Пакуль цепліцца ў Рабеках жыццё


Старэйшына П. А. Шурпік з жонкай Лукер’яй Мілецьеўнай.

У Рабеках бываю часта, таму што гэта вёска маіх таты і бабулі. Яна мяне вабіць улетку, увосень і нават у зімовую сцюжу. А як жа тут прыгожа ўвесну, калі ўсё навокал ажывае!

Старажылы памятаюць час, калі Рабекі былі вялікімі і густанаселенымі. Калгасы на тутэйшых землях утварыліся ў пачатку 50-ых. Працай у гаспадарцы займаліся ўсе — а людзі жылі больш чым у пяцідзесяці дамах. Касіць, зграбаць сена, напрыклад, выходзілі дружнай грамадой — і дарослыя, і падлеткі. За вёскай была стайня, і многім дзяўчатам дазвалялася запрагаць коней, вазіць торф, гной. Працавалі ў кароўніку і цялятніку, у паляводстве. Асобны аповед пачула пра тое, як вырошчвалі лён. Участак з усходамі дзялілі на дзялкі, якія праполвалі. Потым лён ірвалі, сушылі, малацілі, слалі і пасля вылежкі падымалі, вязалі ў снапы, мялі, здавалі на перапрацоўку. Вяскоўцы ўспаміналі, як на працадні атрымлівалі алей, цукар. У сярэдзіне 60-ых за працу пачалі плаціць грашыма. Кожная сям’я, якая мела ў гаспадарцы карову, здавала малако, за якое таксама плацілі, праўда, малавата. За доўгі час памянялася многа старшынь, і кожны ўнёс пэўны ўклад у гісторыю і жыццё Рабек.

Выступленне самадзейных артыстаў.
Былы паштальён Н. С. Павініч.

Царквы не было, але людзі збіраліся ў хаце Алега Максімавіча і Наталлі Сяргееўны Павініч і малілі­ся. У вясковым клубе ла­дзіліся танцы, выступленні мясцовых артыстаў. Яны ездзілі таксама і ў іншыя населеныя пункты, аднаго разу нават на Нарач на ўрачыстасці з нагоды адкрыцця помніка воінам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны.

У школу дзеці хадзілі спачатку ў Валожына, а потым з’явілася свая пачатковая. Хлопчыкі насілі касцюмы, якія ў асноўным шылі, бо купіць у магазіне было цяжка. Дзяўчынкі — карычневыя сукенкі і чорныя або белыя фартушкі. У 5-ы і наступныя класы хадзілі ў Цёплаўскую школу.

Вяскоўцы былі здатныя да ўсяго. Колькі сярод іх было сапраўдных майстроў! Жанчыны пралі, шылі, вязалі, вышывалі. Бабулі прыгадвалі, як збіраліся ў адной з вясковых хат: там не толькі пралі, але і абмяркоўвалі ўсе пытанні вясковага жыцця. Дзесьці ў сярэдзіне вёскі жыў шавец — бацька Віктара Карнея. Казалі, што ён шыў добрыя боты. Моладзь цікава праводзіла вольны час — і пра гэта мне распавяла Лукер’я Мілецьеўна Шурпік. Хлопцы і дзяўчаты збіраліся разам, спявалі, танцавалі, ладзілі гульні і “Цярэшку жанілі”. І сёння памятаюць, як у полі адзначалі дажынкі, а таксама Купалле. З усіх абрадаў і традыцый, па словах Лукер’і Мілецьеўны, захавалася толькі тое, што звязана з Вялікаднем, Калядамі.

Пра дзень сённяшні гаварыў старэйшына Пётр Арсенцьевіч Шурпік: “Жыццё ў вёсцы пакуль што цепліцца. Добра, што ёсць святло і ліхтары на слупах, кало­дзежы. Два разы на ты­дзень прыязджае аўтамагазін. Весялей бы зажылі Рабекі, калі б у пустуючыя дамы засяліліся людзі”.

“Каб вёска квітнела, трэба моладзі сюды ехаць, — упэўнены Фаіна Валер’еўна Карней і Зінаіда Лявонаўна Жаўнярук. — А так што: купілі хату пад дачу, прыехалі на дзень-два і назад у горад. Тут трэба жыць пастаянна”.

Адзін з вясковых дамоў.

Самыя старэйшыя жыхаркі Рабек Марыя Беня­дзіктаўна Лапушынская і Ефрасіння Бенядзіктаўна Шорац сказалі наступнае: “Гісторыя захоўвае звесткі, што тут некалі былі адны карчы. А потым прыехаў з Чарэмушнікаў Дзіковіч, пабудаваў сабе хату. Пасля і іншыя людзі так зрабілі — вось і ўзнікла рабецкая вёска. Цяпер яе і вёскай цяжка назваць. Між тым дарога ў нас добрая, асфальт пакладзены. А мы ж памятаем, што было раней: балота — ні прайсці ні праехаць”.

Але завяршыць свой допіс хачу на аптымістычнай ноце. Шаноўныя землякі, пакуль цепліцца ў вёсцы жыццё, не дапусцім, каб яна знікла з карты раёна! Калі не верыце, што гэта сапраўды цудоўны куточак прыроды, прыедзьце і паназірайце за ўсходам і захадам сонца, за бусламі, што кружаць над хатамі. А якія тут шчырыя і працавітыя людзі!

Вера ЖАЎНЯРУК, вучаніца СШ №4.

Фота аўтара і з архіваў вяскоўцаў.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.