Касілі косы сенакосы

Личности

 

8 жніўня паблізу вёскі Высокае Бярозаўскага раёна ў рамках экалагічнага фестывалю «Спораўскія сенажаці» адбыўся Х чэмпіянат Еўропы па ручной касьбе. Удзел у відовішчным і займальным мерапрыемстве, якое заклікана спрыяць адраджэнню і захаванню культурнай спадчыны нашых продкаў і прыносіць неацэнную карысць балотам, прынялі 29 каманд з розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку і з Пастаў, Польшчы і Германіі.

У тым, што месцам правядзення спаборніцтваў па касьбе стаў заказнік «Спораўскі», няма нічога дзіўнага. Менавіта тут за стагоддзі склаўся асаблівы комплекс нізінных балот, які лічыцца ўнікальным не толькі на Брэстчыне, але і ў Еўропе. Вялізныя балотныя плошчы ў гэтых месцах захаваліся ў першапачатковым выглядзе. Але з паўсюднай урбанізацыяй узнікла праблема: няма каму касіць травы. Эколагі забілі трывогу: з таго моманту, калі на балотах спынілася касьба, яны пачалі зарастаць хмызнякамі. А гэта вядзе да змены і гібелі ўнікальных экасістэм і прадстаўнікоў флоры і фаўны, многія з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Таму ў апошнія гады тут праводзіцца актыўная работа па вяртанні балотам іх ранейшага выгляду. Арганізавана механізаваная ўборка траў, але параўнацца з якасцю ручной касьбы яна ўсё роўна не можа.

Наш раён на спаборніцтвах прадстаўлялі адразу пяць каманд, у склад якіх увайшлі Мікалай Яльчык, Валерый Каліцкі, Наталля Сабчук, Ванда Купран, Леанард Сініца, Сцяпан Гігола, Тамас Шацекауры, Славамір Рымаш і Раман Іваноў. Кіраўнік дэлегацыі і спонсар паездкі — нязменны ідэйны натхняльнік і арганізатар чэмпіянату па касьбе ў Жылінскіх Пётр Паўлавіч Кароль, які нароўні з астатнімі прымаў удзел у хуткаснай касьбе.

Каб паўдзельнічаць у чэмпіянаце, прадстаўнікам нашага рэгіёна прыйшлося выехаць за дзень да спаборніцтваў і пераадолець 450 кіламетраў. Вядома, у параў­нанні з адлегласцю да Урала, адкуль нядаўна вярнуліся з аглушальным трыумфам некаторыя ўдзельнікі цяперашняй паездкі, гэта нішто, але ўсё ж …

— Наша двайная перамога на Урале выклікала сапраўдны ажыятаж у прадстаўнікоў прэсы. Мне вельмі прыемна, што ўвага грамадскасці скіроўваецца да паважлівага стаўлення да традыцый продкаў, разумення таго, што зямлі патрэбен гаспадар, разам з тым такая пільная ўвага нават трохі стаміла, — прызнаўся П. П. Кароль. — Практычна ўсе журналісты не толькі збіралі інфармацыю для публікацый, але і прасілі навучыць спраўляцца з вясковым інструментам. У майстар-класе нікому не было адмоўлена. Шкада, што пакуль не ўдалося навучыць майстэрству валодання касой карэспандэнтаў нашай любімай газеты — «Пастаўскага краю».

Думаю, што для шкадавання прычын няма: у наступным годзе, калі чэмпіянат у Жылінскіх выйдзе на такі ж прадстаўнічы ўзровень (а для гэтага ёсць усе перадумовы), калектыў раёнкі паспаборнічае з іншымі ўдзельнікамі ў спрыце і майстэрстве. Тым больш што павучыцца ёсць у каго.

Горад Белаазёрск, дзе нас пасялілі на час правядзення спаборніцтваў, уразіў прыгажосцю і дагледжанасцю. Сваёй архітэктурнай забудовай і арганізацыяй зялёных зон ён падобны на Мінск і Салігорск адначасова. Гэта адзін з самых маладых і шматнацыянальных гарадоў Беларусі, яго будаўніцтва праходзіла ў рамках ўсесаюзнай моладзевай будоўлі. Сёлета населенаму пункту споўніцца 60 гадоў. Колькасць жыхароў горада энергетыкаў (так называюць Белаазёрск з-за горадаўтваральнага прадпрыемства — цеплавой электрастанцыі) складае 12 тысяч чалавек.

Пасля знаёмства з горадам і кароткага адпачынку каманда ў поўным складзе адправілася ў вёску Высокае — агледзецца на мясцовасці і ў нефармальнай абстаноўцы пазнаёміцца з іншымі ўдзельнікамі чэмпіянату. Такія сустрэчы дораць не толькі радасць зносін, але і дазваляюць наладзіць кантакты з аднадумцамі.

Раніца наступнага дня пачалася з рэгістрацыі ўдзельнікаў, жараб’ёўкі і ўрачыстага адкрыцця экалагічнага фестывалю «Спораўскія сенажаці». З прывітальным словам да прысутных звярнуліся старшыня Бярозаўскага райвыканкама Юрый Наркевіч, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Каўхута і прадстаўнік Еўрасаюза ў Беларусі Алена Ракава. Яны пажадалі ўсім удзельнікам поспеху і адзначылі, што заказнік «Спораўскі» стаў сапраўдным цэнтрам экалагічнай асветы, пляцоўкай для рэалі­зацыі новых праектаў прыродаахоўнай дзейнасці.

Перш чым зазвінелі косы, галоўны суддзя спаборніцтваў пазнаёміў з умовамі конкурсу. Для перамогі ў камандным заліку касцоў у складзе двух удзельнікаў трэба было як мага хутчэй і якасней скасіць паласу шырынёй тры метры і даўжынёй — сто. Затым, каб вызначыць пераможцу ў асабістым заліку, дзесяці лепшым касцам неабходна было прайсці такую ж дыстанцыю, але ўжо з шырынёй пракоса паўтара метра.

Удзел у спаборніцтвах прадугледжвае надзею на перамогу. Аднак касцы з германскага горада Грайфсвальд Вэндэлін Віхтман і Андрэас Хаберл (абодва — навукоўцы-эколагі) прытрымліваюцца іншага меркавання:

— Першы раз у беларускім чэмпіянаце мы ўдзельнічалі тры гады таму. Уразіла, як вырас конкурс за гэты час. Хоць мы і ведалі, што вашы касцы сапраўдныя прафесіяналы і перамагчы іх немагчыма, усё роўна вырашылі паўдзельнічаць у займальным марафоне. Для нас перамога ўжо тое, што здолелі прайсці да канца дарожкі.

Як і на Урале, да выступлення нашых касцоў была прыкавана пільная ўвага заўзятараў і прэсы. І не дзіўна: нельга было не заўважыць шматлікай з’яднанай каманды, якая, да таго ж, дэманстравала хуткую і якасную касьбу. Многіх уразіла тое, як спраўляліся з традыцыйным інструментам для мужчын нашы жанчыны. Па выніках каманднага заліку пастаўчане Мікалай Яльчык і Сцяпан Гігола, якія паказалі найлепшы вынік, былі адабраны для праходжання чарговай стометроўкі. Паказаць сябе ў сялянскай справе маглі і ганаровыя госці экалагічнага фестывалю. Дыстанцыя, якую ім патрабавалася прайсці, была значна меншай — усяго 30 метраў.

Нарэшце пасля некалькіх гадзін знясільваючай барацьбы сталі вядомы пераможцы. У камандных спаборніцтвах дуэт Мікалая Яльчыка і Валерыя Каліцкага заняў другое месца, саступіўшы перамогу мясцовай камандзе «Картузіяне». У асабістым заліку М. М. Яльчык падняўся на трэцюю прыступку п’едэстала. Усе пераможцы ў камандным заліку атрымалі веласіпеды, у асабістым — лодкі. Астатнія ўдзельнікі таксама ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі.

— У гэтым чэмпіянаце прымаю ўдзел другі раз, так што ў мяне была магчымасць асэнсаваць леташнія памылкі, папрацаваць над іх ухіленнем, ацаніць сваю фізічную падрыхтоўку. Сваім вынікам задаволены. У параўнанні з мінулым годам палепшыў час праходжання дыстанцыі як у камандным, так і ў асабістым заліку, — падзяліўся ўражаннямі М. М. Яльчык.

У рамках фестывалю таксама праходзіў II адкрыты чэмпіянат Беларусі па футболе на балоце, удзел у якім прынялі шэсць каманд. Акрамя гэтага, усе жадаючыя маглі прайсціся па экалагічнай выбрукаванай па балоце сцежцы, убачыць жывёл і птушак са спецыяльна абсталяванай назіральнай вышкі. Быў арганізаваны выязны гандаль, працавала інтэрактыўная дзіцячая пляцоўка. Тут жа праходзіла выстава-продаж сувеніраў і вырабаў рамеснікаў.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.