“Мая стыхія — кветкі”


Прыгажосць Марыя Бевідэне любіла заўсёды. Вось толькі на яе стварэнне не заўсёды хапала часу. Рана выйшла замуж і паехала за мужам у Літву. Там нарадзіліся двое дзетак, якія патрабавалі шмат увагі і клопату. Жылі на здымнай кватэры і вось-вось павінны былі атрымаць уласную, ды наступілі гады перабудовы. Тыя падзеі прымусілі памяняць не толькі прывычны ўклад жыцця, але і месца жыхарства.

— Мы абое нарадзіліся ў Лынтупах, — расказвала Марыя Іванаўна. — З Толем разам хадзілі ў першы і другі клас. Затым яго сям’я паехала ў Швенчаняляй, а я засталася дома. Пасля васьмі класаў паступіла ў Віцебскі тэхналагічны тэхнікум, атрымала спецыяльнасць закройшчыка. Уладкавалася ў Лынтупскі Дом быту. Сувязь з Анатолем не парывалася. Ён прыязджаў да сваёй бабулі на выхадныя, разам праводзілі канікулы і ў хуткім часе пажаніліся. З таго часу мінула 40 гадоў.

Вярнуўшыся ў Лынтупы, хутка атрымаць уласнае жыллё не атрымалася. У яго пошуках трапілі ў Рубеж. Радаваліся звычайнай вясковай хаце, у якой сталі гаспадарамі. А як працавалі! Дзяцей падымалі на ногі, вучылі, а час быў няпросты. Таму трымалі вялікую гаспадарку. На ферме Марыя была лідарам, атрымлівала самыя высокія надоі. А  вярталася дадому — бралася за сваіх кароў, свіней, курэй. Калі ў Камаях пабудавалі новы комплекс, ёй як адной з лепшых даярак гаспадаркі прапанавалі перайсці туды. Сям’і прадаставілі і новы дом. Вось тут гаспадыня і занялася кветкамі.

— Дзеці ўжо самастойныя, маюць свае сем’і і жывуць асобна, — расказвала. — А мы з мужам удваіх. Гаспадарку збылі, бо маю праблемы са спінай. Дзеці просяць шанаваць здароўе. Я ж прывыкла пра кагосьці пастаянна клапаціцца, камусьці сябе аддаваць. Без справы не магу. Люблю шыць, вязаць. Але з гадамі стамляюцца вочы. Цяпер  мая стыхія — кветкі. Ад іх атрымліваю задавальненне і спакой. Найбольш люблю петуніі, іх маю каля 25 сартоў. Асалоду атрымліваю ўжо тады, калі высяваю расаду. У мяне вясна пачынаецца яшчэ ў студзені. А як чакаю першай кветачкі, радуюся яе прыгажосці!

Марыя Іванаўна выпісвае шмат часопісаў. Убачыць, прачытае пра якую рэдкую расліну — і шукае, каб набыць сабе. Так было з юкай. Дачка з экскурсіі па Польшчы прывезла фотаздымкі прыгожых дворыкаў. А там гэтыя незвычайныя кветкі. Стала марыць пра такія ў сябе. І дачка выпадкова ў адным з віцебскіх магазінаў убачыла і прывезла ў падарунак. Чатыры гады чакалі, пакуль зацвіце, і вось ужо два гады любуюцца прыгажосцю.

— А як хацелася бругмансіі, якую ўбачыла на здымку ў часопісе! — працягвала Марыя. — Цяпер гэта сапраўднае дрэва. На зіму яго выкопваем і ўносім у дом, вясной зноў высаджваем на клумбу. Цяпер рашчу ружовую гартэнзію. Яна пакуль зусім маленькая, але, спа­дзяюся, разрасцецца ў вялікі куст. Набірае моцы сартавы бэз. А лілей цвіце больш за 30 відаў. Не налюбавацца ружамі. Праўда, у адну зіму іх шмат вымерзла. Найлепш адчуваюць сябе ружы беларускіх сартоў — яны раяніраваныя і ўстойлівыя да любых кліматычных умоў. Кветкамі дзялюся з дачкой і нявесткай. Вясной загрузілі ў багажнік машыны петуніі ў гаршчочках і адвезлі на Гро­дзеншчыну, дзе з сям’ёй жыве сын Алёша. Абмянялася сартамі з дачкой Оляй, якая тут жа, у Камаях. Сын з дачкой на розныя святы дораць мне ўсё новыя віды кветак.

І сапраўды, якіх толькі кветак няма на клумбах! Зялёным дываном сцелецца  ясколка, фіялетавымі ліхтарыкамі на якім зіхацяць лабеліі, у гаршчочках раскашуюць бягоніі, прыствольныя кругі маладых дрэўцаў яблынь і сліў абрамляюць стракатыя аксаміткі, рознакаляровыя петуніі ўпрыгожваюць панадворак, ганак, летні столік. Усё гэта кветкавае каралеўства патрабуе догляду. Асабліва сёлетнім засушлівым летам.

Марыя Іванаўна расказвала пра сваё захапленне, і яе вочы свяціліся асаблівым бляскам, бо кветкі — гэта яе любоў. Вырошчвае іх для задавальнення і гармоніі, душэўнай раўнавагі і супакаення.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.