Пад шатамі сосен, на зыходзе лета. Як адзначалі свята 6-га гарадка (+фота)

Культура

16 жніўня да позняга вечара ў шостым гарадку гучалі музыка, песні, вясёлыя галасы. Там прайшло традыцыйнае свята мікрараёна, якое сабрала, здаецца, усіх яго жыхароў, а таксама нямала гасцей з іншых куткоў горада. Гэтаму садзейнічала цудоўнае — цёплае і сонечнае — надвор’е.

Пачалося свята раніцай са спартыўных баталій, якія адкрылі шахматысты. Больш за два дзясяткі аматараў гэтай гульні рознага ўзросту — ад школьнікаў да пенсіянераў — селі ў засені сосен за сталы, каб у чарговы раз вызначыць наймацнейшых. Затым эстафету перанялі тэнісісты і більярдзісты. Іх аказалася не так шмат — 8 і 6 удзельнікаў адпаведна. Прычым першыя гулялі па алімпійскай сістэме — праводзілі спачатку чвэрцьфінал, затым паўфінал і фінал. Апошнімі ўступілі ў барацьбу валейбалісты, якія змагаліся за перамогу на пляжы возера За­дзеўскае. Прыняць удзел у спаборніцтвах маглі ўсе жадаючыя. У выніку было заяўлена ажно 12 каманд.

Адначасова для маленькіх жыхароў мікрараёна каля мала­дзёжнага цэнтра “Юнацтва” ла­дзілася тэатралізаваная забаўляльная праграма з казачнымі персанажамі, конкурсамі і прызамі, падрыхтаваная педагогамі і выхаванцамі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Там жа разгарнулася выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў дзіцячага аб’яднання “Саламяныя фантазіі”.

Ну, а вечарам дзеці і дарослыя сабраліся разам у сасонніку на святочную праграму. Ад імя раённай улады іх вітаў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. Ён заўважыў, што шосты гарадок невыпадкова называюць мікрараёнам вуліцы Зялёнай. Гэта самы зялёны куточак горада, які абрамляе сапраўдная жамчужына — возера За­дзеўскае. Асаблівасць гарадка і ў тым, што тут жывуць таленавітыя, разумныя, творчыя і ініцыятыўныя людзі, ветэраны працы і Узброеных Сіл, паважаюць і захоўваюць традыцыі вайскоўцаў.

— У мікрараёне шмат сацыяльных устаноў, а ў будучым ён папоўніцца новымі сацыяльнымі і прамысловымі аб’ектамі. Зараз будуецца 60-кватэрны дом. А значыць, з’явяцца маладыя сем’і і дзеці. Для іх будзе ўзведзены дзіцячы садок, — паабяцаў Юрый Мікалаевіч і пажадаў прысутным шчасця, здароўя, сямейнага дабрабыту і цудоўнага настрою.

Як ужо гаварылася вышэй, раней гарадок быў ваенным. Яго гісторыя пачалася больш за шэсць дзесяцігоддзяў назад, у 1953 годзе, калі ў Паставы прыехаў 44-ы будаўнічы батальён, каб узвесці першыя дамы для вайскоўцаў авіяцыйнага палка, які базіраваўся побач з горадам. Прайшоў час, і мікрараён стаў цывільным. Але тут засталося нямала сем’яў ваеннаслужачых, жывуць іх дзеці. Многія з іх, як і бацькі, звязалі сваё жыццё з Узброенымі Сіламі, ахоўваюць паветраную граніцу Рэспублікі Беларусь у радах першага радыётэхнічнага цэнтра, які быў утвораны 1 лістапада 1996 года і таксама размяшчаецца ў гарадку. Адзін з такіх — камандзір цэнтра падпалкоўнік А. М. Дубовік. Яму было дадзена слова.

Павіншаваўшы ўсіх з Днём ваенна-паветраных сіл, які адзначаўся якраз 16 жніўня, Аляксей Міхайлавіч адзначыў, што ў давераным яму падраздзяленні служаць хлопцы не толькі з Пастаў, але і з іншых гарадоў і абласцей Беларусі. Многія збіраюцца тут застацца на звыштэрміновую службу.

Пра мінулае гарадка шмат можа расказаць і яго старажыл, жонка ваеннаслужачага Ніна Фёдараўна Вінаходава, якая пражывае ў Паставах з 1967 года і сёлета адзначыць сваё 90-годдзе. Разам з іншымі старажыламі — Нінай Аляксандраўнай Гецьман, Яўгеніяй Іванаўнай Жыльцовай, Антанінай Грыгор’еўнай Марцінай і Верай Міхайлаўнай Шаўранскай — яна была запрошана да сцэны, дзе жанчынам уручыла падарункі дырэктар Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Д. І. Пякарская. Дзіяна Іванаўна таксама паведаміла, што ў кастрычніку ТЦСАН плануе адкрыць у Паставах новае аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей з комплексам аздараўленчых, адукацыйных і іншых паслуг.

Традыцыйна былі ўшанаваны і самыя юныя жыхары мікрараёна (яны разам з бацькамі ўдзельнічалі ў парадзе маляўніча аформленых дзіцячых калясак), шматдзетныя сем’і Ганны і Андрэя Жук, Алены і Віктара Цалко, што выхоўваюць адпаведна пецярых і чацвярых дзяцей, маладажоны Вікторыя і Яўгеній Сварцэвіч, якія пазнаёміліся роўна год назад — 15 жніўня 2014-га, а ў гэты ж дзень сёлета заключылі шлюб, сем’і-юбіляры Святланы Аляксандраўны і Алега Паўлавіча Гіль, Ніны Мікалаеўны і Уладзіміра Іванавіча Стубайла, пражыўшыя ў шлюбе 30 і 45 гадоў. Яны расказалі пра свае захапленні і спартыўныя дасягненні, падзялі­ліся сакрэтамі сямейнага шчасця і планамі на будучае.

Нямала юбіляраў знайшлося і сярод работнікаў арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі гарадка, пра якія ішла размова на свяце. Так, напрыклад, 17 жніўня залаты юбілей адсвяткавала Вольга Яўстаф’еўна Розынка, якая працуе ў першым гарадскім аддзяленні паштовай сувязі. 40 гадоў сумеснага жыцця з мужам сёлета адзначае ветэран педагагічнай працы СШ №3 Любоў Міхайлаўна Смірнова, а самой школе спаўняецца 60 гадоў. Усе, каго ў той дзень запрашалі на сцэну, атрымалі кветкі і падарункі. А музычныя віншаванні ім і іншым прысутным адрасавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.

Таксама на свяце былі падве­дзены вынікі спаборніцтваў па шахматах, настольным тэнісе, більярдзе і пляжным валейболе і ўзнагароджаны пераможцы, адзначаны лепшыя клумбы і тэрыторыі ля дамоў, жыхары якіх шмат робяць для таго, каб мікрараён з кожным годам прыгажэў і добра­ўпарадкоўваўся, прайшла выстава хатніх жывёл. Сваё майстэрства гараджанам прадэманстравалі міліцыянеры-кінолагі са службовым сабакам Пастаўскага ад­дзялення Дэпартамента аховы і работнікі раённага ад­дзела па надзвычайных сітуацыях. Увесь вечар працавалі выязны гандаль і выставы-продажы. Ваеннаслужачыя ў імправізаванай палявой кухні частавалі жадаючых чаем і салдацкай кашай. А завяршылася свята канцэртам народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус”.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.