На лінейку станавіся!

Образование

Хутка ў школах краіны празвініць першы званок, які абвесціць аб пачатку новага навучальнага года. Для хлопчыкаў і дзяўчынак пачнецца доўгае, амаль 300-дзённае падарожжа ў краіну ведаў. Наколькі яны гатовы да яго? Ці маюць усё неабходнае для вучобы? Гэта карэспандэнт “ПК” высвятляла ў пастаўскіх магазінах, якія гандлююць таварамі для школы, а таксама на базарах.

Прызнацца, зазірнуўшы на мінулым тыдні ва ўнівермаг, была здзіўлена адсутнасцю бацькоў з дзецьмі, якія цікавіліся б школьнай формай.

— Пакуль пакупнікоў у нас вельмі мала, не параўнаць з тым, што было гэтай жа парой у мінулыя гады, — гаварыла прадавец аддзела гатовага адзення Ж. Н. Пяткевіч. — Прыходзяць у асноўным паглядзець, што ёсць у наяўнасці і колькі каштуе. Лепш ідзе гандаль у выхадныя дні, калі ў магазіне скідкі. Тады і людзей больш, і купляюць часцей. Усё ж каштуе школьная форма нятанна, і не ў кожнага з бацькоў ёсць дастаткова грошай, асабліва калі ў сям’і двое-трое школьнікаў.

Аналагічным чынам абстаяць справы ў “Культтаварах”. Па словах прадаўцоў, калі летась каля прылаўка нярэдка ўтвараліся чэргі, дык сёлета такога няма. Пакупнікоў нямнога, пры тым што асартымент канцтавараў вельмі шырокі і ў параўнанні з мінулым годам яны падаражэлі зусім нязначна. На рукзакі наогул засталіся леташнія цэны. Дарэчы, іх актыўней куплялі ў ліпені.

Не так шмат школьнікаў убачыла ў мінулыя сераду і нядзелю на рынку райспажыўтаварыства. У некаторых палатках мамы з дзецьмі выбіралі абутак. А найбольш ажыўлена было каля прылаўкаў з канцылярскімі таварамі і школьна-пісьмовымі прыладамі. Там разгаварылася з Наталляй Васільеўнай Цыбулёнак. Яна завітала на рынак з дочкамі Святланай, якая пойдзе ў 11 клас, і першакласні­цай Палінай.

— Збірацца ў школу мы пачалі загадзя і ўжо практычна гатовы да вучобы. Засталося купіць вокладкі для кніг і сшыткаў, спартыўны абутак для старэйшай дачкі, малодшай — рознай драбязы, — падзялілася жанчына.

Не пуставаў таксама школьны базар, які з сярэдзіны ліпеня разгарнуўся перад універмагам. Хоць наплыву пакупнікоў у ім, як і ў іншых гандлёвых кропках, не было. Як расказала адказная за арга­нізацыю базару Н. Л. Вялічка, людзі прыглядваюцца, прыцэньваюцца, цікавяцца, ці ёсць скідкі. Дарэчы, яны тут дзейнічаюць з самага пачатку адкрыцця, прычым абсалютна на ўсё: школьную і спартыўную форму, абутак, нацельную бялізну, рукзакі, школьна-пісьмовыя прылады і канцтавары. Асартымент пералічанага неблагі, ёсць з чаго выбраць. Да таго ж прадаўцы большасць тавару дазваляюць узяць дамоў, каб спакойна прымераць, ацаніць будучую пакупку. Што не падышло, можна вярнуць або абмяняць.

Сярод наведвальнікаў сустрэла не толькі пастаўчан, але і жыхароў іншых раёнаў і нават гасцей з замежжа. Так, Жанна Станіславаўна і Дзмітрый Пятровіч Амельяновіч з дочкамі Палінай і Аляксандрай прыехалі з Мядзела.

— Гатоўнасць да школы ў нас працэнтаў на пяцьдзясят, — сказала Жанна Станіславаўна. — Трэба яшчэ купіць дзяўчынкам сарафаны, блузкі, таго-сяго іншага. Чаму шукаем усё гэта ў Паставах? Тут большы выбар, нядрэнны асартымент. Увогуле, у вашым горадзе бываем часта, бо падабаецца тут апранацца, і цэны нас задавальняюць.

Таццяна Анатольеўна і Андрэй Напалеонавіч Небрыжыдоўскія жывуць у Смаленску. У Паставах адпачываюць у родных. На базары яны прымяралі туфлі ўнучцы Алісе, якая пойдзе ў першы клас.

— Бацькі Алісу ў школу ўжо сабралі, — расказвалі яны. — Але мы са свайго боку таксама хочам прыняць удзел і зрабіць дзіцяці падарункі да 1 верасня. Толькі што купілі блузку, цяпер выбіраем туфлі. Хоць адзенне і абутак ў Расіі зараз каштуюць танней, чым у вас, спадзяёмся на беларускую якасць.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.