак у 17.30. Уваход свабодны.

Надзея ДЗЯМІДКА, сябра Пастаўскай раённай арганізацыі

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.