Насціна песня пра “Дзявятачку”


Вам знаёмая прыгажуня на гэтым фота­здымку? Жыхары ву­ліц, што прылягаюць да магазіна “Дзявятачка” ў райцэнтры, адкажуць на гэта пытанне станоўча, бо Анастасія Савельева працуе тут прадаўцом. Многія з іх на мінулым тыдні ішлі ў краму… з кветкамі, каб уручыць іх Насці. А раскошны букет, што ў яе руках, — ад праўлення райспажыўтаварыства.

Нагода для такіх знакаў увагі важкая — Анастасія заняла першае месца ў абласным конкурсе прадаўцоў сістэмы спажыўкааперацыі, які праходзіў у Гарадку і ў якім удзельнічала 21 прадстаўніца.

— Вельмі хвалявалася, — прызнаецца дзяўчына. — Рыхтавалася сур’ёзна, перачытала ўсе свае канспекты. Калі выйшла на сцэну, хваляванне дасягнула апагея. Але журы так добразычліва ўсміхалася мне, што я сабралася і ўпэўнена паказала сваё хатняе заданне — візітную картачку.

А ў ёй была песня пра “Дзявятачку”. Старшыня прафкама райспажыўтаварыства Людміла Мікалаеўна Касцюкова напісала словы. Тэкст паклалі на мелодыю папулярнай песні Валерыя Сюткіна «Любите, девушки». І ў Насціным выкананні загучала: “Моя профессия мне очень нравится, я продавец крутой без лишних слов. Трудитесь, девушки, в потребкооперации и отдавайте ей свою любовь… ”

Яна і сапраўды любіць сваю прафесію. Год таму закончыла Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж і атрымала дзве спецыяльнасці: “Тавара­знаўца прадуктовых і непрадуктовых тавараў” і “Прадавец чацвёртага разраду”. Працоўную біяграфію пачала прадаўцом у Варапаеве, затым — у Дунілавічах, а з пачатку сёлетняга года перайшла ў “Дзявятачку”.

— Добрасумленная, працавітая, ведае сваю работу, мае падыход да пакупні­коў. Я вельмі задаволена Насцяй, — хваліла маладога прадаўца загадчыца магазіна Тамара Аляксандраўна Крыніцкая.

А Насця ў сваю чаргу ўдзячная загадчыцы, падтрымку якой адчувае заўсёды і з якой ёй вельмі камфортна і на­дзейна працаваць.

Але вернемся да конкурсу. Насця праявіла сябе не толькі ў “Візітцы”, але і на наступных трох этапах: рэкламе тавару (тут яна адзіная з усіх канкурсантак атрымала пяць балаў), тэстах, якія ўключалі дзесяць пытанняў па абароне правоў спажыўцоў, выкладцы тавараў.

— А выглядала я як сцюардэса, — гарэзліва іскрацца вочы Насці. — Вялікі дзякуй кіраўніцтву райспажыўтаварыства, а таксама асабісты — Людміле Мікалаеўне Касцюковай і Наталлі Леанідаўне Артамонавай. Без такой каласальнай падтрымкі я наўрад ці дабілася б перамогі.

Як пераможца Анастасія Савельева атрымала адпаведны дыплом і мікра­хвалевую печ ад арганізатараў конкурсу. Павіншавала і праўленне райспажыўтаварыства, з чацвёртага на пяты павышаны яе рабочы разрад.

Не варта скідваць з рахунку і тое, што Насця з дзяцінства на ты са сцэнай. Са школьных гадоў удзельнічае ў мастацкай сама­дзейнасці. Хораша спявае і танцуе. У сваім родным Варапаеве была і салісткай, і вядучай канцэртаў, пераўвасаблялася ў Снягурку, Купалінку, выходзіла ў лік прызёраў “Пастаўскіх зорак”.

— Я вельмі ўдзячная маме і айчыму, што заўважылі мае здольнасці і спрыялі іх развіццю, — гаварыла дзяўчына.

Насця не толькі таленавіты, але і мэтанакіраваны чалавек. У яе бліжэйшых планах — атрымаць яшчэ адну спецыяльнасць — бухгалтара на завочным аддзяленні Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа, а затым абавязкова прадоўжыць вучобу ва ўніверсітэце. Ну і, зразумела, зрабіць кар’еру. А самая блізкая мара — выйсці ў лік прызёраў у рэспубліканскім конкурсе прадаўцоў, на якім яна будзе прадстаўляць Віцебскую вобласць.

Ні пуху, ні пер’я, Насця! Мы будзем балець за цябе.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Пятра

КУРЫЛОВІЧА.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.