“НиВит” наведала Паставы


Наш раённы цэнтр наведалі прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “НиВит” г. Нінбурга (Германія). З першым намеснікам кіраўніка гэтай арганізацыі доктарам Барбарай Брандэс і членам праўлення Гердам-Юргенам Гросам, а таксама дырэктарам Віцебскага бюро міжнароднага маладзёжнага турызму “Спутник” Сяргеем Галузам, які іх суправаджаў, сустрэўся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Кісялёў.

У наступным годзе споўніцца чвэрць стагоддзя, як гарадскія ўлады Віцебска і Нінбурга падпісалі дагавор аб усталяванні партнёрскіх сувязяў. За гэты час дзелавыя адносіны склаліся паміж многімі прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі. Асабліва насычаны і плённы культурны абмен. У чэрвені мінулага года ў яго рамках  на свята адкрыцця новага тэатральнага сезона ў Нінбург быў запрошаны заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбаль “Паазер’е” выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Для знакамітага творчага калектыву  насычанымі і цікавымі былі ўсе дзесяць дзён, якія яны правялі на германскай зямлі. Развітваючыся, “паазерцы” выказалі надзею, што наступная сустрэча з арганізатарамі візіту ў Нінбург абавязкова павінна адбыцца ў Паставах. І яна адбылася.

Нядаўна ў старажытным Полацку завяршыла сваю работу летняя школа мастацтваў, у якой займалася 26 юных аматараў пэндзля з Беларусі і германскага Нінбурга. На падвя­дзенні вынікаў творчай сустрэчы маладых мастакоў прысутнічалі вышэйназваныя прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “НиВит”. На развітанне яны выказалі жаданне пабываць у Паставах.

Госці захоплена расказвалі пра выступленні “паазерцаў” на самых розных мерапрыемствах і ў самых розных месцах іх горада. Усюды пасланцоў Віцебшчыны сустракалі шчыра і цёпла, з задавальненнем слухалі народную музыку і песні, беларускія цымбалы і гармонік. Барбара Брандэс адзначыла, што першае знаёмства з вядомым калектывам з Пастаў можа пакласці пачатак новым культурным сувязям.

Гэту думку падтрымаў і Юрый Кісялёў. Ён расказаў аб Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які праводзіцца ў Паставах. Амаль за два дзесяцігоддзі на ім выступілі самадзейныя і прафесійныя калектывы з розных краін. На чарговы будуць запрошаны і музыкі з Нінбурга.

Юрый Мікалаевіч расказаў таксама пра сяброўскія сувязі, якія на працягу многіх гадоў існуюць паміж педагогамі і вучнямі Варапаеўскай СШ і школай г. Херцагенаўрах у Баварыі. Ён уручыў Барбары Брандэс сувенір, фотаальбомы і буклеты пра Паставы і фестываль народнай музыкі. Затым для гасцей з Германіі была арганізавана эксурсія па горадзе. Вельмі кранальнай і сардэчнай атрымалася сустрэча з удзельнікамі і кіраўніком ансамбля “Паазер’е” Анатолем Собалем, якая прайшла ў дзіцячай школе мастацтваў.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 

Падчас сустрэчы ў раённым выканаўчым камітэце: (злева направа) Анатолій Собаль, Герд-Юрген Грос, Юрый Кісялёў, Барбара Брандэс, Сяргей Галуза.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.